Масква і Пхеньян узмацняюць сваю супрацу ў вайсковай сферы і зараз фармуюць так званы «спецыяльны бурацкі батальён», паведаляюць украінскія медыі.
«На базе 11-й ОДШБр расейскай арміі фармуецца так званы «спецыяльны бурацкі батальён», укамплектаваны грамадзянамі КНДР. Меркаваная колькасць асабовага складу – да трох тысяч чалавек. Зараз ідзе працэс забеспячэння батальёна стралковай зброяй і боепрыпасамі, пра гэта Суспільнаму паведамляюць крыніцы ў выведцы. Верагодна, што батальён будзе задзейнічаны для выканання баявых задач пад Суджай і Курскам, – паведамляюць «Суспільне новини».
Нагадаем, 15 кастрычніка Уладзімір Пуцін унёс на ратыфікацыю ў Дзяржаўную думу Расеі «Дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж КНДР і РФ». Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае ваенную дапамогу адным з бакоў дамовы іншаму, які знаходзіцца ў стане вайны. Дамова носіць бестэрміновы характар і набывае моц пасля ратыфікацыі і абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
«У выпадку, калі адзін з Бакоў падвергнецца ўзброенаму нападу з боку якой-небудзь дзяржавы або некалькіх дзяржаў і апынецца такім чынам у стане вайны, то другі бок неадкладна акажа ваенную і іншую дапамогу ўсімі наяўнымі ў яго распараджэнні сродкамі ў адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН і згодна з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі», — гаворыцца ў дакуменце.
Як заявіў падчас вячэрняга звароту 14 кастрычніка ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, Расея плануе гэтай восенню-зімой «фактычна ўключыць» КНДР у вайну супраць Украіны.
Тэса Анэйда belsat.eu