навіны

Прадстаўнікі дэмсілаў Беларусі прызвалі спікераў парламенту Канады не прызнаваць выбарамі «фарс» Лукашэнкі

Парламент Канады
Амбасада Канады ў Варшаве. Фота: wikipedia.org
podpis źródła zdjęcia

У амбасадзе Канады ў Варшаве адбылася сустрэча спікера ніжняй палаты парламенту Канады Грэгары Фэргуса і канадскіх парламентарыяў з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Канадскі бок выказаў жаданне падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў.

Як паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі, у сустрэчы з беларускага боку ўзялі ўдзел намеснік кіраўніцы Кабінету Павел Латушка, прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Кабінету Аліна Коўшык, чальцы ініцыятывы «Сумленныя людзі», Беларускага ПЭН-цэнтру, платформы падтрымання палітзняволеных Беларусі «politzek.me» і фонду «Беларускі дом у Варшаве».


Павел Латушка паінфармаваў канадскую дэлегацыю пра сітуацыю ў Беларусі, звязаную з масавымі рэпрэсіямі, ліквідацыяй няўрадавых арганізацый, незалежных СМІ, апазіцыйных партый, а таксама пра дзейнасць інстытутаў дэмакратычных сілаў Беларусі. Асобна закрануў тэму адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці.
З ініцыятывы прадстаўнікоў канадскага парламенту былі абмеркаваныя пытанні далейшага санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.


Намеснік кіраўніцы Кабінету звярнуўся да канадскіх дэпутатаў з просьбаю не прызнаваць «выбарамі» фарс, што плануе арганізаваць Лукашэнка ў 2025 годзе, – у сувязі з адсутнасцю базавых умоваў для іх правядзення. Канадскі бок адзначыў гатовасць падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускага грамадства і дэмакратычныя сілы Беларусі.


Аліна Коўшык узняла тэму падтрымання Канадаю нацыянальнага адраджэння ў Беларусі, распавяла пра распрацаваную стратэгію ў гэтай сферы, праблемы русіфікацыі нацыянальнай гісторыі, прыгнятання беларускай мовы, культурнай дыскрымінацыі. Прадстаўніца Кабінету заклікала падтрымаць беларускія незалежныя медыі, Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі рэпрэсаваным, беларускіх студэнтаў, якія маюць складанасці з візамі і дакументамі пры паступленні ды інш.


«Канадскіх парламентарыяў уразіла моўная сітуацыя ў нашай краіне, яны не разумеюць, што беларуская мова ў Беларусі можа быць пад такімі рэпрэсіямі. Я таксама заклікала дэпутатаў падтрымаць пераклады канадскай літаратуры на беларускую і беларускай літаратуры на ангельскую. Расказала і пра ідэі стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэту, перадала канадскім партнёрам адпаведныя матэрыялы са спадзяваннем на падтрыманне праекту з іхнага боку», – распавяла пра вынікі сустрэчы Аліна Коўшык.

Надзея Вольная belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10