Тэрмін «стомленасць ад вайны» пачалі выкарыстоўваць адносна нядаўна. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі год таму падчас паездкі ў ЗША даў інтэрв'ю «Time». Ён тады вымавіў такую фразу: «Самае страшнае, што частка свету прывыкла да вайны ва Украіне. Стомленасць ад вайны ідзе як хваля. Вы бачыце яе ў ЗША, у Еўропе. І мы бачым, што варта трохі стаміцца, як усё пачынае выглядаць так, быццам гэта серыял: „Я не магу глядзець гэта дзясяты раз“».
Перажыванні прэзідэнта краіны, на якую напаў узброены да зубоў супернік, цалкам зразумелыя. Бо без падтрымання Захаду, найперш зброяй, вайну выйграць проста немагчыма. Але і пастаянныя бамбаванні, і вялізныя чалавечыя страты не могуць доўжыцца бясконца. Надыходзіць момант, калі ў людзей узнікаюць праблемы нават фізіялагічнага характару. Фізіёлагі кажуць пра сталую напругу ўсяго цела падчас зацяжнога стрэсу, а гэта цягліцавая дзейнасць. Што ўжо казаць пра псіхалагічныя і эмацыйныя разлады.
Cтомленасць ад вайны – гэта найперш асвятленне гэтай самай вайны ў медыях. Нягледзячы на ўсе размовы пра яе на фоне поспехаў расейскага войска, усё не так дрэнна. Ва ўсякім разе адмыслоўцы сцвярджаюць, што колькасць артыкулаў пра вайну ва Украіне ў сусветных СМІ і праўда памяншаецца, але яна памяншаецца значна меншымі тэмпамі, чым тады, калі асвятляліся канфлікты ў Сірыі ці ізраільска-палестынскі. Тады спачатку пісалі пра нейкую магутную ваенную аперацыю, але потым падзенне цікавасці да гэтай тэмы складала каля 60–80 %. Што датычыць Украіны, то, паводле ацэнак розных спецыялістаў, такія «страты» складаюць 20–40 %.
Сёння медыі ўжо не столькі асвятляюць баявыя дзеянні, як гэта было ў 2022 годзе, колькі робяць акцэнт на іншых падзеях гэтай вайны.

Самымі папулярнымі аказаліся такія тэмы, як мяцеж ПВК «Вагнер», удары беспілотнікаў па Крамлю, выдача Міжнародным судом ордару на арышт Уладзіміра Пуціна, адмова тэнісісткі Эліны Світалінай паціснуць руку беларусцы на Уімблдоне, абвінавачанне Ілона Маска ў адключэнні «Starlink» каля Крыму, уступленне Украіны ў ЕЗ, візіт Уладзіміра Зяленскага ў ЗША і ўварванне ў Курскую і Белгародскую вобласці. І ў гэтым няма нічога страшнага. Гэта не значыць, што да стратаў у гэтай жудаснай вайне з'явілася абыякавасць. У дадзеным выпадку добра ўжо тое, што ўвогуле хоць нешта пішуць. Няважна нават на якія тэмы, важна, што яны так ці інакш звязаныя з вайною.
Даводзіцца прызнаваць, што найбольшыя ўсплёскі пошукавай актыўнасці, у адрозненне ад 2022-га, выклікалі такія падзеі, як «Еўрабачанне» ці кваліфікацыйныя футбольныя матчы ў межах «Еўра-2024». Пра самую вайну СМІ ў асноўным пісалі ў кантэксце выдзялення Украіне ўзбраення, контрнаступу і ўварвання на тэрыторыю Расеі. І ўсё ж Украіна па-ранейшаму не губляе сваіх пазіцыяў і застаецца чацвёртай краінай, за навінамі якой сочаць людзі ва ўсім свеце.
На фоне размоваў пра стомленасць ад вайны пачаліся ўкіды ў СМІ пра неабходнасць перамоваў з Расеяй. Загаварылі нават пра замарожванне канфлікту. Што характэрна: размовы ўзмацніліся менавіта ў лагеры расейскіх прапагандыстаў. І акурат цяпер сітуацыя на Данбасе, у Харкаўскай і Сумскай вобласцях даволі цяжкая. Усё больш абвастраюцца абставіны на Херсоншчыне і ў Запарожскай вобласці. Ужо ўсім зразумела, што вайна ідзе на знясіленне.
Тым часам Эрык Чарамэля, старшы навуковы супрацоўнік праграмы Расеі і Еўразіі Фонду Карнегі, не схільны думаць, што вайна зайшла ў тупік і набліжаецца замарозка канфлікту.
Ён піша:
,,«Па-ранейшаму кожны бок усё яшчэ шукае магчымасці, каб значна змяніць сваю пазіцыю на полі бою і стварыць рычагі для магчымых перамоваў. Наступ у Курскай вобласці ёсць напамінам пра тое, што вайна ўсё яшчэ дынамічная і яе зыход не абавязкова цалкам прадказальны».
Пра дынаміку вайны, на думку Чарамэлі, сведчаць курская аперацыя ЗСУ і ўдары Расеі па энергетычнай структуры Украіны.
Дара Масікот, старшы навуковы супрацоўнік праграмы Расеі і Еўразіі Фонду Карнегі за міжнародны свет, мяркуе, што гэтая вайна «ніколі не была канфліктам паміж двума бакамі паасобку». Таму што Украіна атрымала вялікае падтрыманне з боку ЗША і Захаду, і гэтая дапамога мае ключавое значэнне, у той час як Расея прыцягнула рэсурсы Кітаю, зброю КНДР і Ірану. Пры гэтым Пуцін яшчэ не выкарыстоўваў усе свае ўнутраныя рэсурсы — мабілізацыю і жаночую працу на ваенных заводах. Яму патрэбныя грошы, але ён зацікаўлены ў тым, каб вайна працягвалася.
А што грамадства Украіны? Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вывучае апытанні насельніцтва, а яны ўказваюць на тое, што, нават нягледзячы на стомленасць ад вайны, украінцы супраць мірных перамоваў з Расеяй. Днямі Зяленскі прэзентаваў свой «план перамогі» на саміце лідараў Еўрапейскай рады ў Брусэлі. Ён складаецца з пяці пунктаў, трох таемных дадаткаў, а таксама ўключае запрашэнне Украіны ў NATO і дазвол на ўдары ўглыб Расеі. Нічога пра перамовы з агрэсарам.
Перад пачаткам паседжання прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў: «Цяпер ён [Пуцін] думае, што бярэ верх і заганяе Украіну ў кут. Гэта найгоршы момант для пачатку перамоваў, таму што ён адчувае, што Расея — больш моцны бок».
Кіраўнік NATO Марк Рутэ падтрымаў гэтае меркаванне. Ён заявіў:
,,«Калі спатрэбіцца, мы гатовы да гэтага надоўга. Відавочна, што мы хочам быць у такім стане, каб Украіна здолела б пачаць перамовы з Расеяй з пазіцыі сілы, але гэты момант пакуль не надышоў. Украіна можа разлічваць на бесперапыннае падтрыманне».
Вельмі хочацца спадзявацца, што Захаду і ЗША ўдасца захаваць статус-кво. Тым больш што на дапамогу Украіне ідзе не такая ўжо і каласальная частка абароннага бюджэту і агульных дзяржаўных выдаткаў. Бо неабходна адказаць на гэты самы страшны выклік бяспецы нашага часу. Украіна сама гэтаму дакладна не дасць рады. А трэба ж яшчэ пераадолець стомленасць ад вайны, і колькі на гэта трэба часу, ніхто не ведае. Поспехі на франтах могуць дапамагчы ў гэтай рэабілітацыі.
Любоў Лунёва belsat.eu