навіны

Тыднёвыя выдаткі Расеі на вайну ва Украіне перавысілі гадавыя бюджэты 80 % рэгіёнаў РФ

расейская армія
Расейская армія. Фота: ura.ru
podpis źródła zdjęcia

Напрыканцы верасня расейскі ўрад апублікаваў праект бюджэту на 2025 год з рэкорднымі ваеннымі выдаткамі памерам 13,2 трлн расейскіх рублёў, ці 38 млрд рублёў на дзень. Сёлета выдаткі на вайну складаюць 11,1 трлн рублёў, ці каля 210 млрд рублёў на тыдзень. Гэта перавышае гадавыя бюджэты 80 % расейскіх рэгіёнаў, падлічыла выданне «The Moscow Times».

Толькі 18 суб'ектаў Расеі з 83 маюць бюджэты, якія перавышаюць тыднёвыя выдаткі на вайну ва Украіне. Сярод іх Масква (4,7 трлн рублёў), Санкт-Пецярбург (1,2 трлн) і адпаведныя вобласці, а таксама прамысловыя рэгіёны: Ханты-Мансійская аўтаномная акруга (380,6 млрд), Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга (389,6 млрд), Кемераўская вобласць (280,1 млрд), Чэлябінская вобласць (331,3 млрд) ды іншыя.


У 64 рэгіёнах бюджэты ніжэйшыя за выдаткі Расеі на вайну за сем дзён. У амаль чвэрці рэгіёнаў бюджэты меншыя за траціну тыднёвых ваенных выдаткаў, сярод іх нацыянальныя рэспублікі: Кабардзіна-Балкарыя, Тува, Марый Эл, Паўночная Асеція, Калмыкія, Карачаева-Чаркесія, Мардовія, Хакасія і Алтай; дэпрэсіўныя вобласці: Тамбоўская, Кастрамская, Арлоўская, Наўгародская і Пскоўская.


Чатыры рэгіёны за год трацяць менш, чымся Расея аддае на вайну ва Украіне за адзін дзень (30 млрд рублёў): Габрэйская аўтаномная вобласць, Інгушэція, Калмыкія і Ненецкая аўтаномная акруга.


Рэгіён з самым малым бюджэтам – Габрэйская аўтаномная вобласць – траціць за год 153 млрд рублёў, што ўдвая менш за штодзённыя ваенныя выдаткі Расеі.


Адначасова з падвышэннем выдаткаў на вайну ў 2025 годзе расейскія чыноўнікі плануюць знізіць траты на сацыяльную палітыку і адукацыю. Выдаткі на ахову здароўя застануцца на цяперашнім узроўні – 1,9 трлн рублёў, але з улікам інфляцыі гэта значыць, што грошай будзе менш.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10