навіны

Захад не прымае план перамогі Зяленскага – ці не хоча пераапранацца з параднага ў камуфляж?

Уладзімір Зяленскі выступае перад Еўрапейскай радай
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае перад Еўрапейскай радай. Брусель, Бельгія. 17 кастрычніка 2024 года. Фота: President.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гэтымі днямі прэзентуе заходнім партнёрам свой план перамогі. Той план 16 кастрычніка адзінагалосна ўхваліла Вярхоўная рада Украіны, ды ад Еўразвязу і NATO адзінагалоснай згоды не чуваць. Што гэта значыць?

Уладзімір Зяленскі на паседжанні Вярхоўнай рады Украіны. Кіеў, Украіна. 16 кастрычніка 2024 года. Фота: Handout / Ukrainian Presidential Press Service / AFP / East News

Зяленскі прадставіў Вярхоўнай радзе Украіны свой план перамогі. Што ў ім

Вайна

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 16 кастрычніка рэпрэзентаваў свой план перамогі Вярхоўнай радзе Украіны. У несакрэтнай частцы плану – адмова ад замарожвання канфлікту і тэрытарыяльных саступак Расеі, запрашэнне Украіны ў NATO, аперацыі на тэрыторыі Расеі, няядравы пакет стрымлівання дзеля абароны Украіны (канкрэтыка наконт зброі – у сакрэтнай частцы), а ў перспектыве – абарона Еўропы ўкраінскімі сіламі замест амерыканскіх.


Вярхоўная рада адзінагалосна ўхваліла такі план. Як расказвала «Associated Press», гэткі план падабаецца і ўкраінскім ваярам на фронце.


З заходняга боку такога энтузіязму не чуваць. Зяленскі павёз план перамогі ў Брусель на двухдзённае спецыяльнае паседжанне Еўрапейскай рады 17–18 кастрычніка. Еўрапейскія лідары яшчэ да прэзентацыі выказваліся скептычна. Так, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц казаў, што ягоная дзяржава сваіх пастановаў не зменіць, але з Зяленскім важна паразмаўляць. А прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа дык наогул заявіў, што ў плане няма нічога прынцыпова новага, а абмяркоўваць будуць «нашую гатовасць і абавязкі падтрымліваць Украіну», бо «было б вялікай памылкай думаць, што нашая нерашучасць – гэта найлепшы шлях для дээскалацыі».


Раней Зяленскі пераказваў план прэзідэнту Злучаных Штатаў Джо Байдэну і абаім кандыдатам у прэзідэнты. Хадзілі чуткі, што план не ўразіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, аднак дзяржаўны сакратар ЗША запэўніў, што план вывучаюць.


Зяленскі заяўляў, што адмова заходніх саюзнікаў ад ягонага плану будзе «прывілеем ад свету для Расеі», бо «слабасць Украіны – гэта моц для Расеі». Ды пакуль выглядае, што заходнія саюзнікі не прымаюць ні плану Уладзіміра Зяленскага, ні плану Уладзіміра Пуціна – той прапаноўваў фактычна план капітуляцыі Украіны разам з краінамі Захаду.


Што гэта ўсё значыць, «Белсат» спытаў украінскага палітолага.


План Зяленскага не прымуць не таму, што план кепскі 


Украінскі палітолаг Яўген Магда тлумачыць у эфіры «Белсату»:

,,

«Я думаю, што гэта амбітная прапанова, і напраўду яна мае паказаць, што Украіна будзе змагацца пры любым развіцці падзеяў».


Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ. Фота: nato.int

Генеральны сакратар NATO заявіў, што Украіна станецца 33-м або 34-м чальцом Альянсу

навіны

Ён раіць не разлічваць, што NATO ў цяперашнім стане, за тры тыдні да прэзідэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах, лёгка і адзінагалосна ўсё ўхваліць. 


Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ казаў 17 кастрычніка на сустрэчы міністраў абароны чальцоў NATO, што Украіна мае стаць 33-м ці 34-м чальцом Альянсу, але невядома, калі менавіта тое будзе. Гэта дапамагае ці толькі перашкаджае, бо дадае нявызначанасці? Магда адказвае: у гэтым няма навіны, бо пра тое, што Украіна стане чальцом NATO, казалі і на вашынгтонскім саміце ў ліпені. Тое, што пра гэта сказаў новы генеральны сакратар NATO, сведчыць пра пераемнасць з ягоным папярэднікам, Енсам Стольтэнбэргам


Канкрэтыкі няма, як няма і прэтэнзіяў да Рутэ, працягвае Магда. Нават запрашэнне да NATO, пра якое казаў Зяленскі, мае ўхваляцца не генеральным сакратаром, а кансэнсусам усіх чальцоў NATO, і такога кансэнсусу цяпер няма. Штосьці, кажа палітолаг, магла недапрацаваць у гэтым напрамку Украіна, але галоўнае – пастанова самога Альянсу: 

,,

«Альянсу трэба быць ужо не ў парадным мундзіры, а ў палявым камуфляжы, – паўтарае Магда свае высновы пасля папярэдняга саміту NATO. – Такіх зменаў, як палявога камуфляжу, я, шчыра кажучы, пакуль не бачу».


Нават афіцыйнае запрашэнне Украіны ў NATO не стрымае далейшай агрэсіі Расеі, лічыць Магда. Наадварот, гэта можа падштурхнуць Расею. Да таго ж, у 2022 годзе яна абвясціла чатыры ўкраінскія вобласці «сваёй тэрыторыяй» (Крым назвала «сваім» яшчэ раней, у 2014-м) – Магда ўпэўнены, што незаконнасць гэтага прысабечвання не пашкодзіць краінам NATO казаць: «Як мы можам прыняць Украіну, калі ў яе ёсць тэрытарыяльная спрэчка з ядравай дзяржавай?»


Важны не гэты план, а дазвол карыстацца зброяй


Магда спадзяецца, што 18 кастрычніка прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэнецца не толькі з канцлерам Нямеччыны, але і з кіраўнікамі Францыі і Злучанага Каралеўства – і што разам яны ўхваляць дазвол Украіне біць далёкабойнымі ракетамі па тэрыторыі Расеі.

Палітолаг Яўген Магда ў эфіры «Белсату». 17 кастрычніка 2024 года. Скрыншот: Belsat News / Youtube
Палітолаг Яўген Магда ў эфіры «Белсату». 17 кастрычніка 2024 года. Скрыншот: Belsat News / Youtube

«Для Украіны гэта дасць магчымасць зменшыць тэмпы расейскага наступу, – тлумачыць Магда важнасць такога дазволу. – З улікам пагаршэння надвор’я – а сітуацыя на Данбасе моцна залежыць ад залеваў – удары па камунікацыях Расеі могуць істотна прытармазіць наступ». 


Захад, на ягоную думку, мусіць «зберагаць свой маральны аўтарытэт», каб «заставацца ў ролі сусветнага гульца». Украіна, паводле яго, гэта «лакмусавая папера» – індыкатар эфектыўнасці мадэлі NATO ў шматпалярным свеце. Высілкамі Украіны Еўразвяз і NATO атрымліваюць час падрыхтавацца да расейскай агрэсіі супраць іх саміх, кажа Магда. І пры гэтым Украіна не можа здзейсніць канкрэтных дзеянняў, якія тым высілкам дапамогуць.


А калі прыняць у NATO Украіну без акупаваных тэрыторыяў?


Статут NATO патрабуе ад патэнцыйных чальцоў не мець тэрытарыяльных спрэчак. Але ж Заходняя Нямеччына стала чальцом NATO праз шэсць гадоў па заснаванні Альянсу як Федэратыўная Рэспубліка Германія, якая не прызнавала ўсходняй часткі – кантраляванай саветамі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Можа, гэткі сцэнар пасуе Украіне?


Магда з такой ідэяй не пагаджаецца. Ён даводзіць, што Украіна ўжо цяпер заслужыла пэўную дапамогу. Нагадвае: напярэдадні поўнамаштабнага нападу Расеі практычна ўсе эксперты і палітыкі казалі, што Украіна проста разваліцца ў выпадку вялікай вайны. Цяпер, кажа ён, відавочна, што дзяржавы NATO не будуць ваяваць замест Украіны, але таксама відавочна, што Украіна можа даць NATO больш досведу і практычных ведаў пра Расею. 

Доналд Трамп пасля заявы пра планы ўдзельнічаць у наступных выбарах прэзідэнта ЗША. 15 лістапада 2022 года. (Фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum)

Украіне – сяброўства ў NATO і ЕЗ, Расеі – касаванне санкцыяў. Ці жыццяздольны «план Трампа»?

навіны

А можа, прывабна гучыць план, прапанаваны былым дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэа і прэзентаваны як план кандыдата ў прэзідэнты ЗША Доналда Трампа? У тым плане прапаноўвалі эканамічнымі шляхамі змусіць Расею спыніць агонь і пасля гэтага як найхутчэй прыняць Украіну ў NATO і Еўразвяз. Што рабіць з акупаванымі тэрыторыямі, Пампэа не апісваў, але прапанаваў цалкам зняць з Расеі санкцыі, калі Украіна стане чальцом NATO і Еўразвязу. Для ўзбраення Украіны таксама прапанавана стварыць фонд NATO на 100 мільярдаў долараў, для эканамічнай дапамогі – выкарыстоўваць магчымасці Еўразвязу.


Магда лічыць, што цяжка будзе забяспечыць усё менавіта ў такім выглядзе. Закавыка не толькі ў тым, што ў гэтым плане не падказваюць, што рабіць з акупаванымі тэрыторыямі, апроч як «не прызнаваць акупацыі». Магда перакананы, што для амерыканскай адміністрацыі прывабней гучала б магчымасць больш актыўнага выкарыстання ўкраінскіх нетраў. 


Суразмоўца таксама адзначае, што пасля завяршэння баявых дзеянняў Украіне будзе цяжка і дорага ўтрымліваць мільённыя сілы абароны – цяпер на вайсковыя выдаткі ідзе сума, роўная ўкраінскаму бюджэту. Калі скончацца баявыя дзеянні, а мільённая армія застанецца, шэраг краінаў будзе пытаць, навошта такая армія і ці не хоча Украіна заваяваць іх. Няпроста будзе забяспечыць прапанаваны Пампэа механізм. 


Вітаўт Сіўчык, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10