Лідарка дэмсілаў Беларусі выступіла 14 кастрычніка ў Берліне на форуме «Будучыня Беларусі». Падчас свайго выступу яна заклікала Захад не закрывацца ад беларусаў, а, наадварот, зрабіць усё магчымае, каб вярнуць іх у Еўропу, дзе ім самае месца.
Паводле словаў Святланы Ціханоўскай, якую цытуе «Позірк», «пакуль дыктатараў ізалююць і караюць санкцыямі, народ Беларусі, які працягвае змагацца за сваю свабоду, павінен атрымліваць падтрымку», дадаўшы, што «маладым беларусам павінны выдавацца бясплатныя візы і стыпендыі, падтрымку павінны атрымліваць незалежныя дзеячы мастацтва і непадцэнзурныя СМІ».
Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць «змяніць погляд на Беларусь» і разглядаць краіну «не як пагрозу, а як магчымасць».
«Мы павінны разглядаць Беларусь не проста як рэжым, а як краіну глыбока еўрапейскіх людзей. У адрозненне ад Расеі, у Беларусі ёсць дакументальна пацверджаная дэмакратычная большасць. Выбар на карысць Еўропы быў зроблены не дзеля кароткатэрміновых выгад, а праз гісторыю, культуру і ідэнтычнасць Беларусі», – заявіла Святлана Ціханоўская.
Паводле яе словаў, «беларусы не падзяляюць расійскі імперскі менталітэт», «адпрэчваюць вайну Расеі ва Украіне і не хочуць быць часткай «рускага свету».
Нагадаем, 14–15 кастрычніка Святлана Ціханоўская здзяйсняе візіт у Берлін. У працы форуму «Будучыня Беларусі» таксама бяруць удзел намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка; прадстаўнік АПК па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка; прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык; кіраўнік апарата Кабінету Валерый Мацкевіч.
Надзея Вольная belsat.eu