Адкуль у Беларусь прыходзіла мода? Хто прыдумаў вышыванку? У якім рэгіёне стварылі квінтэсэнцыю беларускага традыцыйнага строю? Пра гэта і шмат што іншае апавядае аўтарка і вядоўца новай праграмы «Нітка зорка. Майстэрня Кацярыны Ваданосавай», што выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 18:40. Падрабязнасці – у інтэрв’ю з Кацярынаю.
– Пра што праграма? Ці будзе яна паказваць шматбаковасць нашай гісторыі?
– Я займаюся рэканструкцыяй не толькі беларускіх традыцыйных строяў, але агулам гістарычнага касцюму. З пачаткаў X–XI cтагоддзяў, з якіх мы маем пэўную колькасць гістарычных крыніцаў, да XX стагоддзя.
Наш беларускі нацыянальны строй – гэта XX стагоддзе. Мы не ведаем, які быў нацыянальны строй у XVIII стагоддзі, нават у XIX стагоддзі. Вышыўка крыжыкам прыйшла да нас у XIX стагоддзі.
,,«У межах праграмы я буду апавядаць пра розныя эпохі, тэкстыльныя тэхнікі, элементы моды, уяўленні нашых продкаў наконт моды. І гэта датычыць не толькі сялянскай культуры, да якой належыць традыцыйны строй, але і шляхецкай, а нават магнацкай культуры».
Прыкладам, калі я буду апавядаць пра Полацкае княства, я буду расказваць пра больш статусны касцюм, бо захаваліся больш статусныя знаходкі – метал добра захоўваецца. Ад сялянаў XI стагоддзя не засталося шмат знаходак, а вось людзі з добрым дастаткам маглі пакінуць пасля сябе залататканую тасьму родам з Візантыі, або каўнер, вышыты золатам.
Я не казала б, што праграма прысвечана беларускаму традыцыйнаму народнаму касцюму, яна прысвечаная гісторыі моды Беларусі.
Як пачаўся інтарэс да беларускага нацыянальнага строю? Хто вас вучыў?
Ніхто не вучыў. Я часта хварэла ў дзяцінстве, сядзела ўдома, не было чым заняцца – чытала кніжкі, шыла, вышывала. Памятаю, калі была маленькая, мама алоўкам ці асадкаю малявала ўзоры, нейкія кветачкі, кружочкі, і я іх сядзела вышывала. Сама навучылася шыць і вышываць, вязаць, а нават ткаць. Мне падаецца, гэта вельмі цікавы занятак, таму мне ніколі не было шкада часу на яго. Ад бабуль у мяне засталося шмат вышытых і вывязаных абрусаў, сурвэтак, гэткай матэрыяльнай спадчыны. Я любіла іх разглядаць і быццам прэпараваць, каб разумець, як яны зробленыя, вучыцца не ад чалавека, а ад ужо гатовай рэчы.

– Гэта агромністы пласт ведаў. А можа, вы ва ўніверсітэце пісалі працу пра беларускі строй? Ці быў момант прафесійнага ўваходжання?
– Я ведаю, што некаторыя студэнткі Універсітэту культуры пішуць дыпломныя працы, звязаныя з традыцыйным тэкстылем. Мая знаёмая рабіла дыпломную працу пра маларыцкую намітку. Яна вышывала копію такой наміткі. Я магла б ужо столькі дыпломаў абараніць пры жаданні, але ў мяне адукацыя, не звязаная з працаю з тэкстылем.
,,«Я спецыялізавалася ў археалогіі, і мне вельмі блізкая матэрыяльная культура, гісторыя мастацтва, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І вось нейкім чынам гэта ўсё аб’ядналася ў гістарычнай рэканструкцыі і рэканструкцыі традыцыйных строяў».
– Ці ёсць падлікі, колькі строяў вы ўжо зрабілі?
– Шчыра кажучы, не ведаю. Я ж не толькі строямі займалася. Я доўгі час займалася рэканструкцыяй і пераплётнаю справаю. Рабіла копіі розных пераплётаў. Я ўмею пераплятаць кніжкі накшталт кельцкага Евангелля, або класічным французскім пераплётам XVIII стагоддзя. Вось калі я займалася кніжкамі, аднойчы надумала падлічыць працы. Там было каля 400 розных кніжачак, нататнічкаў, але гэта было даўно, гадоў 10 таму. А ўжо потым я перастала лічыць тое, чым я займаюся. У плане строяў будзе меншы лік, бо строй – гэта вялікі праект, гэта заўсёды шмат працы і шмат часу. Прыкладам, каб зрабіць калінкавіцкі строй, патрэбны год.

–У вас пачаўся новы этап жыцця ў эміграцыі: а што з тымі строямі, якія засталіся ў Беларусі? Ці ўдалося нешта прывезці ці ўсё трэба было пачынаць з нуля?
– Штосьці атрымалася прывезці, а штосьці я падлатала, перарабіла. Удалося прывезці адну сукенку пачатку XVI стагоддзя, эпохі Адраджэння, часу Боны Сфорцы. Я перавезла яе без усіх аксесуараў, нават без рукавоў, бо там рукавы вельмі адметныя, золатам тканыя. Прыйшлося іх аднаўляць тут. Цяпер гэтая сукенка, якую я шыла больш за дзесяць гадоў таму, таксама ёсць на выставе.
Але большая частка таго, што я шыла калісьці, а гэта ў асноўным гістарычныя рэканструкцыі, не традыцыйныя строі, усё даўно знасілася і перастала мець таварны выгляд. Тэкстыль – штука не вельмі даўгавечная. Ты робіш гэтыя рэчы, потым апранаеш на манекен і не дыхаеш у іх бок, і тады яно можа захавацца і сто, і дзвесце гадоў. Або ты апранаеш некалькі разоў і разумееш, што ўсё, на выставу яно не пойдзе. Таго, што засталося ў Беларусі, я не шкадую, бо яно насілася, неаднаразова апраналася, не было там чаго захоўваць. Не шкада.

– Ці была мэта мець строй з кожнага рэгіёну Беларусі? А можа, яна рэалізавалася?
– Я не прывязваюся да нейкіх рэгіёнаў, я прывязваюся да асаблівасцяў крою, асаблівасцяў вонкавага выгляду. Калінкавіцкі строй я рабіла толькі таму, што ён вельмі багата аздоблены. Гэты быў выклік – зрабіць квінтэсэнцыю беларускага традыцыйнага строю.
Астатнія строі я раблю паводле прынцыпу: а што мне хочацца? Напрыклад, хочацца Маладзечанскі стой, бо там ёсць каптур. Я вельмі люблю каптуры, да таго ж мая бабуля была з Маладзечна. У мяне захаваўся кавалак кашулі, якую яна калісьці сама сабе рабіла. Я аднавіла гэтую кашулю. Па кавалку, што захаваўся, зрабіла новую кашулю – адмыслова для маладзечанскага строю. А гарадзенскі строй я аднавіла праз тое, што там вельмі адметная кашуля з чорнаю вышыўкаю. Хаця насамрэч гэта вельмі вялікае пытанне, ці адносіцца яна да гарадзенскага строю. Гэта цэлая дэтэктыўная гісторыя, як яна апынулася ў гарадзенскім музеі, бо, хутчэй за ўсё, яе насілі недзе на памежжы Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Але цяпер гэтая кашуля з чорнай вышыўкай ёсць неад’емнаю часткаю гарадзенскага строю.

– Аднавіць усе кашулі ўсіх рэгіёнаў Беларусі немагчыма. Мне на гэта ні жыцця не хопіць, ні грошай, бо гэта дарагаватае задавальненне. Але мне цікава рабіць, што мала ў каго ёсць.
– У канцы хочацца пачуць рамантычную гісторыю: кшталту, дзяўчаты вышывалі вышыванку і дарылі хлопцу, які ім падабаецца… А можа, была традыцыя вяртацца да вышыванкі ў дзень вышыванкі?
,,«Я толькі зазначу, што ў Беларусі не было слова «вышыванка» да пачатку 2000-х гадоў, гэта наватвор, які прыйшоў да нас з Украіны. Нашыя продкі казалі «кашуля», «сарочка», нават «срака».
Калі дзяўчына збіралася замуж, яна рыхтавала сабе пасаг. Гаворка не пра тое, што яна вышывала нейкую кашулю і дарыла яе жаніху. Яна рыхтавала безліч кашуляў, фартухоў, паясоў, намітак, ручнікоў і адорвала ўсю сям’ю жаніха: і свякруху, і свёкра, і сватоў, і ўсіх меншых братоў-сятрычак, і, безумоўна, самога жаніха.
Да 15–17 гадоў дзяўчына мусіла падрыхтаваць сабе рэчаў з вышыўкай на ўсё далейшае жыццё, бо калі жанчына выходзіла замуж, лічылася, што вышываць – гэта не ейная справа. Замужняя жанчына мусіць у асноўным ткаць, а вышываць – гэта прэрагатыва нявесты. Таму, калі б я жыла 100 гадоў таму, ужо гадоў 20 як не займалася б вышыўкай. Я б толькі прала, часала лён і ткала з яго палатно, можа, шыла з яго нейкія працоўныя кашулі.
А так вышыўка – вельмі рамантычная гісторыя, толькі цяжкая, складаная. Нашыя продкі не жылі катэгорыямі рамантычна – нерамантычна, яны жылі катэгорыямі, як трэба, як правільна, і функцыянавалі, зыходзячы менавіта з гэтага. Як зрабіць так, каб на тым і на гэтым свеце іх пазналі як сваіх і прынялі як сваіх.