навіны

Нарвегія адмовіла ў «дакуменце замежніка» тром беларускім студэнтам, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў

Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак. Фота: mlyn.by
podpis źródła zdjęcia

Дэпартамент у справе міграцыі Нарвегіі (UDI) адмовіў у атрыманні «дакумента замежнікаў» тром грамадзянам Беларусі: 24-гадоваму Віталю, 20-гадовай Ганне (імя зменена з меркаванняў бяспекі) і 20-гадоваму Мікіту.

Пра адмову ў выдачы дакументаў апавядае партал vg.no. У публікацыі паведамляецца, што беларусы ўцяклі з Беларусі ў Нарвегію і не могуць вярнуцца дадому праз палітычны пераслед. Цяпер у іх мінае тэрмін дзеяння пашпартоў, беларусы рызыкуюць застацца без дакументаў.


Партал апісвае гісторыю Віталя, які пасля выбараў 2020 года перажыў у Беларусі «зневажальныя допыты, арышты, ператрусы і пагрозы з боку КДБ» за ўдзел у акцыях пратэсту. У Нарвегію ён трапіў паводле праграмы «Студэнты пад рызыкаю». Цяпер Ганна і Мікіта працуюць у Нарвегіі і маюць працоўныя візы.

Таксама вядома, што ў Беларусі яны «бралі ўдзел у пратэстах і ахвяравалі грошы дысідэнтам». Адмова ў выдачы «дакументаў замежніка» UDI матывавала тым, што «няма дастатковай дакументацыі або малаімаверна, што названыя асобы спрабавалі атрымаць праязныя дакументы <...> ў сваёй краіне».

У лісце міністарцы юстыцыі Нарвегіі Эмілі Мэль праваабарончая арганізацыя «Нарвежскі Хельсінкскі камітэт» (НХК) звярнула ўвагу, што ў такой сітуацыі беларускія грамадзяне не могуць вярнуцца ў Беларусь для замены пашпартоў і цяпер вымушаныя перабываць у становішчы, што нагадвае «безграмадзянства». Паводле генеральнай сакратаркі НХК Бэрыт Ліннэман, цяперашняя працэдура легалізацыі беларусаў у Нарвегіі «не працуе».

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10