навіны

ПЦ «Вясна»: У верасні паводле крымінальных палітычных справаў асудзілі мінімум 170 чалавек

СІЗА № 7 у Берасці.
СІЗА № 7 у Берасці, Беларусь. 14 лютага 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», цягам верасня паводле палітычна матываваных крымінальнах справаў былі асуджаныя не менш за 170 чалавек, з іх 46 жанчыны і 124 мужчыны.

Паводле звестак праваабаронцаў, найбольш палітычных выракаў вынеслі ў Менску 61. На Берасцейшчыне рэпрэсавалі 44 чалавек, на Гомельшчыне 20, у Менскай вобласці 25, у Віцебскай 9, у Магілёўскай 8, на Гарадзеншчыне тры чалавекі.


Асноўную долю ў структуры крымінальнага пераследу з палітычных матываў складаюць крымінальныя справы паводле 342 артыкулу КК. 46 % асобаў, супраць якіх былі ўжытыя рэпрэсіі ў верасні, мелі ў абвінавачванні гэты артыкул.


Пры гэтым практыка выкарыстання гэтага артыкулу мае рэгіянальную спецыфіку: у Берасцейскай вобласці паводле артыкулу за ўдзел у стыхійных мірных сходах у жніўні і верасні 2020 года ў Берасці, Берасцейскім раёне і Бярозе судзяць пераважна групы асобаў, ставячы ім адны і тыя ж эпізоды. Пры гэтым ужо ў Пінску практыка пайшла ў бок пераследу грамадзянаў па адным чалавеку – толькі за верасень у гэтым горадзе былі засуджаныя сямёра.


Праваабаронцы зазначаюць, што ў верасні працягвалася практыка пераследу сем'яў або групаў сваякоў паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. У Дзяржынску ў межах судовага разбору слухаліся справы ў дачыненні Ірыны і Андрэя Шайкоўскіх, а таксама Аляксандра і Таццяны Грышкевічаў. У судзе Маскоўскага раёну Менску слухалася справа Аляксея і Людмілы Паўловічаў. У судзе Ленінскага раёну Берасці былі асуджаныя муж і жонка да двух і аднаго года пазбаўлення волі адпаведна Генадзь і Ганна Васілюкі. Суд Ленінскага раёну Магілёва засудзіў да двух гадоў абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову Льва Іўчына, бацьку якога, Валерыя Іўчына, тры месяцы раней гэты ж суд засудзіў да двух з паловаю гадоў абмежавання волі са скіраваннем у ПУАТ.


Агулам «Вясна» фіксуе тэндэнцыю паўторнага і наступнага асуджэння грамадзянаў, раней рэпрэсаваных паводле палітычных матываў: у верасні не менш за 12 асобаў засудзілі па другім коле.


Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10