навіны

«Нарастанне нявызначанасці». Захад не разумее, як інтэрпрэтаваць паводзіны ўладаў Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці разглядаюць банер з фотаздымкамі беларускіх палітычных вязняў падчас акцыі, прысвечанай чацвёртай гадавіне фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці разглядаюць банер з фотаздымкамі беларускіх палітычных вязняў падчас акцыі, прысвечанай чацвёртай гадавіне фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Большасць экспертаў, аналізуючы дзеянні ўладаў Беларусі, кажа пра спробу «заігрываць» з калектыўным Захадам, выклікаць яго не нейкі дыялог, абмяняць палітычных вязняў на скасаванне санкцыяў. Але ці счытваюць заходнія палітыкі гэтыя сігналы? І ці ўвогуле яны ёсць?

Прыкметы таго, што афіцыйны Менск спрабуе заігрываць з Захадам, сталі назірацца з канца чэрвеня, неўзабаве пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва сваёй адміністрацыі і МЗС. 

Цягам ліпеня верасня ў выніку чатырох хваляў памілаванняў у Беларусі на свабоду выйшлі ўжо 115 палітычных вязняў. Гэта самае масавае вызваленне вязняў сумлення за ўвесь час. Акрамя таго, знізілася напружанасць на мяжы з Польшчай і змякчылася публічная рыторыка. Прагучаў шэраг заяваў пра гатовасць распачаць дыялог з ЗША і ЕЗ. Новы кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў анансаваў на лістапад міжнародную канферэнцыю пра супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі, у якой нібыта маюць узяць удзел міністры краінаў Еўразвязу.

Рэакцыя Захаду на гэтыя падзеі і заявы была максімальна стрыманая. ЕЗ і ЗША станоўча ацанілі вызваленне часткі палітычных вязняў, «прынялі да ўвагі» гэты факт, але нагадалі, што за кратамі застаюцца яшчэ каля 1400 асобаў. Ніякіх публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі на высокім узроўні з таго часу не адбылося. Заяваў пра гатовасць сесці за стол перамоваў з боку краінаў Захаду таксама не прагучала.


Эксперты і журналісты не раз выказвалі думку, што афіцыйны Менск сваймі паводзінамі апошнімі месяцамі дасылае Захаду сігнал, што разлічвае на паляпшэнне стасункаў і гатовы дамаўляцца пра абмен палітвязняў на зняцце санкцыяў. Але ці разумеюць у ЕЗ і ЗША сігналы рэжыму Лукашэнкі? Падобна, што не. Паводле інфармацыі «Белсату», паводзіны афіцыйнага Менску на Захадзе лічаць занадта супярэчлівымі і непаслядоўнымі.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сітуацыя на польска-беларускай мяжы напярэдадні абвяшчэння буфернай зоны. Белавежа, Польшча. 3 чэрвеня 2024 года. Фота: Maciej Luczniewski / NurPhoto / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сітуацыя на польска-беларускай мяжы напярэдадні абвяшчэння буфернай зоны. Белавежа, Польшча. 3 чэрвеня 2024 года. Фота: Maciej Luczniewski / NurPhoto / Getty Images

«Нарастанне нявызначанасці»

Падзеі апошніх месяцаў у дыпламатычных колах адной з краінаў Захаду характарызуюць як «нарастанне нявызначанасці».

З аднаго боку, сапраўды больш за сотню палітычных вязняў выйшлі на волю. З другога рэпрэсіі ў краіне не спыніліся і не былі нават зменшаныя. З ліпеня ў Беларусі з’явілася больш новых палітвязняў, чымся былі памілаваныя. Тады як пазіцыя Еўразвязу агульнавядомая: усе палітзняволеныя маюць выйсці на свабоду. На што разлічвае афіцыйны Менск, працягваючы набіраць новых палітычных вязняў заходнія палітыкі не разумеюць. «Мы проста не ведаем, як гэта інтэрпрэтаваць», тлумачаць у дыпламатычных колах.

Як стала вядома «Белсату», няма ў калектыўнага Захаду і разумення таго, як звязаныя паміж сабой (і ці звязаныя ўвогуле) гэтыя два працэсы: памілаванне і працяг рэпрэсіяў. Можа, новыя арышты адбываюцца менавіта таму, што ўлады хочуць аднавіць і папоўніць «абменны фонд» для далейшага гандлю з ЕЗ і ЗША? Краіны Захаду баяцца, што ў гэтай сітуацыі любы крок насустрач Менску, нават сімвалічны, будзе ўспрыняты як заахвочванне такой практыкі. 


,,

Ва ўмовах поўнай нявызначанасці ЕЗ і ЗША прасцей заняць пазіцыю чакання, чымся зрабіць нешта, што можа справакаваць узмацненне рэпрэсіяў.


Лёс найбольш вядомых палітвязняў яшчэ адзін выразны маркер, па якім Захад робіць высновы пра намеры афіцыйнага Менску. Калі арышты або, наадварот, вызваленні некаторых непублічных асобаў тэарэтычна можна патлумачыць мясцовай ініцыятывай, што не адлюстроўвае агульнага курсу, то ясна, што рашэнне наконт топ-палітвязняў прымаецца на самым версе. 

Сярод палітзняволеных, якія выйшлі на волю ў ліпені верасні, на вялікае, ёсць толькі некалькі чалавек, чые імёны выразна гучалі на міжнародным узроўні (Рыгор Кастусёў, Ксенія Луцкіна, Дар’я Лосік). У асноўным былі памілаваныя малавядомыя асобы, якія да таго ж адбылі большую частку тэрміну.

Асаблівую ўвагу Захад надае сітуацыі з рэжымам інкамунікада, створаным для шэрагу палітычных вязняў – Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі ды іншых. Іх з першай паловы 2023 года пазбавілі ўсіх кантактаў з вонкавым светам, і ніякага прагрэсу ў гэтым пытанні за апошнія месяцы не назіралася.

У заяве Еўразвязу за 5 верасня асобна выказвалася занепакоенасць станам здароўя Марыі Калеснікавай і Паліны Шарэнды-Панасюк. Ад Калеснікавай няма звестак больш за 600 дзён, а Шарэндзе-Панасюк дадалі яшчэ адзін год зняволення. Дыпламаты з прадстаўніцтва ЕЗ, амбасадаў Нямеччыны, Аўстрыі і Вялікай Брытаніі ездзілі 14 кастрычніка ў Рэчыцу, дзе адбываўся суд над Шарэндай-Панасюк, але ўлады не пусцілі іх на працэс і да таго ж нацкавалі прапагандыстаў.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць міма плакату з выяваю беларускага журналіста і актывіста Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута ў цэнтры Беластоку, Польшча. 7 кастрычніка 2024 года. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць міма плакату з выяваю беларускага журналіста і актывіста Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута ў цэнтры Беластоку, Польшча. 7 кастрычніка 2024 года. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto / Getty Images

Пазіцыя Менску у тумане

У медыях выказвалася думка, што рэжым Лукашэнкі разлічвае не на поўнае зняцце санкцыяў і вяртанне стасункаў з Захадам на ўзровень да 2020 года, а на нейкую абмежаваную дамову. Напрыклад, абмен часткі палітвязняў на частковае скасаванне санкцыяў.

Як стала вядома «Белсату», у заходніх дыпламатычных колах дапускаюць, што Менск сапраўды спадзяецца на кропкавую ўгоду. Але там пакуль нават не маюць нагоды паразважаць, ці магчыма такі сцэнар у прынцыпе. Насамрэч улады Беларусі ніякіх прапановаў не агучвалі, прынамсі па афіцыйных каналах, запэўніваюць заходнія дыпламаты. 

«Вы маеце разумець, што дыпламаты, якія працуюць у Менску, маюць кантакты толькі на ўзроўні МЗС Беларусі. І вось на гэтых сустрэчах ім прама нічога не кажуць. 



,,

Ніхто канкрэтна не тлумачыць, якіх крокаў з нашага боку яны чакаюць і пры якіх умовах палітвязні могуць выйсці на свабоду. Наадварот, заяўляюць, што ніякіх палітвязняў у Беларусі проста няма. Як пасля гэтага весці дыялог?», апавялі «Белсату».



Заходнія дыпламаты чулі заявы праўладнага спікера Юрыя Васкрасенскага пра нейкія «плюшкі» ўзамен на вызваленне палітычных вязняў. Аднак больш зразумелаю пазіцыя Менску ад гэтага не робіцца. Пагатоў Васкрасенскі не займае ніякіх пасадаў і не ёсць афіцыйным прадстаўніком уладаў Беларусі.

Няма яснасці і наконт кейсу Рамана Пратасевіча. Ягоная актывізацыя ў публічнай прасторы, магчыма, указвае на тое, што Лукашэнка разлічвае на скасаванне тых санкцыяў, што ўводзіліся ў звязку са скандалам з прымусоваю пасадкаю самалёта «Ryanair». 

Нагадаем: інцыдэнт з рэйсам Афіны Вільня прымусіў Еўразвяз спыніць авіязлучэнне з Беларуссю і ў значнай ступені перадвызначыў увядзенне супраць рэжыму Лукашэнкі сектаральных санкцыяў, што закранулі калійную і нафтавую галіну. Аднак у параўнанні з 2021 годам сітуацыя стала нашмат больш складанай і абрасла іншымі, значна больш сур’ёзнымі праблемамі. Да забароны авіязлучэння ў далейшым дадаліся санкцыі супраць «Белавіі», якія ўводзіліся ўжо не праз Пратасевіча, а праз міграцыйны крызіс. А сектаральныя санкцыі ў 2022-м былі значна пашыраныя праз суўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны.


«Чаго яны [улады Беларусі] хочуць? Адмены забароны на авіязлучэнне? Дапусцім, прынамсі тут ёсць свая логіка, разважаюць заходнія палітыкі. Аднак усё астатняе… Скасаванне сектаральных санкцыяў пры цяперашніх раскладах выглядае проста нерэалістычна».



Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларус паказвае знак перамогі ля ІЧУ на Акрэсціна ў Менску, Беларусь. 24 сакавіка 2006 года. Фота: Titov / East News (edited)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларус паказвае знак перамогі ля ІЧУ на Акрэсціна ў Менску, Беларусь. 24 сакавіка 2006 года. Фота: Titov / East News (edited)

Госць з Вашынгтону

Паводле інфармацыі «Белсату», пытанне, як інтэрпрэтаваць паводзіны ўладаў Беларусі, на гэтым тыдні чарговы раз абмяркоўвалася паміж прадстаўнікамі дыпламатычных місіяў краінаў Захаду.


15 кастрычніка амбасада ЗША ладзіла ў Менску невялікі прыём для прадстаўнікоў іншых замежных прадстаўніцтваў у сувязі з візітам у Беларусь чыноўніка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Кевіна Дойла. Кевін Дойл не ёсць высокапастаўленым прадстаўніком Дзяржаўнага дэпартаменту, і ягоны візіт прэзентаваўся як досыць руцінная справа (афіцыйных паведамленняў пра візіт увогуле не было). Разам з тым чыноўнікі з Вашынгтону вельмі рэдка наведваюць Менск, таму гэты факт усё-такі звяртае на сябе ўвагу.

Паводле звестак «Белсату», Кевін Дойл разам з часовым павераным ЗША Пітэрам Каўфманам меў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, на якой у тым ліку абмяркоўваўся лёс палітвязняў. Перамовы не ўнеслі яснасці ў сітуацыю.

Глеб Нержын belsat.eu



больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10