Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Берлін сустрэлася з Фрыдрыхам Мэрцам, лідарам апазіцыі ў Нямеччыне і кандыдатам на пасаду канцлера на выбарах 2025 года. Дэталі гэтай ды іншай сустрэчаў паведамілі ў прэс-службе беларускай лідаркі.
Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская і Фрыдрых Мэрц абмеркавалі ролю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне, падтрыманне еўрапейскай перспектывы для Беларусі, падтрыманне для грамадзянскай супольнасці. Ціханоўская заклікала адрозніваць беларусаў і рэжым ды не класці Беларусь і Расею ў адзін кошык.
«Я ўдзячная дэпутатам Бундэстагу за падтрыманне беларускага пытання ўсе гэтыя гады, асабліва мы ўдзячныя за рэзалюцыю аб Беларусі, прынятую год таму, што заклікае пашыраць практыку выдачы візаў, развязваць пытанні з легалізацыяй, падтрымліваць медыі і беларускую ідэнтычнасць. Мы бачым, што рэзалюцыя Бундэстагу ўжо выконваецца. Я таксама ўдзячная дэпутатам за падтрыманне нашых палітычных вязняў і намаганні ў іхным вызваленні. Гэта складанае і балючае пытанне, якое павінна быць на першым месцы. Мы гаварылі і пра падтрыманне медыяў ды грамадзянскай супольнасці, рэабілітацыю былых палітзняволеных. А таксама пра прыцягненне рэжыму да адказнасці», — сказала Ціханоўская па сустрэчы.

Палітычная дзяячка таксама сустрэлася з Групаю сяброў Беларусі ў Бундэстагу, удзел узялі прадстаўнікі асноўных партыяў Нямеччыны. Разам з Ціханоўскай удзел у сустрэчы бралі ейны намеснік Павел Латушка і спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава.
Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні вызвалення палітычных вязняў, непрызнання выбараў 2025 года, пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, падтрыманне незалежных медыяў ды ініцыятываў Нямеччынай, а таксама рэабілітацыі палітычных вязняў. Ціханоўская падзякавала за рэзалюцыю Бундэстагу на падтрыманне мабільнасці беларусаў, а таксама адзначыла, што Нямеччына пашырыла практыку выдачы шэнгенскіх візаў.
Сярод іншага, абмеркавалі сітуацыю з Марыяй Калеснікавай, Алесем Бяляцкім, Сяргеем Ціханоўскім ды іншымі, а таксама крокі, якія Нямеччына можа зрабіць для вызвалення палітвязняў, у тым ліку з гуманітарнага спісу. Ціханоўская прапанавала пашырыць кампанію патранажу над палітзняволенымі, заклікала браць беларусаў на стажыяванне ў Бундэстаг.
Акрамя таго, Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары «Разам» у Берліне, найбуйнейшым прадстаўніцтвам інтарэсаў беларусаў, якія жывуць у Нямеччыне.
Адзначым, што ў 2025 годзе ў Нямеччыне маюць прайсці парламенцкія выбары. На гэты момант найбольшыя шанцы на перамогу мае блок Хрысціянска-дэмакратычнага звязу і Хрысціянскага сацыяльнага звязу на чале з Мэрцам.
Якуб Хруст belsat.eu