Грамадская ініцыятыва «MALDZIS» выкупіла ў Польшчы трэці статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Пасля выстаўлення за межамі Беларусі, яго плануюць перадаць у Наваградак. Выданне знайшлі ў антыкварнай краме ў польскім Калішы і набылі на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Рамана Андрыянава, Філіпа Дайнэкі і Дар’і Сліж.
У межах працы для вяртанні беларускіх каштоўнасцяў ініцыятыва «Maldzis» выкупіла Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года (Трэці Статут), надрукаваны ў Вільні ў 1693 годзе на польскай мове ў друкарні езуітаў. Выданне 1693-га маецца ў шэрагу буйных бібліятэк і музеяў свету, у тым ліку і ў Беларусі.
Бліжэйшым часам Статут будзе выстаўляцца на адмысловых імпрэзах па-за Беларуссю, але праз некаторы час яго ў якасці грамадскага падарунку перададуць у першую меркаваную сталіцу ВКЛ ‒ Наваградак, у мясцовы гістарычна-краязнаўчы музей.
«Трэці Статут ВКЛ ‒ гэта помнік беларускай прававой культуры, у якім можна ўбачыць ідэю ўсталявання прававой дзяржавы і першы крок да яе. Статут абараняў незалежнасць ВКЛ, і ў ім была рэалізаваная агульнапрынятая сёння ідэя падзелу ўлады на тры галіны ‒ заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Статут дзеяў цягам больш як 250 гадоў, перажыў падзелы Рэчы Паспалітай і знікненне ВКЛ у выніку залучэння беларускіх земляў у склад Расейскай імперыі», ‒ адзначае Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы «Maldzis».
,,«Статут ВКЛ быў узорам для іншых дзяржаваў, у прыватнасці Расеі і Прусіі, якія выкарыстоўвалі яго пры распрацоўванні свайго права», ‒ адзначае Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы.
Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці ды імёны. «Maldzis» працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобразу Беларусі як еўрапейскай нацыі.
Нагадаем, што Міністэрства культуры склала на замову Генеральнай пракуратуры спіс з амаль сямісот страчаных артэфактаў, вывезеных з Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. Сярод іх ‒ крыж Еўфрасінні Полацкай, слуцкія паясы, булава Жыгімонта Трэцяга. Але, як мяркуюць нашыя суразмоўцы, шукаць задумалі не там, дзе трэба.
У пераліку краінаў, дзе мяркуюць шукаць вывезеныя артэфакты, ‒ Злучаныя Штаты Амерыкі, Ізраіль, Украіна, Польшча. Расея ў гэтым спісе не згадваецца, хоць, на думку былога міністра культуры Паўла Латушкі, «большасць гістарычна-культурных каштоўнасцяў была вывезеная з тэрыторыі Беларусі менавіта ў Расейскую Федэрацыю».
Якуб Хруст belsat.eu