15 кастрычніка быў для беларускіх зборных няўдалым днём: моладзевая саступіла Фарэрскім астравам і канчаткова праваліла адбор на чэмпіянат Еўропы, а дарослая ледзь здабыла нічыю з Люксембургам.
Нацыянальная зборная Беларусі ў 4-м туры групы C3 Лігі нацыяў UEFA згуляла 1:1 са зборнай Люксембургу – краіны з насельніцтвам, меншым у 13 разоў.
Мяркуючы са статыстыкі матчу, беларусам яшчэ пашанцавала: валоданне мячом – 62 на 38 % на карысць люксембуржцаў, 11 на 14 спробаў забіць, перавага праціўніка ў колькасці і трапнасці пасаў. Не пашчасціла беларусам толькі забіць пенальці на 11-й хвіліне, забілі на 54-й, але атрымалі гол у адказ з пенальці на 78-й.
Ды ў сваёй групе Беларусь цяпер на другім месцы пасля Паўночнай Ірландыі. Нашая зборная яшчэ не зазнавала паразы: мае адну перамогу (у папярэднім матчы з Люксембургам) і тры нічыіх (з Паўночнай Ірландыяй, Люксембургам і Балгарыяй). Наступныя гульні – з Паўночнай Ірландыяй 15 лістапада і з Балгарыяй 18 лістапада.
Урад Злучанага Каралеўства заклікаў Паўночную Ірландыю (частку Каралеўства) байкатаваць гульню з Беларуссю, атрыманне візаў беларускімі футбалістамі пад пытаннем.
Беларусь гуляе ў межах Лігі нацыяў С – трэцяга з чатырох дывізіёнаў спаборніцтва еўрапейскіх зборных. Хатнія гульні зборнай Беларусі адбываюцца на нейтральных палях у Вугоршчыне, без гледачоў.
У моладзевай зборнай – правал
Моладзевая зборная Беларусі (гульцы не старэйшыя за 21 год) завяршыла кваліфікацыйны раўнд на чэмпіянат Еўропы 2025 года паразаю: Фарэры перамаглі ўдома 1:0, забіўшы на 36-й хвіліне. Перад гульнёю трэнер нашай зборнай наракаў, што на Фарэрскія астравы давядзецца дабірацца паўтара дня з дзвюма перасадкамі: аўтобусам да Вільні, самалётам да Капэнгагену, адтуль самалётам на астравы.
Беларусь на пятым з шасці месцаў у сваёй групе і з адной перамогай за 10 матчаў. Заняць высокае месца ў адной групе з Партугаліяй, Харватыяй і Грэцыяй сапраўды было б няпроста, ды Беларусь аказалася ў выніку між Фарэрскімі астравамі (насельніцтва якіх крыху большае за Кобрын) і Андорай (якая паводле колькасці насельніцтва між Жлобінам і Полацкам).
13 гадоў таму, на чэмпіянаце Еўропы – 2011, Беларусь заняла трэцяе месца, саступіўшы ў паўфінале Іспаніі і перагуляўшы Чэхію ў дадатковым матчы. Пасля гэтага на моладзевых чэмпіянатах Еўропы Беларусь не выходзіла з адборачнага раўнду, застаючыся на чацвёртым ці пятым месцах.
Алесь Наваборскі belsat.eu