Вайсковаабавязаных, якія прызываюць на вайсковыя і спецыяльныя зборы, цяпер трэба апавясціць не пазней як за сем дзён да іх пачатку замест ранейшых дзесяці дзён. Адпаведныя змяненні ў Палажэнне аб парадку праходжання вайсковых і спецыяльных збораў апублікаваныя 15 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
«У Палажэнні аб парадку праходжання вайсковых і спецыяльных збораў, зацверджанай пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь за 27 студзеня 2004 года № 78: у частцы першай пункту 17 лічбы „10“ замяніць лічбай „7“», ‒ гаворыцца ў пастанове ўраду.
Таксама змянілі арганізацыю перавозу тых, каго прызвалі на зборы, і павысілі век асобаў з 16 да 17 гадоў, адносна якія патрабуецца згода вайсковага камісарыяту ў звязку з афармленнем сталага пражывання за межамі Беларусі.
Сілавікі ў Беларусі тэстуюць новую форму прызыву вайсковаабавязаных: выклікаюць на адна-двухдзённыя зборы без абвяшчэння мабілізацыі. Як сцвярджае сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, людзі на такія зборы едуць з вялікаю ахвотаю. Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар упэўнены, што бальшыні ўдзельнікаў такія зборы не патрэбныя, але і адмовіцца ад іх мала хто можа:
«Адмова ад удзелу ў такіх захадах значыць, што цябе бяруць на аловак. Хутчэй за ўсё, ты нейкі нядобранадзейны. Хутчэй за ўсё, ты нешта задумаў. Таму тут некаторыя, хочаш ці не хочаш, ідуць. Ёсць людзі, якія на сувязі, ідуць і глядзяць, слухаюць і бачаць, што там адбываецца. Потым гэтую інфармацыю даносяць да нас».
На такіх вучэннях не толькі імітуюць баявыя дзеянні, але і нагадваюць былым сілавікам, як затрымліваць людзей у краіне. Паводле каардынатара «Нашай візіі» Вадзіма Мажэйкі, рэжым такім чынам хоча запалохаць насельніцтва Беларусі. Маўляў, каб зноў не выйшлі на пратэсты, няхай сабе і мірныя.
Якуб Хруст belsat.eu