Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда назваў міграцыйную стратэгію, якую прэзентаваў за дзень да гэтага прэм’ер-міністр Дональд Туск, «фатальнай памылкай», якая зробіць немагчымым наданне прытулку беларускім апазіцыянерам. Прэм’ер патлумачыў, што гэта не датычыць беларускіх апазіцыянераў, бо яны не пераходзяць мяжы нелегальна.
У адрозненне ад Беларусі, Польшча – дэмакратычная і парламенцкая дзяржава. У ёй уладу мае не адзін чалавек, а і прэзідэнт, і прэм’ер-міністр, і парламент. Часам яны жорстка спрачаюцца. Паседжанне Сейму (ніжняй палаты парламенту) 16 кастрычніка было асабліва гарачым: у гадавіну парламенцкіх выбараў прэзідэнт Анджэй Дуда і прэм’ер Дональд Туск шмат за што крытыкавалі адзін аднаго. Паседжанне транслявала і каментавала TVP.
Анджэй Дуда заявіў, што быў здзіўлены прапановаю прэм’ера пра магчымасць адмовы ад надання прытулку ў Польшчы, бо гэтая прапанова «не паслужыць ахове мяжы і пазбяганню нелегальнай міграцыі», а толькі зробіць немагчымым атрыманне прытулку ў Польшчы для прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Гэта, казаў Дуда, «хіба нейкая фатальная памылка».
Туск на гэта адказаў, што не было ніводнага выпадку, каб беларускі апазіцыянер спрабаваў нелегальна перайсці мяжу.
Алесь Наваборскі belsat.eu