Раман Пратасевіч, той самы, які стаўся прычынаю гвалтоўна пасаджанага самалёта «Ryanair», і зноў робіцца медыйнаю персонаю.
Спытайце ў сяброў-замежнікаў, што яны ведаюць пра Рамана Пратасевіча. У найлепшым выпадку згадаюць гвалтоўна пасаджаны самалёт «Ryanair» у 2021 годзе ў Менску. У найгоршым – не згадаюць нават імені. У беларускай і ўжо нават расейскай павестцы Раман Пратасевіч – персона медыйная. Акурат нядаўна з ёй «ажно сама Сабчак» паразмаўляла. А напярэдадні выхаду размовы незалежным медыям стараліся ўпіхнуць «мегаэксклюзіў» – фота, зробленае на тэлефон у адным з менскіх рэстаранаў, дзе Ксенія Сабчак размаўляе з Раманам Пратасевічам. Тая – нібыта надзейная – крыніца запэўнівала, як складана было зрабіць фота і як важна паінфармаваць пра гэта чытачоў.
Толькі паінфармаваць пра што? Што адзін чалавек (у гэтым выпадку Ксенія Сабчак) бярэ інтэрв’ю ў другога чалавека (у гэтым выпадку Рамана Пратасевіча)? І што? Што з гэтага вынікае? Навошта ўсім пра гэта ведаць?

Адказ на гэтыя пытанні можна адшукаць, калі мы зразумеем, як жа ставіцца да персоны Рамана Пратасевіча. А размовы пра гэта вядуцца з часу першага інтэрв’ю Маркаву [Марат Маркаў цяпер міністр інфармацыі Беларусі, падчас інтэрв’ю з Пратасевічам быў старшынём праўлення БТ. – Заўвага рэд.]. Хтосьці публічна заяўляе, што Раман – здраднік, хтосьці кажа гэтак жа публічна, што ён закладнік. Давайце шчыра: ніхто не ведае, шантажуюць Пратасевіча ці не. Закладнік у турме? Не. Закладнік сітуацыі? Так. Як і ўся краіна, дзе, перад тым як штосьці сказаць ці дзесьці напісаць, трэба падумаць, а ці не прыляцяць за гэта содні і гады зняволення.
Дык што з Раманам? Ігнараваць павестку? Мая прапанова – не весціся на прапаганду. Толькі дурны не заўважае, што Пратасевіч ужо даўно не проста хлопчык-зваршчык з заводу, а медыйная персона. Паехаў у Дубаі? Вось вам кантэнт. Даў інтэрв’ю Ксеніі Сабчак? А давайце пашукаем чырвоныя сцяжкі: раптам Раман маргнуў не ў той бок, а мы не пабачылі. Анонс размовы з Чудзянцовым. Гарант вяртання з’ехалых за мяжу (Васкрасенскі нумар два?) Якую яшчэ ролю яму прыдумаем?
Давайце шчыра: калі б прапагандзе быў не цікавы Пратасевіч, то займаўся б ён зваркаю на заводзе, і мы б пра яго нічога не ведалі. Але яго піхаюць ува ўсе дзіркі. І спрабуюць зрабіць так, каб мы, незалежныя медыі, звярталі на яго больш увагі, чымся на палітычных вязняў, асабліва са статусам інкамунікада.
Падабаецца нам гэта ці не, але Раман – інструмент прапаганды. Як і тыя ж мігранты, якіх пад канвоем вязуць на беларуска-польскую мяжу і прымушаюць штурмаваць яе. Са сваёй волі ці не – гэта ўжо другасны факт. А што мы робім з прапагандаю? Стараемся яе не заўважаць і зрабіць усё, каб яна не ўлезла нам у галовы. Я вельмі спадзяюся, што настане час, калі мы даведаемся ўсю праўду пра падзеі, што здарыліся пасля гвалтоўна пасаджанага самалёта «Ryanair» і перад шматлікімі інтэрв’ю Рамана.