У аўторак 15 кастрычніка Рада міністраў Польшчы ўхваліла новую міграцыйную стратэгію Польшчы на 2025–2030 гады, якую прадставіў прэм’ер-міністр Дональд Туск. Адным з яе пунктаў, які выклікаў найбольш пытанняў, стала заяўленае часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак.
Як гэта выглядае з пункту гледжання Жэнеўскай канвенцыі аб статусе ўцекачоў, і ці закране новая стратэгія беларусаў, асабліва тых, што ўцякаюць ад пераследу на радзіме лясамі і балотамі, часам без дакументаў? Задалі гэтыя пытанні юрысту і праваабаронцы, які спецыялізуецца на тэме міжнароднай абароны Раману Кісляку, і кіраўніку фонду BYSOL, што эвакуюе беларусаў, Андрэю Стрыжаку.
Права на прытулак як інструмент у гібрыднай вайне
,,«Вярнуць кантроль. Гарантаваць бяспеку» ці міграцыйная стратэгія прынятая. Рашэнне цяжкае, але вельмі патрэбнае і чаканае», - паведаміў у сваім акаўнце ў Х прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Пра новую міграцыйную стратэгію Туск заявіў у суботу, 12 кастрычніка. Яе мэтай абвешчанае стварэнне празрыстых і бяспечных падставаў міграцыі ў Польшчу, якую будуць кантраляваць дзяржаўныя ўстановы. Галоўныя пункты стратэгіі: доступ да тэрыторыі Польшчы, да дзяржаўнай і міжнароднай абароны, рынку працы, адукацыйнай міграцыі, інтэграцыі, атрымання грамадзянства і рэпатрыяцыі, кантакт з дыяспарай. Асноўныя напрамкі ужо ухваленага дакумента ўвечары панядзелка апублікавала Канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы.
Пакуль невядома, якія канкрэтныя змены будуць унесены у міграцыйнае заканадаўства. На стадыі абмеркавання найбольш пытанняў і дыскусіяў выклікаў адзін з элементаў дакументу – часовае тэрытарырыяльнае прыпыненне права на прытулак. Польшча хоча дамагчыся «прызнання права дзяржавы, якой пагражаюць гібрыдныя дзеянні, на адмову ў доступе да сваёй тэрыторыі замежнікам, якія выкарыстоўваюць з гэтай мэтай падачу заявы аб міжнароднай абароне». Такі ж падыход будзе ўжывацца да замежнікаў, адносна якіх існуюць падставы, каб прызнаць іх «пагрозай грамадству краіны, якая яго прымае».
«Стратэгія апісвае спосабы вяртання нашай краінай кантролю над міграцыйнымі працэсамі. У цэнтры гэтай палітыкі – клопат пра бяспеку Польшчы. Урад імкнецца да спынення нелегальнай міграцыі на ўсходняй мяжы. У выпадку пагрозы дэстабілізацыі дзяржавы праз наплыў мігрантаў, павінна быць магчымым часовае і тэрытарыяльнае прыпыненне права на прыём прашэнняў аб прытулку, - распавядае пра прынятую стратэгію Канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы. - <...> Польшча не можа дазволіць, каб пад прэтэкстам падання заяваў аб прытулку, нашую ўсходнюю мяжу перасякалі арганізаваныя і кантраляваныя праз Расею і Беларусь групы нелегальных мігрантаў».
Польшча настойвае, што падыход да права на прытулак мусіць быць перагледжаны на ўзроўні Еўразвязу ў адпаведнасці з актуальнай міграцыйнай сітуацыяй.
Ці Дональд Туск прыпыняе Жэнеўскую канвенцыю?

Дональд Туск спасылаецца на прыклад Фінляндыі, якая ў траўні бягучага года ўвяла часовае прыпыненне падачы заяваў на прадстаўленне прытулку на пэўнай частцы мяжы, а таксама закрыла ўсе сухапутныя пераходы з Расеяй. Фінскія памежнікі таксама атрымалі права выдвараць прасіцеляў прытулку на пэўных памежных пераходах. Паводле польскага прэм’ера, гэта адказ на гібрыдную вайну, абвешчаную Еўропе беларускім і расейскім рэжымамі.
«Права на прытулак выкарыстоўваецца ў гэтай вайне толькі як інструмент і не мае нічога агульнага з правамі чалавека», – напісаў раней Туск у Х.
Віцэ-міністр унутраных справаў Польшчы Мацей Душчык, які працаваў над новай міграцыйнай стратэгіяй, лічыць, што колькасць мігрантаў у Польшчы ўжо амаль крытычная:
,,«10 гадоў таму ў нас у Польшчы было 100 тысяч мігрантаў, сёння – 2,5 мільёны чалавек. Мы мусім задумацца, ці не парушаем грамадскую раўнавагу».
Душчык зазначыў, што намер увесці часовае прыпыненне права на прытулак не значыць выхаду Польшчы з міжнародных канвенцыяў і дамоваў.
Заяву Туска раскрытыкавалі еўрапейскія праваабаронцы.
«Задумваюся над тым, ці прэм’ер Дональд Туск, прыпыняючы права да прытулку, прыпыняе таксама Жэнеўскую канвенцыю, правы чалавека, прынцып non-refoulement (ён забараняе высылаць уцекача ў краіну, дзе яму пагражае рызыка пераследу – рэд.) і іншыя міжнародныя правы, як, напрыклад, Міжнародная канвенцыя правоў дзіцяці?» – заявіла Яніна Охойска, стваральніца і былая кіраўнічка Польскай Акцыі Гуманітарнай (PAH).
«Каб прыпыніць права на прытулак, трэба абвесціць надзвычайнае становішча»
Краіна можа прыпыніць прадстаўленне міжнароднай абароны, і практыка такая ёсць, кажа беларускі юрыст і праваабаронца Раман Кісляк. Аднак гэта адбываецца звычайна падчас ваеннага становішча ці ў надзвычайнай сітуацыі, калі немагчыма рэалізоўваць права на прытулак.
,,«У нармальнай сітуацыі гэта не прадугледжана Канвенцыяй аб статусе ўцекачоў 1951 года. Каб прыпыніць права на прытулак, краіна мусіць ці абвесціць надзвычайнае ці ваеннае становішча, ці дэанансаваць канвенцыю і паведаміць пра гэта ў Еўрапейскі суд, іншыя еўрапейскія органы, ААН», – зазначае праваабаронца.
Канвенцыя аб статусе ўцекачоў рэгулюе права на прытулак, але таксама закранае асноўныя правы чалавека, якія «знаходзяцца зусім побач», кажа Раман Кісляк.
«Калі чалавеку адмаўляюць у прытулку, ці выкідваюць яго назад у краіну паходжання без разгляду заявы, гэта можа закрануць таксама ягонае права на жыццё, на свабоду ад катаванняў, бо людзі бягуць пераважна з тых краінаў, дзе іх як раз можа чакаць катаванне ці нават прычыненне смерці», - тлумачыць праваабаронца.
Датычыць гэта і тых, хто можа быць высланы назад у Беларусь, якую ў Еўропе лічаць небяспечнай краінай.
«Ёсць рашэнні Еўрапейскага суду па правах чалавека, калі адмовы ў прытулку і выкідванні Польшчай чалавека назад у Беларусь прызнаюцца парушэннем права. Але, на жаль, польскія ўлады пры розных урадах праводзілі такую практыку – выкідання мігрантаў», - заўважае эксперт.
Польшча зацікаўленая ў беларусах?

Безумоўна, беларускія і расейскія ўлады выкарыстоўваюць мігрантаў як зброю, і пачалося гэта нават не ў апошнія тры гады, а раней, кажа Раман Кісляк. У 2017 – 18 гадах Расея не без падтрымкі Лукашэнкі, на думку праваабаронцы, адкрыла калідор, па якім у Польшчу паехалі натоўпы чачэнскіх уцекачоў. Палякі тады іх гэтак жа не пускалі. Тыя хвалі міграцыі таксама былі інструментамі у пэўных палітычных мэтах, зазначае Раман.
«Безумоўна, краіна мае права і абавязак абараняць сябе. Аднак неабходнасць абароны і бяспекі не выключаюць неабходнасці выконваць правы чалавека і прытрымлівацца чалавечнасці. Тут трэба знайсці баланс, бо дзяржава не можа абараняць сябе, парушаючы асноўныя права чалавека. Тады ёй трэба адмовіцца ад узятых на сябе абавязальніцтваў, дэанансаваць падпісаныя дамовы. Але я не думаю, што Польшча пойдзе на гэта. Хутчэй за ўсё, будуць нейкія хітрыя крокі. Хоць лепш пра гэта разважаць, калі можна будзе ўбачыць і прааналізаваць законапраект», - кажа юрыст.
Магчыма, Польшча будзе раздзяляць мігрантаў на пэўныя катэгорыі і вызначаць, каго будзе пускаць, а каго не, разважае Раман. Яшчэ адзін шлях – пайсці па прыкладзе Фінляндыі, якая закрыла мяжу з Расеяй – так змяншаецца верагоднасць, што ў краіну трапяць мігранты, і тады не трэба будзе і разглядаць іхныя заявы.
,,«Бо, калі чалавек ужо трапіў на тэрыторыю краіны і просіць прытулак, ён мае права ўвайсці ў гэтую працэдуру, а краіна абавязанае разгледзець ягонае прашэнне», - зазначае праваабаронца.
Каб рабіць высновы, ці закрануць анансаваныя Тускам змяненні ў міграцыйнай палітыцы беларусаў, трэб спачатку ўбачыць, што рэальна будзе зроблена ў межах новай стратэгіі, кажа Раман Кісляк:
«Наколькі мне вядома, Польшча імкнецца абмежаваць прыток уцекачоў з Бліжняга Усходу – з Індыі, Пакістану, Сірыі, Афганістану, якія едуць праз Расею і Беларусь, кепска інтэгруюцца ў польскае грамадства, з'язджаюць далей у Нямеччыну. У прыездзе беларусаў, якія працуюць, нічога не парушаюць, Польшча як раз зацікаўленая, і так было заўсёды. Хоць, канешне, такі падзел таксама парушае правы чалавека, але ён існаваў і раней».
На думку Рамана Кісляка, у спробах абараніць сябе дзяржавам варта дзейнічаць згодна з правам і не забывацца пра чалавечнасць.
«Палітыкі робяць палітычныя заявы, але ёсць права, якое нельга ламаць. Яго можна змяняць праз законапраепкты, дэнансацыю канвенцыяў, пратакалоў», - рэзюмуе праваабаронца.
А што з беларусамі, якія ўцякаюць без пашпартоў?

Тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак, імаверна, будзе азначаць, што прашэнні аб абароне не будуць прымацца на мяжы Польшчы з Беларуссю і Расеяй. Мы запыталіся ў кіраўніка фонду BYSOL Андрэя Стрыжака, ці паўплывае гэта на працу эвакуацыйнай службы і на лёс беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў на радзіме без візаў, а часам і без пашпартоў і іншых дакументаў. Андрэй лічыць, што беларусам дакладна няма пра што хвалявацца:
,,«Гэта ўнутрыпалітычныя таркі. Нам як BYSOL тут няма чаго каментаваць. Там ужо і ЕЗ выказаўся, і спікер парламенту. Для нас нічога не змяняецца», - сказаў кіраўнік фонду салідарнасці.
Намеснік Святланы Ціханоўскай, лідар НАУ Павел Латушка запрасіў сустрэчу з польскімі чыноўнікамі, каб высветліць, ці могуць для беларусаў прыпыніць у Польшчы права на атрыманне прытулку.
«Мы, канешне, разумеем, калі краіна робіць усё, каб забяспечыць сваю бяспеку, бо прыярытэтам для кожнага ўраду з’яўляецца бяспека дзяржавы і народу гэтай краіны, – пракаментаваў “Белсату” Павел Латушка. – З іншага боку мы ўдзячныя польскаму ўраду, польскаму грамадству, што яны прынялі велічэзную колькасць беларусаў, якія вымушана выязджаюць з тэрыторыі Беларусі апошнімі гадамі. Па розных падліках называецца нават лічба ў 250 тысяч чалавек, якія вымушана з’ехалі ў Польшчу. Польшча – гэта краіна №1, у якую накіроўваюцца беларусы. На сённяшні дзень мы маем афіцыйную інфармацыю аб тым, што на пачатак года 9100 беларусаў атрымалі статус уцекачоў на тэрыторыі Польшчы».
Палітык падкрэсліў, што для беларускіх дэмакратычных сілаў з’яўляецца вельмі важным захаванне магчымасці атрымання статусу ўцекача для грамадзянаў Беларусі, якія вымушана выязджаюць з тэрыторыі Беларусі.
«Дзеля таго, каб атрымаць больш дакладныя звесткі, я запрасіў сустрэчу з намеснікам міністра ўнутраных спраў Мацеем Душчыкам, які адказвае за міграцыйную палітыку ва ўрадзе Польшчы. Таксама з кіраўніком ведамства па справе замежнікаў, каб яшчэ раз дакладна атрымаць гэтую інфармацыю і перадаць нашыя засцярогі. Бо гэта важна для нас, для тых, хто ўжо знаходзіцца ў працэдуры разгляду прадстаўлення статусу ўцекача, для тых, хто на жаль будзе вымушаны выехаць з Беларусі, каб такая магчымасць была захаваная», – падкрэсліў Павел Латушка.
Ганна Ганчар belsat.eu