навіны

Беларуская эканоміка прытарможвае. Як гэта адаб’ецца на даходах насельніцтва?

прамысловасць
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sputnik
podpis źródła zdjęcia

ВУП Беларусі паводле вынікаў першых дзевяці месяцаў 2024 года вырас на 4,5 % адносна адпаведнага перыяду 2023 года. Тады як за восем месяцаў гэты паказнік складаў 4,9 %. Беларуская эканоміка вычэрпвае магчымасці росту, тлумачаць эксперты.

Зніжэнне тэмпаў росту назіраецца адразу ў трох галінах, наконт якіх Белстат ужо абнавіў звесткі за верасень. Прамысловасць у супастаўных цэнах за 9 месяцаў прырасла на 6,4 %, тады як за 8 месяцаў было 7,1 %. Сельская гаспадарка – 5,1 і 7,2 %, адпаведна.


Раздробны таваразварот вырас на 11,8 % супраць 12 % за студзень – жнівень. Гуртавы таваразварот – 6 % і 7,1 %, адпаведна.

Не стае кадраў і магутнасці


«Эканамічны ўздым запавольваецца ўжо некалькі месяцаў, – патлумачыла «Белсату» экспертка BEROC Настасся Лузгіна. – Пік быў дасягнуты ў ліпені, калі ВУП вырас у гадавым вылічэнні на 5,5 %. З верасня мы бачым, што актыўнасць запавольваецца. На гэта ўплываюць перш за ўсё абмежаваныя магчымасці беларускай эканомікі падтрымліваць высокія тэмпы росту».

Абмежаванні звязаныя перадусім з дэфіцытам кадраў і магутнасцямі прадпрыемстваў.

«Многія прадпрыемствы працуюць на максімальных аб’ёмах. Каб расці далей, трэба ажыццяўляць істотныя пераўтварэнні – рэструктурызацыю, магчыма, змены ў менеджменце і гэтак далей. Гэта хутка ў любым выпадку не робіцца і трэба ведаць, як гэта рабіць.

,,

«Гэта значыць, з аднаго боку, ёсць абмежаваныя магчымасці кампаніяў, прадпрыемстваў, з другога боку – жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне. Успамінаем набалелае рэгуляванне росту цэнаў – яно нікуды не дзелася. Кампаніям усё цяжэй працаваць у такіх умовах. Калі мы паглядзім паказнікі прыбытку, рэнтабельнасці, то яны знізіліся ў параўнанні з мінулым годам», – распавяла Настасся Лузгіна.


Ёсць яшчэ і вонкавы чыннік, што ўплывае на рост ВУП, – гэта Расея.


«Расейская эканоміка таксама запавольваецца. За верасень яшчэ звестак няма, але ў жніўні гадавы прырост ВУП быў 4,2 %, хоць яшчэ некалькі месяцаў таму – 4,6 %. Запаволенне ў расейскай эканоміцы і далей будзе адбывацца, бо на гэта цяпер скіраваная палітыка расейскіх уладаў – астуджэнне эканамічнага росту для стрымлівання інфляцыі», – адзначае экспертка.


Ці рост, ці інфляцыя


Тэмпы росту ў 2024 годзе сапраўды актыўныя. У той час, як сусветная эканоміка ў сярэднім расце на 3 %, Беларусь дасягала 5,5 %. Аднак рост гэты адбываўся ў тым ліку за кошт нізкай базы 2022 года і пачатку 2023 года, калі эканоміка асела пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі НПЗ. (Фота: БелТА)

Медыі заяўляюць пра «няпросты час» беларускіх НПЗ. Гэта адбіваецца і на раёнах

навіны

З увагі на прычыны цяперашняга запаволення, да канца гэтага года і ў наступным таксама варта чакаць сціплейшых тэмпаў, зазначае Настасся Лузгіна.


«Запаволенне будзе адбывацца паступова, умоўна, да канца года выйдзем на 4 % сярэдняга росту ў параўнанні з 2023 годам. Што да наступнага года, мы памятаем, што там стаяць вельмі амбіцыйныя планы. Калі сёлета былі планы павялічыць ВУП на 3,8 %, то налета – гэта 4,1% [столькі плануе ўрад у прагнозных дакументах. – Заўв. рэд.], то бок яшчэ больш. Тут вельмі вялікая доля нерэалістычнасці, бо 2024 год – гэта год, калі эканоміка паказвала высокія тэмпы росту. Далей працягваць рухацца такімі ж тэмпамі складана», – кажа экспертка BEROC.


Калі сёлета трэба было наганяць перыяд спаду эканомікі, то налета трэба зрабіць яшчэ больш, чым ва ўдалы год.


Вядома, можна разагнаць эканоміку, але тады нас чакае рост цэнаў, папярэджвае эканамістка.

,,

«Бо гэта можна зрабіць за кошт вельмі мяккай эканамічнай палітыкі, за кошт вельмі танных крэдытаў, але мы ўсё роўна сутыкнёмся з абмежаванасцю рэсурсаў – вытворчых магутнасцяў і працоўнай сілы. Вынікам усяго гэтага будзе, як раней ужо не раз адбывалася, паскарэнне інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў. Калі ўсё ж такі ўлады будуць улічваць досвед папярэдніх перыядаў, то я вельмі сумняваюся, што налета атрымаецца дасягнуць такога актыўнага росту ВУП», – працягвае Настасся Лузгіна.


Акрамя таго, Расея і налета плануе запавольваць тэмпы росту сваёй эканомікі, каб стабілізаваць цэны.


«Расейская эканоміка ёсць асноўнай пляцоўкай для беларускіх прадпрыемстваў. Калі гэты рынак ужо не будзе так хутка расці, то і беларускія кампаніі не змогуць нарошчваць экспарт, як гэта было сёлета», – кажа экспертка.


Сціплейшы рост заробкаў


Беларускія грошы. Фота: Белсат
Беларускія грошы. Фота: Белсат

Запаволенне росту ВУП будзе азначаць і запаволенне росту даходаў, лічыць Настасся Лузгіна. Цікава, што ўлады ўжо запланавалі налета рост даходаў, не большы за 4 %, што значна менш за сёлетні, калі даходы растуць у рэальным вылічэнні тэмпамі каля 10 %. Але пры гэтым у планах чыноўнікаў і высокі рост ВУП.

Мужчына едзе на скутары ў Менску, Беларусь. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Adam Berry / Getty Images

Запаволенне росту заробкаў і дзіўныя планы па ВУП – што ўлады прыдумалі для беларусаў на 2025 год

навіны

«З улікам таго, што жорсткае рэгуляванне цэнаў, хутчэй за ўсё, захаваецца налета, заробкі будуць расці, але, безумоўна, яны не будуць расці такімі ж вялікімі тэмпамі, як сёлета. Кампаніі проста не змогуць настолькі стымуляваць рост заробкаў нават ва ўмовах дэфіцыту кадраў», – кажа экспертка.


Калі казаць пра цану крэдытаў, якія цяпер карыстаюцца вялікім попытам, то яны могуць як патаннець, так і падаражэць.


«Пакуль што, калі арыентавацца на прагнозныя звесткі, уражанне, што грашова-крэдытная палітыка можа быць нават мякчэйшая для стымулявання крэдытавання і росту інвестыцыяў. Гэта будзе тычыцца і людзей, бо банкі могуць знізіць стаўкі ў параўнанні з цяперашнім узроўнем. Але тут ужо будзе ўсё залежаць ад інфляцыйных рызыкаў і ціску.


Думаю, калі інфляцыя будзе разганяцца, то Цэнтральны банк працягне асцярожную манетарную палітыку ў бок узмацнення жорсткасці, якую мы бачылі сёлета. Таму стаўкі могуць змяняцца, як у бок пэўнага павышэння, так і паніжэння, у залежнасці ад інфляцыйных рызыкаў», – робіць выснову Настасся Лузгіна.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10