навіны

Трэба забыцца на 2025-ы і рыхтавацца да зменаў у Беларусі ў 2030-м?

Бамбасховішча. Фота: кадр з праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым
Бамбасховішча. Фота: кадр з праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым
podpis źródła zdjęcia

Сілавікі Лукашэнкі ўжо рыхтуюцца да перадзелу ўлады пасля сыходу Лукашэнкі, а «беларускацэнтрычным» варта ўжо забыцца на нейкія змены ў 2025-м і разлічваць на 2030-ы. Гэтак лічыць кіраўнік Паспалітага рушэння Сяргей Бульба. Палітолаг Пётр Рудкоўскі адзначае, што «аўтакрат Аляксандр Лукашэнка» – гэта яшчэ не найгоршае, як сведчыць прыклад Сірыі і Афганістану, таму на хуткія змены праз нейкія «паходы ў Беларусь» разлічваць не трэба.

Заява ўкраінскага палітыка і дэпутата партыі «Слуга народу» Алега Дунды пра тое, што ягонай краіне варта было ўдарыць па Беларусі, пасля чаго быццам бы беларуская армія складзе зброю, прывялі да дыскусіі. Выказваліся ў тым ліку Аляксандр Лукашэнка і запасны каманды Пуціна Дзмітрый Мядзведзеў, які ў такім разе традыцыйна пагражаў ядраваю зброяй.

Аднак беларускія эксперты ў студыі праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым адзначылі памылковасць разлікаў на здачу Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. У тым ліку не варта разлічваць і на нейкі бунт сярод вайскоўцаў супраць Лукашэнкі, што, паводле былога афіцэра Сяргея Бульбы, звязана з уплывам Масквы на селекцыю вайсковых кадраў у Беларусі.

Не варта разлічваць і на нейкія змены ў выпадку раптоўнага сыходу Лукашэнкі ці то праз натуральныя, ці то праз якія яшчэ чыннікі.

,,

«Праблема – у сістэме. Праблема не ў адным чалавеку. Глядзіце, на маё разуменне, наколькі я адсочваю сітуацыю «чорных лебедзяў» магчымых: напрыклад, тушка Лукашэнкі не вытрывае напругі – вось да гэтага падрыхтаваліся ўсе, апроч беларусацэнтрычных. То бок падрыхтаваліся Карпянкоў з кучкаю сваіх атрадаў па ўсёй Беларусі, Шуневіч, былы кіраўнік МУС, ужо з Таварыства паляўнічых і рыбаловаў снайпераў рыхтуе. Гэта для чаго? Гэта для таго ж перадзелу», – адзначае Сяргей Бульба.


Сяргей Бульба, Віталь Цыганкоў і Пётр Рудкоўскі. Фота: Белсат
Сяргей Бульба, Віталь Цыганкоў і Пётр Рудкоўскі. Фота: Белсат

Адносна ідэяў пра «вызвольны паход у Беларусь» палітолаг Пётр Рудкоўскі адзначыў, што тут існуе «малая імавернасць і высокія наступствы»:

,,

«Дзвесце тысяч жыццяў людзей у Афганістане, каля паловы мільёна ў Сірыі – гэта прадукт спробаў зрынуць аўтакратаў, вельмі агідных, вельмі кепскіх аўтакратаў… Думаю, гэта вельмі сур’ёзная цана».


Кровапраліцце і магчымасць яшчэ большага ўмацавання вакол постаці Лукашэнкі – тое, што варта ўлічваць пры планах на «вызваленне з-за мяжы». Але найбольш істотная іншая праблема.

,,

«Маскоўскі чыннік самы важны тут. На жаль, з 2020 года ён нікуды не дзеўся. Яго роля – я сказаў бы, псіхалагічная. Мы спрабуем весці працу з беларускімі афіцэрамі. І мы яе вядзём і ведаем гэты аргумент, ён заўсёды ўжываецца: калі мы што-небудзь тут падымем, Масква залье гэта ўсё крывёю. Разумееце? І тут якраз, калі ўсё ж Лукашэнка пайшоў бы на згоду з Пуціным і ўсё ж уцягнуў беларусаў у вайну, гэты крок даў бы беларусам магчымасць псіхалагічна пераступіць цераз страх», – тлумачыць Сяргей Бульба.


І адзначае, што супраць сілавога сцэнара ў Беларусі – амерыканскія палітыкі, якія кажуць: «Мы супраць. Хопіць, хопіць Украіны, супраць, каб яшчэ і ў Беларусі гарэў агонь вайны».

Таму, на жаль, сёння адзіная магчымасць – гэта гартаваць уласныя сілы, спрабаваць здзейсніць «прарыў» і чакаць. Сяргей Бульба заклікае ўжо сёння рыхтавацца ажно да 2030 года. Але ці сапраўды ўсё выглядае менавіта так? Глядзіце дыскусію цалкам у новым «Двубоі» з Віталём Цыганковым.


ББ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10