У ноч на 17 кастрычніка два дроны-камікадзэ «Shahed-131/136» заляцелі ў Беларусь. У неба паднімаўся дзяжурны знішчальнік ВПС.
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў ноч на 17 кастрычніка два расейскія дроны «Shahed» заляцелі ў Брагінскі раён Гомельшчыны. Пры гэтым з аэрадрому Баранавічы паднялі дзяжурны знішчальнік ВПС Беларусі, ён скіраваўся на паўднёвы ўсход краіны.
Што далей здарылася з расейскім БПЛА, невядома.
Раней «Беларускі Гаюн» паведамляў, што дроны-камікадзэ заляталі ў Беларусь увечары 16 кастрычніка.
Інфармацыя пра залёт дронаў-камікадзэ ў Беларусь пацвярджаюць афіцыйныя ўкраінскія крыніцы. У Паветраных сілах ЗСУ заявілі, што з вечара 16 кастрычніка да раніцы 17 кастрычніка Расея запусціла па Украіне адну ракету Х-59 і 56 ударных БПЛА.
22 дроны-камікадзэ былі знішчаныя сіламі паветранай абароны, а пяць трапілі ў інфраструктурныя аб'екты ў прыфрантавых рэгіёнах. «Два беспілотнікі выйшлі з паветранай прасторы [Украіны] у кірунку Беларусі, 27 ударных БПЛА і беспілотнікаў нявысветленага тыпу лакацыйна страчаны ў выніку актыўнага супрацьдзеяння РЭБ Сілаў абароны», ‒ паведамілі ў Паветраных сілах ЗСУ.
Нагадаем, што за апошнія некалькі месяцаў падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі рэгулярна залятаюць дроны-камікадзэ «Shahed».
У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівае беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў раёне Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было.
17 верасня наяўнасць праблемы прызнаў Аляксандр Лукашэнка. Але тады ён заявіў, што ў Беларусь нібыта залятаюць і расейскія, і ўкраінскія беспілотнікі. «Чаму гэта адбываецца? Бо і тыя, і іншыя дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць. І адзін з іх знайшлі аж каля Бабруйску», ‒ апавёў Лукашэнка.
Падрабязней пра мэты і заканамернасці палётаў расейскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй Беларусі, можна прачытаць тут.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Глеб Нержын belsat.eu