Гісторыі

Беларускія шпіёны ў Польшчы – хто яны? Пяць вядомых справаў

Затрыманне меркаванай беларускай шпіёнкі
Затрыманне меркаванай беларускай шпіёнкі. Варшава, Польшча. 20 снежня 2023 года. Фота: Abw.gov.pl
podpis źródła zdjęcia

Грамадзянаў Беларусі нярэдка затрымліваюць у Польшчы паводле падазрэння ў шпіянажы. «Белсат» сабраў вядомыя выпадкі.

Мантас Даніелюс у судзе. Фота: Delfi Литва / Telegram

Шмат чулі пра пагрозу бяспецы Літвы ад беларусаў, а асудзілі літоўца – Кавалеўскі пра прысуд шпіёну КДБ

навіны

Беларускія спецслужбы, падобна, дзейнічаюць не толькі ў Польшчы. Так, у Літве супраць беларусаў рэгулярна чыняць правакацыі, ды правакатары часам робяць неўласцівыя літоўцам памылкі ў надпісах па-літоўску. З Літвы масава выганяюць беларусаў, у якіх бачаць «пагрозу нацыянальнай бяспецы», нават высылалі работнікаў амбасады Беларусі, якіх назвалі выведнікамі пад прыкрыццём. Ды пакуль адзіны публічна вядомы выпадак прысуду за шпіянаж на карысць Беларусі ў Літве – суд над грамадзянінам Літвы Мантасам Даніелюсам. Таксама расказвалі пра некалькі чалавек, якім выстаўленыя абвінавачанні ў шпіянажы, ды яны – грамадзяне Літвы, якіх, меркавана, завербавалі ў час паездак у Беларусь. А пра затрыманне беларусаў, якія віжавалі для Беларусі ці Расеі, паведамленняў адшукаць не ўдалося.


Іншая справа ў Польшчы. У канцы 2023 года паведамлялі, што за сем гадоў польская контрвыведка затрымала 46 шпіёнаў з Беларусі і Расеі, з іх не менш за 22 – з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. За першую палову 2024 года затрымалі яшчэ 18 чалавек, якіх западозрылі ў шпіянажы на карысць Беларусі і Расеі.


Імаверна, не ўсе выпадкі затрымання меркаваных шпіёнаў становяцца публічна вядомымі. Але вось пра якія расказвалі ў медыях.


1. Люблінская справа чатырнаццаці шпіёнаў


Марыя М., Мікалай М. і Уладзіслаў П. на фота з базы пашпартных звестак. Фота: «Кіберпартызаны» для «Белсату»
Марыя М., Мікалай М. і Уладзіслаў П. на фота з базы пашпартных звестак. Фота: «Кіберпартызаны» для «Белсату»

У межах гэтай справы трох грамадзянаў Беларусі – Уладзіслава П., Міхаіла А., Марыю М.судзілі за ўдзел у шпіёнскай сетцы разам з грамадзянамі Украіны. Праўладныя беларускія Telegram-каналы раскрывалі імёны затрыманых і публікавалі відэазвароты ад іхных родных. Міхаіл А. атрымаў 2 гады турмы і аштрафаваны на 2,5 тысячы долараў. Беларуска Марыя М. атрымала 1 год і 1 месяц турмы і 1250 долараў штрафу (яе вызвалілі датэрмінова, бо яна ўжо адбыла значную частку пакарання да суда), Уладзіслаў П. быў пазней асуджаны на 2 гады 10 месяцаў і штраф у 2400 еўраў.


Чальцоў групы, якая дзейнічала на карысць Расеі, затрымалі ў сакавіку–жніўні 2023 года. Кіраўніком групы быў «Андрэй», які аддаваў загады праз Telegram. Гаворка ішла пра маніторынг крытычна важнай інфраструктуры – аэрапорту ў Ясенцы, вайскова-марскога порту ў Гдыні, чыгуначнай станцыі ў Жэшаве, памежных пунктаў з Украінай і ключавых чыгуначных злучэнняў, праз якія зброя і гуманітарная дапамога транспартаваліся ва Украіну.


Сетка ўсталявала камеры, дзякуючы якім магла сачыць за чыгуначным, авіяцыйным і вайсковым транспартам. «Андрэй» планаваў сярод іншага спусціць з рэек вайсковы транспарт, за што прапаноўваў 10 тысяч долараў. Ён таксама шукаў добраахвотнікаў, каб сярод іншага падпальваць дамы і машыны. За ўсё гэта яны маглі разлічваць на ўзнагароду – 5 долараў за расклейку ўлёткі і 300–400 долараў за ўстаноўку камеры. Аплату яны атрымлівалі ў крыптавалютах. Пракурор тады адзначаў, што гэта новы спосаб арганізацыі шпіёнскай сеткі не толькі ў Польшчы, але і ўва ўсім Еўразвязе.


2. Баранавіцкая мадэль «OnlyFans» сп'яна сазналася ў працы на КДБ


Беларуска Дар’я А., асуджаная ў Польшчы за шпіянаж. Фота: Bgmedia.site
Беларуска Дар’я А., асуджаная ў Польшчы за шпіянаж. Фота: Bgmedia.site
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Варшава, Польшча. 9 студзеня 2014 года. (Фота: Krystian Maj / Forum)

Час шпіёнаў: як іх вылічыць і не трапіць пад вербаванне

навіны

Дар’ю А., якую западозрылі ў працы на КДБ, затрымалі ў Лодзі ў снежні 2023 года. Яна была асуджаная за шпіянаж да турэмнага зняволення тэрмінам 1 год 8 месяцаў з надзвычайным змякчэннем. Дзевяць месяцаў пад вартаю залічылі ў тэрмін пакарання і пастанавілі вызваліць, калі не выявяцца падставы для далейшага ўтрымання.


Паведамлялася, што гэта былая актывістка «Гавары праўду» з Баранавічаў і колішняя давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева. Ветэрынарка з адукацыі, яна падпрацоўвала мадэллю на сайце для дарослых «OnlyFans». Сцвярджалася, што ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнай супрацы з беларускім Камітэтам дзяржаўнай бяспекі яшчэ з 2017 года. 


Па пераездзе ў Польшчу яна спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі беларускай дыяспары, трапіць у беларускія арганізацыі, прапаноўваючы валанцёрскую дапамогу, збірала інфармацыю пра Паспалітае рушэнне, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто ім дапамагае. Выдала Астапенка сябе сама: падчас нецвярозай размовы яна прагаварылася знаёмым пра сапраўдныя мэты ейнай актыўнасці ў Польшчы. Пасля гэтага інфармацыю пра жанчыну перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі, у той жа дзень яе затрымалі. 


3. Познаньская справа: адзін быў шпіёнам, другі невінаваты?


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя Познані. Фота: Gloswielkopolski.pl
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя Познані. Фота: Gloswielkopolski.pl

У красавіку 2022 года ў Польшчы затрымалі двух грамадзянаў Беларусі: Андрэя Р. і Дзмітрыя Н. Следства ўпэўненае, што мужчыны прыехалі ў Польшчу для працы кіроўцамі, аднак асноўнай іх мэтаю было назіраць за вайсковымі і цывільнымі аб’ектамі на захадзе Польшчы, што маюць крытычна важнае значэнне для абараназдольнасці. Меркавалася, што яны менш за месяц займаліся шпіянажам на карысць Галоўнага выведнага ўпраўлення Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі.


Андрэя Р. асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. Суд адзначыў, што доказаў яго віны было мала, але гэта сведчыць «пра высокі прафесіяналізм абвінавачанага і ўменне пазбегнуць выкрыцця». Доказаў віны Дзмітрыя М. суд не знайшоў і вынес апраўдальны прысуд – абвінавачанне грунтавалася толькі на тым, што ён быў знаёмы з Андрэем М., шпацыраваў разам з ім і хадзіў у крамы. Паведамлялі, што пракуратура абскардзіла прысуд, прасіла больш жорсткага пакарання для Андрэя Р. і паўторнага суда над Дзмітрыем М., але навінаў пра паўторны суд не было.


Паводле медыяў, Андрэй Р. служыў у вайсковай частцы 14853 у Берасці, потым працаваў кіроўцам у ААТ «Берасцейскае марожанае». Жонка пасля ягонага арышту ў Польшчы звярталася ў КДБ з просьбаю «аказаць максімальнае спрыянне» ейнаму мужу. Дзмітрыя Н. называлі музыкам.


4. Беластоцкая справа: беларус і расеец шпіёнілі пяць гадоў


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фрагмент мапы польска-беларускага памежжа. Фота: Kancelaria Premiera / Flickr, PDM 1.0
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фрагмент мапы польска-беларускага памежжа. Фота: Kancelaria Premiera / Flickr, PDM 1.0

Таксама ў красавіку 2022 года затрымалі грамадзяніна Беларусі і грамадзяніна Расеі, якіх абвінавацілі ў шпіянажы на карысць расейскай вайсковай выведкі ў 2017–2022 гадах. Абодвух у лютым 2024 года асудзілі ў Беластоку на 4 гады пазбаўлення волі. Тады паведамлялася, што прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны, пра далейшае развіццё падзеяў не пісалі. Але адзначалася, што справу разглядалі на падставе старой рэдакцыі Крымінальнага кодэксу. Згодна з новай ім мусілі б прысудзіць не менш як 5 гадоў.


Паводле пракуратуры, мужчыны займаліся на Беласточчыне выяўленнем вайсковых аб’ектаў, што маюць крытычнае значэнне для Польшчы; зборам звестак пра баявыя магчымасці і баявы дух, а таксама пра функцыянаванне падраздзяленняў у момант пагрозы, у тым ліку ў сувязі з міграцыйным крызісам. Беларус, паводле следства, спачатку вучыўся ў адным з універсітэтаў Беластоку, потым пайшоў працаваць у арганізацыю рыхтавання парашутыстаў, дзе наладжваў кантакты для выведнай дзейнасці. Расеец жа займаўся выведкаю пад выглядам культурнай і турыстычнай дзейнасці.


5. Былых каліноўцаў падманулі, выдаўшы сябе за ўкраінскія спецслужбы?


Падазраваны Каміль К. у рэпартажы пра беларускіх ваяроў ва Украіне. 2022 год. Скрыншот: Tvp.pl
Падазраваны Каміль К. у рэпартажы пра беларускіх ваяроў ва Украіне. 2022 год. Скрыншот: Tvp.pl

У канцы траўня 2024 года ў Варшаве, Прушкаве і ў Паморскім ваяводстве Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала кіроўцу аўтамабіля з беларускімі нумарамі, які перавозіў падазроны груз. Правяранне праводзілася ў межах расследавання шэрагу падпалаў і спробаў падпалаў, што называюць дыверсіямі: гарэў сметнік хімікатаў і вялікі гандлёвы цэнтр. Пазней сталася вядома пра затрыманне траіх падазраваных у працы на расейскую выведку – сярод іх двое беларусаў, Сцяпан К. і Андрэй Б., і адзін грамадзянін Польшчы Каміль К


Каміля К. называюць футбольным фанатам і былым польскім вайскоўцам, які ваяваў на баку Украіны і раздаваў інтэрв’ю пра гэта. Адзін з затрыманых беларусаў, Сцяпан К., аказаўся раней судзімым байцом ММА, звязаным з неанацысцкімі групоўкамі футбольных фанатаў, і мужам дачкі былога беларускага консула ў Гданьску, з 2010 да 2018 года ён працаваў на ААТ «Амкадор». Ініцыятыва «BYPOL» разам з «Кіберпартызанамі» высветліла, што другі затрыманы ў справе пра дыверсіі беларус – Андрэй Б., былы міліцыянт з Баранавічаў, звольнены ў 2014 годзе ў сувязі з парушэннем кантракту і пазней асуджаны за крадзеж мабільных тэлефонаў. 


Паводле «BYPOL», усе тры затрыманыя, у тым ліку грамадзянін Польшчы, раней бралі ўдзел ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны на баку Збройных сілаў Украіны, прычым Сцяпан К. і Андрэй Б. – у складзе батальёну «Тэрор». Польскія медыі адзначалі, што Сцяпан К. спрабаваў трапіць у полк «Пагоня», але туды яго не ўзялі. Паводле версіі крыніцы «Gazety Wyborczej», гэтых трох асобаў маглі завербаваць «пад фальшывым сцягам»: яны маглі думаць, што іх вербавалі ўкраінскія спецслужбы. Паводле звестак выдання «Rzeczpospolita», затрыманыя маглі падпаліць аб’екты ў Гданьску і Гдыні, а таксама Марках пад Варшаваю, атрымлівалі па 10 тысячаў злотых (каля 2,5 тысячы долараў) за аб’ект.


Затрыманым можа пагражаць пакаранне аж да пажыццёвага зняволення. Але расследаванне трывае, з пачатку лета навінаў пра яго не было.


Палякаў таксама вярбуюць


Томаш Шмыт паказвае сваё пасведчанне суддзі падчас прэс-канферэнцыі, на якой ён папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. (Фота: БелТА)

Ад Чэчкі да Шмыта: хто бяжыць у Беларусь

навіны

Партрэт «тыповага шпіёна» не складваецца. Выходзіць, што шпегамі могуць аказацца самыя розныя людзі: кіроўцы ці парашутысты, былыя ваяры ці колішнія актывісты. І не абавязкова беларусы – шпіёніць на карысць Беларусі ў Польшчы могуць і палякі.


У справах польскіх перабежчыкаў у Беларусь – такіх, як Томаш Шмыт ці Эміль Чэчка – няма пэўнасці ў тым, што іх завербавалі перад уцёкамі. Але ёсць такая пэўнасць адносна грамадзяніна Польшчы Гжэгажа М. – былога байца ZOMO (аналагу АМАП у сацыялістычнай Польшчы), былога паліцыянта і памежніка, якога ў жніўні 2022 года асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі за гатовасць дзейнічаць у інтарэсах беларускай выведкі. Акрамя таго, сярод палякаў могуць быць ідэйныя лукашэнкаўцы, як доктар Ежы Дар'юш Келбовіч, які на беларускіх праўладных канферэнцыях прэзентуе сябе «здаровым палякам», які назірае на радзіме «эпідэмію русафобіі». 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10