У судзе Рэчыцы маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей атрымала дадаткова год і адзін дзень пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
«Толькі адзін дзень заставаўся з мінулага тэрміну... Але ён гучыць як смяротны прысуд, бо Паліна можа фізічна не вытрымаць чацвёртае кола пекла. «Суддзя» Станіслаў Іванюценка вельмі спяшаўся выканаць загад, як мага хутчэй вынесці прысуд. Каб пачвары паспелі адправіць Паліну зноў у калонію. Адправіць на новыя пакуты і здзекі. Каб пякельнае кола для Паліны працягвала свой ход, выцягваючы з Паліны апошнія сілы і жыццё. Жыццё Паліны боўтаецца но тоненькай нітачцы, якая ў любы момант можа абарвацца», — напісаў пасля прысуду Андрэй Шарэнда, муж Паліны.
Нагадаем, што ў чэрвені 2021-га суд Маскоўскага раёну Берасця прысудзіў Паліне Шарэндзе-Панасюк 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму адразу паводле некалькіх крымінальных артыкулаў: арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»), арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») і арт. 368 КК («Публічная абраза прэзідэнта»).
У красавіку 2022-га палітзняволенай прысудзілі яшчэ 1 год паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га той самы суддзя Станіслаў Іванюценка дадаў зняволенай яшчэ год паводле таго ж артыкулу.
Стан здароўя жанчыны моцна пагоршыўся, казаў у верасні ейны муж.
Тэса Анэйда belsat.eu