навіны

Ізраіль за тры месяцы ліквідаваў ужо другога кіраўніка «Хамасу»

Ізраільскія вайскоўцы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: idf.il
Ізраільскія вайскоўцы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: idf.il
podpis źródła zdjęcia

Армія абароны Ізраілю апублікавала відэа апошніх секунд жыцця кіраўніка «Хамасу» Ях’і Сінўара, ліквідаванага байцамі Цагалю ў Рафаху ўвечары 16 кастрычніка. Цела было знойдзенае і апазнанае на наступны дзень, 17 кастрычніка.

Увечары 17 кастрычніка Цагаль афіцыйна пацвердзіў, што кіраўнік «Хамасу» Ях’я Сінўар ліквідаваны ў сектары Газа. У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што ён быў забіты вечарам 16 кастрычніка. Адбылося гэта ў Рафаху. Цагаль нагадаў, што менавіта Сінўар планаваў напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года і кіраваў ім, таму нясе адказнасць за забойствы і выкраданні ізраільцянаў.

Таксама было апублікаванае відэа, на якім чалавек з закрытым тварам адзін у разбураным будынку пасярод Рафаху кідае палку ў разведвальны дрон Цагалю.

Бой, падчас якога быў забіты Сінўар, пачаўся 16 кастрычніка каля 10:00, калі ізраільскія вайскоўцы заўважылі падазроную фігуру каля будынку, і адказны афіцэр пастанавіў нанесці па доме ўдар. Каля 15:00 вайскоўцы Цагалю заўважылі трох асобаў, якія выходзілі з паўразбуранага будынку. Двое былі захінутыя покрывамі і ішлі перад Сінўарам. Байцы Цагалю адкрылі па іх агонь, і тыя разбегліся. Двое схаваліся ў адным будынку, а Сінўар пайшоў у другі, дзе паспеў падняцца на другі паверх. Вайскоўцы выпусцілі па ім танкавы снарад, пасля чаго ў дом скіравалі выведвальны дрон, у які і кідаў палку Сінўар. Пасля гэтага ў дом была скіраваная ракета, яна і абваліла дах на галаву Сінўара, піша Vesti.co.il.

Сем'і людзей, забітых і выкрадзеных з фестывалю «Supernova», які праходзіў побач з мяжою сектару Газа, моляцца за сваякоў у першую гадавіну атакі. Пасля нападу на тэрыторыі фестывалю валанцёры знайшлі не менш за 260 целаў, шмат маладых людзей выкралі і адвезлі ў якасці закладнікаў у Газу. Рэ'ім, Ізраіль. 7 кастрычніка 2024 года. Фота: Leon Neal / Getty Images

Разрастанне канфлікту і палонныя, якія не вярнуліся: год вайны Ізраілю з «Хамасам»

Аналітыка

Сінўар нарадзіўся ў 1962 годзе ў Газе ў сям’і палестынскіх уцекачоў з арабскай вёскі на тэрыторыі цяперашняга Ашкелёну. Скончыў школу, навучаўся ў Ісламскім універсітэце Газы, затым стаўся кіраўніком ваенізаванага крыла «Хамасу», адказваў за змаганне з тымі, хто быў гатовы да супрацы з Ізраілем.

У 1989 годзе быў асуджаны ў Ізраілі за забойства чатырох палестынцаў да пяці пажыццёвых зняволенняў. Вызвалены ў 2011 годзе ў межах абмену выкрадзенага вайскоўца Цагалю Гіляда Шаліта на 1027 палестынскіх зняволеных.

Апошнім часам Сінўар займаў пасаду лідара «Хамасу» ў сектары Газа, а пасля ліквідацыі Ізраілем Ісмаіла Ганіі 31 ліпеня — і кіраўніка палітбюро арганізацыі. Цяпер абавязкі кіраўніка руху выконвае кіраўнік «Хамасу» за межамі Палестыны Халед Машаль, паведамляе «РИА Новости» са спасылкаю на ліванскае тэлебачанне. 

Таксама Цагаль працягвае знішчаць лідараў ліванскай «Хізбулы». 

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10