Грузія чатыры гады таму стала адной з краінаў, дзе беларусам было найлягчэй уратавацца ад рэпрэсіяў на радзіме. Беларускія эмігранты адкрывалі там свае бізнесы і крэатыўныя прасторы, аднак пасля выпадкаў адмовы ва ўездзе і дэпартацыі ды прыняцця закону «аб замежных агентах» шмат хто з’язджае. Паглядзелі, што адбываецца на гэтым тле з культурніцкімі прасторамі.
У Тбілісі ўжо 2,5 гады працуе культурніцкая прастора «Кропка». Яе місія – умацаванне патэнцыялу беларускіх актывістаў і актывістак. Адначасова прастора прадстаўляе пляцоўку і для людзей іншых нацыянальнасцяў, калі іхная дзейнасць не супярэчыць каштоўнасцям праекту і нясе карысць для беларусаў, «каб людзі, якія прыйдуць, атрымалі новыя веды ці развілі нейкія навыкі».
Мерапрыемствы ў «Кропцы» ладзяцца самыя розныя – ад кінапраглядаў да трэнінгаў па развіцці лідарскіх якасцяў. Усяго было праведзена больш за 700 імпрэзаў, распавядае адміністратарка прасторы, якая папрасіла не называць ейнае імя з меркаванняў бяспекі:
«З іх толькі 14% арганізавалі мы самі (жаночы курс, трэнінгі па навучанні арганізатараў, сустрэчы з праваабаронцамі і г.д.). Усё астатняе арганізоўваюць людзі - наведвальнікі «Кропкі”, якім мы дапамагалі, некаторыя з іх паспрабавалі актывізм у «Кропцы» і цяпер яны заснавалі і ужо рэалізуюць уласныя ініцыятывы».

У «Кропкі» добрыя стасункі з грузінамі, іх заўсёды запрашаюць на буйныя івэнты – кірмашы, фэсты.
«Мы падтрымліваем парнерскія сувязі з грузінскімі грамадзкімі арганізацыямі - запрашаем экспертаў і экспертак на нашыя мерапрыемствы, кансультуемся, яны вельмі дапамагаюць з рознымі пытаннямі датычна дзейнасці», - распавядае наша суразмоўца.
Пакуль «Кропка» працуе ў звычайным рэжыме, аднак на пачатку 2025 года плануе зачыняцца. Прычынаў такога рашэння некалькі, патлумачыла «Белсату» адміністратарка прасторы:
,,«Частка каманды з’язджае з Грузіі, ды і агулам беларусы з’язджаюць, цяпер няма столькі мерапрыемтсваў, як летась, ці нават на пачатку гэтага года. Усё цяжэй шукаць фінансаванне, а беларусы ў эміграцыі не змогуць падтрымліваць «Кропку» – ім самім неяк трэба пратрымацца».
Закон «аб замежных агентах» паўплываў на агульны настрой
Наклаў свой адбітак і нядаўна прыняты ў Грузіі закон «аб замежных агентах», ці, як ён афіцыйна завецца, «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Паводле нашай суразмоўцы, ён паўплываў на агульны настрой беларускіх некамерцыйных арганізацыяў у Грузіі, а праз патрабаванне рэгістравацца ў рэестры так званых «інаагентаў», некаторыя арганізацыі і актывісты прымаюць рашэнні рэлакавацца.

Агульнае становішча беларусаў і беларускіх арганізацыяў у Грузіі цяпер не самае простае, зазначае адміністратарка «Кропкі»: праз праблемы з дакументамі беларусы з’язджаюць з краіны, часта – разам са сваімі арганізацыямі і бізнесамі, былі выпадкі, калі беларусаў не пускалі ў Грузію пасля візарану – гэта стварае дадатковую напружанасць.
«Але частка актывістаў застаецца ў Гурзіі, некаторыя з іх уцягнутыя ў актыўнае адвакатаванне, як Раман Кісляк, Марына Зялёная, ладзяцца праекты, ініцыятывы», - кажа прадстаўніца прасторы.
Адносна фінансавання прасторы ў сітуацыі, калі самі беларусы не могуць яе падтрымаць, і пошуку спонсарскай падтрымкі, прадстаўніца «Кропкі» адказала: фандрайзінг ніколі не быў простай справай.
Закрыўся праект беларускіх журналістаў «Медыяхаб»
У Батумі з 2021 года адчыніліся некалькі беларускіх прастораў. Адна з іх – праект журналістаў Алеся Залеўскага і Антона Сурапіна «Медыяхаб», які быў створаны паўтара гады таму. «Медыяхаб» працаваў як каворкінг, прастора для івэнтаў, а таксама студыя відэа- і гуказапісу. Акрамя таго, аказваў паслугі па вытворчасці выдэакантэнту. Прастора была запатрабаваная не толькі ў журналістаў, на яе базе ладзіліся сустрэчы, лекцыі, канферэнцыі і т.п. Аднак сёлета ўлетку «Медыяхаб» закрыўся.

З восені 2022 года ў Батумі працуе многафункцыянальная беларуская прастора «Аксяродак», якую заснавала Аксана Акуневіч.
У «Аксяродку» ладзяцца розныя мерапрыемствы, працуе бібліятэка. Дзяцей цяпер запрашаюць на заняткі па робататэхніцы і праграмаванні на беларускай мове. Для дарослых штотыдзень – беларускія і сярэдневечныя, а таксама ірландскія танцы, настольныя гульні, спеўны сход. Акрамя таго, разавыя лекцыі, святы, канцэрты. Адначасова адна з мэтаў прасторы – наладжванне сувязяў з грузінскім грамадствам.

«Пры любой магчымасці мы запрашаем грузін, але менавіта ў Аджарыі з яе закрытым грамадствам гэта цяжка, - зазначае гаспадыня прасторы. - Нягледзячы на гэта, у нас былі лекцыі грузінскага антраполага і даследчыка пра асаблівасці грузінскага грамадства, а таксама пытанні-адказы. Былі сустрэчы з грузінскімі палітыкамі, якія расказалі нам пра асаблівасці палітычнай і грамадска-сацыяльнай структуры Грузіі. Таксама грузінскія паэты традыцыйна прымаюць удзел у Ночы нерасстралянай паэзіі, а таксама былі запрошаныя на паэтычны вечар фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова-2023».
«Данаты пакрываюць 10% арэнды, цяжка цягнуць фінансава і маральна»
Аксана падкрэслівае, што грузіны мала ведаюць пра беларусаў:
«Так, за падзеямі 2020 году сачылі многія, але, агульнага ўражання пра беларусаў і Беларусь няма. Нябачная пляма, але, як сказаў антраполаг, у гэтым наша суперсіла, бо няма ніякіх стэрэатыпаў і чаканняў».
Становішча беларусаў у Грузіі істотна пагоршылася пасля выхаду «консульскага» указу Лукашэнкі, і гэта адбілася на «Аксяродку», кажа яго стваральніца:
,,«Данаты ў лепшым выпадку пакрываюць 10% арэнды. Вельмі цяжка фінансава і маральна цягнуць гэта на сабе, відавочна ахвяруючы ўласным дабрабытам, але пакуль ідэалы перамагаюць».
Закон аб «замежных агентах» не закрануў «Аксяродак».
«Праз тое, што праект моцна завязаны на мне адной, фактычна, гэта мая дзейнасць, а таксама праз тое, што я так і не сабралася перааформіць дакументы з ІП на НДА, па дакументах «Аксяродак» – камерцыйны праект. Планава стратны», - тлумачыць Аксана.

Гаспадыня «Аксяродку» заўважае, што апошнім часам ёсць адчуванне, што беларусы ў Грузіі – на валізках, праекты і прасторы закрываюцца. У бліжэйшым часе закрываецца батумскі офіс АБФ («Актыўным быць файна»), бо няма фінансавання.
«Наколькі я разумею з гутарак з іншымі прасторамі, у розных гарадах і краінах, ва ўсіх не вельмі добрая сітуацыя. Фінансаванне скарачаецца, а ў «Аксяродку» яго ніколі і не было», - зазначае гаспадыня прасторы.
У той жа час, па словах жанчыны, у Батумі пастаяння прыязджаюць новыя людзі, бацькі аддаюць дзяцей у беларускую школу (Аксана Акуневіч разам з грузінскімі партнёрамі адкрыла ў Батумі сярэднюю беларускую школу).
«Пра памяншэнне зацікаўленасці беларусаў я б не сказала, але, канешне, хто жыве тут ужо некалькі гадоў, уцягваецца ў побытавыя клопаты, руціну, і колькасць часу на імпрэзы і тусоўкі скарачаецца. Але, напрыклад, на сустрэчы пра міжнародную абарону ў кастрычніку было 25 чалавек, шмат новых. То бок, беларуская грамада скарацілася, але тых, хто абраў Грузію і плануе тут заставацца таксама шмат», - рэзюмуе гаспадыня «Аксяродку».
Ганна Ганчар belsat.eu