Хаця санкцыі артыкула 328 КК Беларусі гавораць аб пазбаўленні ці абмежаванні волі, суд палічыў, што замежніку дастаткова заплаціць штраф.
Пракуратура Цэнтральнага раёна Менска расказвае, што 34-гадовы іншаземец з сябрам прыехаў у Менск на футбольны матч, а на наступны дзень яны разам адправіліся на вул. Зыбіцкую. Тамака напіліся і сталі высвятляць адносіны, чым нібыта прыцягнулі ўвагу АМАП.
Па версіі следства, супрацоўнік АМАП спытаў, ці ёсць пры сабе нешта забароненае, і замежнік усё паказаў: 0,5 г марыхуаны і амаль 0,7 г гашышу, а таксама прыстасаванне для іх ужывання. Іншаземец таксама распавёў, што з 17 гадоў перыядычна ўжывае наркотыкі, а ў Менску дастаў іх у знаёмага заўзятара на стадыёне «Дынама».
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу, але ў выніку далі толькі штраф – 40 тысяч рублёў (каля 11,2 тысячы еўра).
«Суд прызнаў яго вінаватым у незаконных без мэты збыту набыцці, перавозцы і захоўванні наркатычных сродкаў і на падставе ч. 1 арт. 328 КК, ужыўшы арт.70 КК, прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 1 000 базавых велічынь (40 000 рублёў), – пракаментаваў справу намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Андрэй Нікольскі.
Пакаранне па ч. 1 арт. 328 КК Беларусі прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. А всь расплывісты арт. 70 КК кажа пра тое, што «з улікам асобы вінаватага пры наяўнасці выключных абставін» суд можа прызначыць пакаранне ніжэй за ніжэйшую мяжу, прадугледжаную адпаведным артыкулам.
Тэса Анэйда belsat.eu