У Берасцейскай абласной клінічнай больніцы ў інфекцыйных аддзяленнях застаюцца 14 пацыентаў. Гэта навучэнцы 9‒11 класаў ліцэю № 1, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Паводле ведамства, ува ўсіх шпіталізаваных ліцэістаў ‒ сімптомы вострай кішачнай інфекцыі. У шпіталь яны паступілі з вечара 17 кастрычніка да раніцы 18-га.
«Ува ўсіх, хто звярнуўся, лабараторна пацверджаная норавірусная этыялогія захворвання. Цяпер стан усіх шпіталізаваных пацыентаў сярэдняй цяжкасці, стабільны, з станоўчай дынамікай. Атрымліваюць лекаванне ў поўным аб’ёме», ‒ заявілі ў міністэрстве.
Нагадаем, што ў красавіку сямёра вучняў ліцэю БНТУ паступілі ў Менскую дзіцячую інфекцыйную больніцу. У іх таксама выявілі норавірус ‒ адну з разнавіднасцяў кішачных вірусаў. У асноўным норавірусная інфекцыя перадаецца праз ужыванне нямытых гародніны або садавіны, ужыванне вадкасцяў, заражаных вірусам, або праз выкарыстанне інфекаванага посуду, прадметаў ужытку, нямытыя рукі.
Няновае масавае атручванне і для Берасця. У траўні ў горадзе падчас Гастрафэсту амаль два дзясяткі асобаў, якія спрабавалі аднолькавыя стравы ў адной з кавярняў, трапілі ў лякарні з высокай тэмпературай і рэзкім болем у жываце.
Якуб Хруст belsat.eu