навіны

Крыніцы «Белсату»: Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША наведаў Менск і правёў сустрэчу ў МЗС

img
Амбасада ЗША ў Менску. Фота: Diego Torriani / Google Maps
podpis źródła zdjęcia

Беларусь днямі наведваў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША. У Менску ў яго ў тым ліку адбыліся сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў. Афіцыйных паведамленняў пра гэта не было.

15 кастрычніка амбасада ЗША ладзіла ў Менску невялікі прыём для прадстаўнікоў іншых замежных прадстаўніцтваў у сувязі з візітам у Беларусь чыноўніка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Кевіна Дойла. Дойл не ёсць высокапастаўленым прадстаўніком Дзяржаўнага дэпартаменту, і ягоны візіт прэзентаваўся як досыць руцінная справа (афіцыйных паведамленняў пра візіт увогуле не было). Разам з тым чыноўнікі з Вашынгтону вельмі рэдка наведваюць Менск, таму гэты факт усё-такі звяртае на сябе ўвагу.

Паводле звестак «Белсату», Кевін Дойл разам з часовым павераным ЗША Пітэрам Каўфманам меў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, на якой у тым ліку абмяркоўваўся лёс палітвязняў. Перамовы не ўнеслі яснасці ў сітуацыю.

«Дзяржаўны дэпартамент падтрымлівае афіцыйныя кантакты з Міністэрствам замежных справаў Беларусі, каб гарантаваць, што мы можам здзяйсняць звычайную дыпламатычную камунікацыю і абараняць нацыянальныя інтарэсы ЗША ад імя грамадзянаў ЗША», — паведаміў «Белсату» Колін Сміт, супрацоўнік у сувязях з грамадскасцю аддзелу ў справах Беларусі амбасады ЗША ў Літве.

Рэжым прыцягнуў увагу ЗША Зянковічам?

Адзначым, што нядаўна ў Менску зноў асудзілі палітвязня Юрыя Зянковіча, які застаецца ў няволі з 12 красавіка 2021 года паводле абвінавачвання ў падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку. Як даведаліся праваабаронцы, цяпер яму дадалі яшчэ два гады няволі нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы — паводле крымінальнага артыкулу, праз які можна бясконца трымаць людзей у няволі без асаблівых доказаў злачынства. Зянковіч мае грамадзянства ЗША.

Перад вынясеннем прысуду беларуская прапаганда паказала фільм з удзелам палітзняволенага. Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі мяркуе, што гэта была спроба рэжыму даслаць сігнал ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці разглядаюць банер з фотаздымкамі беларускіх палітычных вязняў падчас акцыі, прысвечанай чацвёртай гадавіне фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

«Нарастанне нявызначанасці». Захад не разумее, як інтэрпрэтаваць паводзіны ўладаў Беларусі

навіны

Прыкметы таго, што афіцыйны Менск спрабуе заігрываць з Захадам, сталі назірацца з канца чэрвеня, неўзабаве пасля таго, як Лукашэнка змяніў кіраўніцтва сваёй адміністрацыі і МЗС.

Цягам ліпеня ‒ верасня ў выніку чатырох хваляў памілаванняў у Беларусі на свабоду выйшлі ўжо 115 палітычных вязняў. Гэта самае масавае вызваленне вязняў сумлення за ўвесь час. Акрамя таго, знізілася напружанасць на мяжы з Польшчай і змякчылася публічная рыторыка. Прагучаў шэраг заяваў пра гатовасць распачаць дыялог з ЗША і ЕЗ. Новы кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў анансаваў на лістапад міжнародную канферэнцыю пра супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі, у якой нібыта маюць узяць удзел міністры краінаў Еўразвязу.

Рэакцыя Захаду на гэтыя падзеі і заявы была максімальна стрыманая. ЕЗ і ЗША станоўча ацанілі вызваленне часткі палітычных вязняў, «прынялі да ўвагі» гэты факт, але нагадалі, што за кратамі застаюцца яшчэ каля 1400 асобаў. Ніякіх публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі на высокім узроўні з таго часу не адбылося. Заяваў пра гатовасць сесці за стол перамоваў з боку краінаў Захаду таксама не прагучала.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10