Абраную прэзідэнтку Беларусі ўзнагародзілі прэміяй, якую моладзь дае тым, хто «з асаблівай адданасцю ўкладаецца ў пабудову мірнай, адзінай і ўстойлівай Еўропы».
У часе візіту ў Нямеччыну Святлана Ціханоўская атрымала прэмію «Schwarzkopf Europe Award» за сваю адданасць дэмакратычным прынцыпам і змаганне за дэмакратыю і вяршэнства закону ў Беларусі ды еўрапейскі выбар беларусаў.
«Ейная адвага, стойкасць і эмпатыя, а таксама здольнасць аб'ядноўваць розныя групы дзеля гэтай мэты натхнілі нас і мільёны людзей у краіне і за яе межамі», – растлумачыла журы.
Дзяржаўная міністарка і дэпутатка Бундэстагу (нямецкага парламенту) Рыйм Алябалі-Радаван адзначыла, што Ціханоўская для яе – ідэал палітыка, бо яна змагаецца не за ўладу, а за людзей, якіх рэпрэзентуе. Дэпутатка дадала, што еўрапейцы не забылі пра Беларусь, беларусаў, палітычных зняволеных і тых, хто змагаецца за дэмакратыю.
Прэмію з 2003 года прызначае тое ж журы, якое ўганароўвае «Маладога еўрапейца года» – таксама ад імя «Schwarzkopf Foundation». Намінантаў на «Schwarzkopf Europe Award» выбірае выключна моладзь, увагу надаюць тэмам, звязаным з моладдзю і будучыняй. Летась прэмію атрымаў украінскі пісьменнік, паэт і музыка Сяргей Жадан.
Ціханоўская пасля цырымоніі адказала на пытанні моладзі.
«Без міжнароднай падтрымкі мы не зможам працягваць барацьбы за свабоду. Мы адчуваем патрэбу ў палітычнай, фінансавай і маральнай падтрымцы з боку ЕЗ і міжнародных саюзнікаў. Напрыклад, санкцыі – адзін з найбольш эфектыўных інструментаў ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі. Іх неабходна ўзмацніць, а шчыліны ў абмежаваннях ліквідаваць. Калі свет пакіне цяперашнюю сітуацыю без зменаў – мы страцім Беларусь праз імперскія амбіцыі Пуціна, якія дэстабілізуюць Еўропу», – працытавалі адказ Ціханоўскай на ейным Telegram-канале.
Раней беларуская лідарка сустрэлася з міністаркай замежных справаў Нямеччыны ды абмеркавала вызваленне палітвязняў, пашырэнне выдачы візаў беларусам, зварот у Міжнародны крымінальны суд, легалізацыю беларусаў у Нямеччыне, падтрыманне незалежных медыяў, дапамогу дыяспары ды ціск на рэжым Лукашэнкі. Акрамя таго, Ціханоўская сустрэлася з міністрам юстыцыі, міністаркай адукацыі, віцэ-прэзідэнтам Бундэстагу, лідарам нямецкай апазіцыі і берлінскімі беларусамі; выступіла на выступіла форуме «Будучыня Беларусі».
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Алесь Наваборскі belsat.eu