навіны

Лукашэнка бярэ свой электарат гуртам

img
Калаж з фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнка загаварыў пра сацыяльную палітыку. Ці то ў эканоміцы зноў усё кепска, ці то перадвыбарчая кампанія пачынаецца з гульняў з ягоным стабільным электаратам – пенсіянерамі. А можа, Лукашэнка ўсведамляе, што абапірацца на адзіны сілавы блок – замала?


Уразлівыя катэгорыі насельніцтва для Лукашэнкі – пенсіянеры, шматдзетныя сем’і і дзеці-сіроты. З лозунгамі клапатлівага бацькі Лукашэнка выпраўляецца ў выбарчую кампанію 2025 года.


На 9 мільёнаў насельніцтва Беларусі больш за 2 мільёны складаюць пенсіянеры. Дзяржаве няцяжка сродкі з аднае кішэні перакласці ў другую, нават калі кішэні – дзіравыя. Затое лаяльнасць купіць можна.


«Па-мойму, летась мы двойчы падымалі пенсіі – і 10 %, і 5 %. Пенсіянеры ёсць пенсіянеры. Іх мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Яны мусяць жыць нармальна. Але ёсць адное пытанне, прыемнае, я б сказаў. Пытанне з боку пенсіянераў. Тых, хто пайшоў на пенсію. Людзі хочуць працаваць. І прафсаюзы заяўляюць пра гэта», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Працоўныя пенсіянеры будуць атрымліваць поўную пенсію. Гэта хіба адзіная рацыянальная пастанова... 

,,

«Часткова яны сапраўды маюць рацыянальны сэнс, у сувязі з нястачай працоўнай сілы, працоўных рэсурсаў. Эканамісты кажуць, што растуць заробкі, прычым заробкі растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць, чым дазваляюць эканамічныя ўмовы саміх суб’ектаў гаспадарання. Трэба хапацца за працоўную сілу», – каментуе крок Лукашэнкі палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч. 



Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянеры. Фота: Pxhere.com, CC0
Пенсіянерам, якія працуюць, пастанавілі вярнуць поўныя пенсіі. Чаму цяпер і адкуль узяць на гэта грошы? навіны

«І бачым комба такога папулізму. Мігрантаў пускаць нельга, бо гэта дрэнна, гэтага не трэба. Сваіх праз палітычныя матывы працягваем выцясняць. Каму выходзіць на рынак працы, незразумела. Вось, давайце пагуляем, каб не скарачаць пенсіянерам пенсіі. Але пенсіянерамі рынак працы не выратуеш», – упэўнены Вадзім Мажэйка, каардынатар «Нашай візіі».


Згадаў Лукашэнка і абвешчаны ім на нарадзе з чыноўнікамі сямейны капітал. Ён гатовы дапамагаць шматдзетным сем’ям. Каб жанчыны больш нараджалі – як у час вайны, кажа, старая праўда. Вайна ж ля брамы.


«Наступнае пытанне – падтрыманне шматдзетных жанчын. Вось гуртам нам працаваць тут нельга. Так, мы будзем падтрымліваць тых, хто нам нараджае дзяцей. Асабліва ў каго пяцёра і больш дзетак. Я казаў, што з жытлом мы на сто адсоткаў уладкуем пытанне. Мы таксама ўладкуем пытанне з сямейным капіталам», – заявіў Лукашэнка.


Дарэчы, у Польшчы дзяржава дапамагае не толькі шматдзетным сем’ям. Выплаты ідуць на кожнае дзіця і нават тым бацькам, якія, пры малых дзецях, выходзяць на працу. Аднак дапамагаць ажно так у беларускай дзяржавы няма сродкаў.


,,

«Лёгка казаць пра падтрыманне сем’яў, у якіх пяцёра дзяцей. Колькі такіх сем’яў? А колькі праблемаў у людзей, у якіх адное, двое дзяцей… І дзяржава не дапамагае, бо няма ні жадання, ні рэсурсаў. На сілавікоў стае, а вось на такое падтрыманне – не надта», – каментуе Вадзім Мажэйка.



Катастрафічная сітуацыя ў дэмаграфіі: нацыя старэе, адцёк, а дакладней, уцёкі з краіны маладых, працаздольных беларусаў. Толькі за апошнія два гады, паводле Даследчага цэнтру BEROC, Беларусь пакінулі 172 тысячы беларусаў. I чарговы выклік для беларускай эканомікі – санкцыі. Збой заўважны ў працы нафтаперапрацоўчых заводаў у Мазыры і Наваполацку, што ўплывае на эканамічны стан рэгіёнаў. Тут інспекцыі на верталёце дыктатару не дапамагаюць. Дапаможа, хіба, змякчэнне санкцыяў. Дарэчы, пра гэта пачаў казаць у медыях былы палітычны вязень і палітык Андрэй Дзмітрыеў:


«Ізаляцыя і санкцыі, што ўводзяцца супраць рэжыму Лукашэнкі, часта б’юць па звычайных людзях, а не па ўладзе. [...] Беларусам у Беларусі важнае вяртанне дыпламатычных місіяў у Менск. Бо гэта датычыць не прызнання Лукашэнкі, а прызнання права беларусаў на сваю дзяржаву і таго, што беларусы – гэта частка еўрапейскай прасторы». 


,,

«Рыторыка Андрэя не супярэчыць афіцыйнаму Менску, – каментуе заяву Дзмітрыева Вадзім Мажэйка. – Разам з тым, яна адлюстроўвае погляды ўнутры Беларусі. Ніхто да гэтага не казаў, што санкцыі суперпапулярныя. Андрэй Дзмітрыеў не заклікае адмяніць усе санкцыі, а кажа пра сам працэс, што санкцыі мусяць быць сэнсоўныя, а не біць тупа па ўсіх беларусах. [...] Тое ж вяртанне амбсадараў у Беларусь. Ці будуць ад яго карысці – або больш мінусаў? А калі яно будзе, дык чым будзе абумоўленае?»



Лукашэнка з днём выбараў яшчэ не вызначыўся. Але з чым вызначыўся напэўна, дык гэта з вяртаннем сваёй легітымнасці хоць часткова. І тут можа пачацца гандаль палітвязнямі, каб атрымаць даверчыя лісты хоць ад некаторых заходніх амбасадараў.  


Наста Ільіна для праграмы «ПраСвет»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10