Дэпазіты ў замежнай валюце скараціліся на $ 605,9 млн ( - 5,8 %) у верасні і склалі $ 9,85 млрд на дзень 1 кастрычніка, паведамляе Нацыянальны банк.
Дэпазіты ў замежнай валюце скараціліся адразу на Br 1,65 млрд да Br 31,66 млрд (- 5 %). У доларавым выражэнні зніжэнне склала $ 605,9 млн (- 5,8 %). 1 кастрычніка валютных укладаў у Беларусі было на $ 9,85 млрд. У асноўным зніжэнне адбылося за кошт дэпазітаў юрыдычных асобаў, паведамляе Нацбанк.
Наяўных грошай за верасень стала на Br 177,6 млн больш (+ 1,6 %), чымся ў пачатку верасня. Усяго аб'ём наяўных дасягнуў Br 11,31 млрд.
Колькасць наяўных разам з пераводнымі дэпазітамі, то бок дэпазітамі да запатрабавання (агрэгат М1) вырасла на 3,6 % і склала да 1 кастрычніка Br 27 млрд.
Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2), то бок наяўныя, пераводныя дэпазіты і тэрміновыя дэпазіты ў беларускіх рублях, вырасла на 3,7 %, да Br 47,83 млрд.
Рублёвая грашовая маса (наяўныя, пераводныя дэпазіты і тэрміновыя дэпазіты ў беларускіх рублях, а таксама сродкі ў цэнных паперах, акрамя акцыяў), павялічылася на 3,5 % і склала Br 49,69 млрд.
За верасень шырокая грашовая маса павялічылася ўсяго на Br 39,4 млн. 1 кастрычніка яна склала Br 81,84 млрд, што ўсяго на 0,04 % больш, чымся 1 верасня.
Такое павелічэнне выглядае зусім невялікім на фоне росту шырокай грашовай масы ў жніўні – дадалося 2,7 %, або Br 2,16 млрд. З пачатку года яна ўвогуле павялічылася на 8,1 %, то бок на Br 6,17 млрд.
Шырокая грашовая маса адлюстроўвае колькасць грошай у эканоміцы. У яе ўваходзяць аб'ём наяўных грошай у абароце ў людзей і ў касах арганізацыяў (акрамя банкаў), безнаяўныя грошы ва ўкладах да запатрабавання і на разліковых рахунках арганізацыяў і прадпрымальнікаў, тэрміновыя ўклады фізічных і юрыдычных асобаў у беларускіх рублях ды іншых валютах, укладанні ў каштоўныя металы або камяні, каштоўныя паперы (акрамя акцыяў).
Арсен Рудэнка belsat.eu