Расея працягвае весці наступленне адразу на некалькіх асноўных кірунках, у тым ліку ў Курскай вобласці, і павольна прасоўваецца наперад. Аднак гэтыя поспехі каштуюць агрэсару вельмі дорага і не прадвяшчаюць стратэгічнага пералому. «Белсат» тлумачыць, што адбываецца цяпер на фронце і на што ва ўмовах пазіцыйнага тупіку робяць стаўку Украіна і РФ.
Курскі фронт: другая спроба РФ
На мінулым тыдні, 8 кастрычніка, Расея распачала новае наступленне ў Курскай вобласці. Першая спроба выбіць ЗСУ з Куршчыны мела месца ў пачатку верасня, але скончылася няўдачай: расейцы прасунуліся наперад у асноўным у тых раёнах, якія ЗСУ яшчэ не цалкам кантралявалі, і вельмі хутка выдахліся.
Праўда, паўнавартасна скарыстацца гэтай няўдачай ворага ўкраінцы таксама не здолелі: перспектыўны на першы погляд манеўр у Глушкоўскім раёне, які мог прывесці да стварэння «катла» для расейскай групоўкі, не атрымаў развіцця. Пасля гэтага баіна Куршчыне сталі набываць пазіцыйны характар.
Для другога наступлення ў Курскай вобласці расейцы сабралі групоўку ў 50 тысяч жаўнераў. У першыя дні Расея здолела прасунуцца на левым флангу ўкраінскага плацдарма ў Суджанскім і Глушкоўскім раёнах, узялі пад кантроль некалькі паселішчаў. Сур’ёзнага прарыву не адбылося, але становішча ЗСУ істотна ўскладнілася. «У Курскай вобласці вораг эшаланавана ўводзіць новыя рэзервы і мае прасоўванне. Надвор’е не на нашу карысць», - піша ўкраінскі вайсковец Станіслаў Бунятаў, які вядзе Telegram-канал «Говорять Снайпер». «Сітуацыя на Куршчыне не такая радасная. Сілы абароны праводзяць стабілізацыйныя захады, але аднавіць страчанае вельмі цяжка», – канстатуе ўкраінскі аналітычны праект DeepState. Лейтэнант ЗСУ з пазыўным «Алекс», які вядзе Telegram-канал «Офіцер», характарызуе сітуацыю на курскім фронце як «кашу»: нават малыя кавалкі тэрыторыі пераходзяць з рук у рукі па некалькі разоў.
У Z-супольнасці пасля лёгкай эйфарыі першы дзён контрудару стала адчувацца пэўнае працверажэнне. Прапагандыст і дэпутат Масгардумы Андрэй Мядзведзеў канстатуе, што сітуацыя ў Курскай вобласці застаецца складанай і папярэджвае, што ўкраінцы будуць біцца за кожны дом і апорны пункт.
Незалежны вайсковы аналітык Ян Матвееў тлумачыць, што, магчыма, ЗСУ прыйдзецца пакінуць пазіцыі ў раёне Вольгаўкі (паўночна-заходняя частка плацдарму на Куршчыне) і ў Глушкоўскім раёне (паўднёвы захад). Аднак каб цалкам выціснуць ЗСУ з Курскай вобласці пуцінскай арміі спатрэбіцца яшчэ 2-3 такіх наступлення. Пры цяперашніх тэмпах Расея наўрад ці здолее вызваліць обласць да канца 2024 году, мяркуе эксперт.

Данбас: няспынныя атакі
Адначасова Расея працягвае наступленне на Данбасе, прычым адразу на некалькіх кірунках.
Расейскія войскі ўвайшлі ў Тарэцк, захапілі каля 50% паселішча – усходнія і паўднёва-ўсходнія раёны. У горадзе ідуць крывавыя вулічныя баі. «Сітуацыя ў Тарэцку сапраўды цяжкая. Яна дынамічная і мяняецца пастаянна. Барацьба ідзе літаральна за кожны пад'езд, за кожную вуліцу», - паведаміла спікерка ўкраінскай аператыўна-тактычнай групоўкі «Луганск» Анастасія Бабоўнікава.
Фіксуецца прасоўвання арміі РФ вакол Селідава – горад цяпер знаходзіцца ў досыць шчыльным паўкальцы, яго моцна бамбяць. Таксама расейцы інтэнсіўна атакуюць у кірунку Курахава і здолелі дайсці да пасёлку Астроўскае.
Застаецца складанай сітуацыя на Пакроўскім кірунку. Аналітычны праект Conflict Intelligence Team мяркуе, што бліжэйшым часам могуць пачацца баі на ўскраіне гораду Мірнаград, які знаходзіцца на паўночным усходзе ад Пакроўску.

Жорсткія баі ідуць каля Часава Яру ў Бахмуцкім раёне. Паводле звестак Telegram-каналу «Говорять Снайпер», расейцы 14 кастрычніка здолелі прасачыцца за канал паўднёва-ўсходней Часавага Яру і гэта можа «крытычна паўплываць на абароназдольнасць дадзенага кірунку».
На стыку Данецкай і Запарожскай вобласці напрыканцы мінулага тыдня расейскія вайскоўцы здзейснілі лакальны прарыў і выйшлі да пасёлку Леваднае. Расейскія крыніцы сцвярджаюць, што паселішча ўжо захоплена, але пацвярджэння гэтых звестак няма. Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што ўдар пад Левадава мае хутчэй дапаможны характар і разлічаны на адцягненне ўвагі ад наступлення ў заходняй частцы Данбасу.
Ініцыятыва ў Расеі, але перспектывы туманныя
Такім чынам, па стане на сярэдзіну кастрычніка Расея 2024 году валодае ініцыятывай на ўсіх асноўных кірунках фронту. У тым ліку ўкраінцам прыйшлося перайсці да абароны ў Курскай вобласці, дзе ў жніўні ЗСУ ўчыніла паспяховае наступленне.
З аднаго боку, пераход да абароны цалкам упісваюцца ў логіку першапачатковага замыслу ўкраінскай аперацыі на Куршчыне. Мэтай Украіны быў не захоп тэрыторыяў і паселішчаў, а адцягванне сілаў праціўніка і навязванне расейцам баёў у нязручных умовах, калі ініцыятывай валодае ЗСУ. З іншага боку, казаць, што наступленне ЗСУ ў Курскай вобласці палепшыла для Украіны сітуацыю на фронце ў цэлым не выпадае. Так, расейцы сапраўды былі вымушаны адцягнуць на новы кірунак частку рэзерваў. Але падчас такіх аперацыяў заўсёды ўзнікае пытанне: а ці не адцягвае больш сілаў той, хто наступленне распачаў першым? Факт застаецца фактам: тэмпы прасоўвання РФ на Данбасе ў жніўні-верасні былі, імаверна, самымі высокімі з 2022 году.
Разам з тым, усе поспехі расейцаў абмяжоўваюцца тактычным узроўнем. Прычым агульная дынаміка выглядае зусім неадназначна. На ключавым Пакроўскім кірунку тэмпы наступлення ў апошнія тыдні істотна знізіліся. Паводле The Econimist, праблемы расейскай арміі нарастаюць, адчуваецца недахоп тэхнікі і боепрыпасаў. А ад дасягнення сваёй галоўнай мэты - кантролю над Данецкай і Луганскай абласцямі да канца бягучага года - агрэсар па-ранейшаму вельмі далёкі.
Стаўка на знясіленне
Калі разглядаць дасягненні Крамля ў шырокім кантэксце, то яны будуць выглядаць яшчэ больш сціпла.

Расея няспынна наступае на Данбасе з кастрычніка 2023 году. За гэты час ЗСУ не раз аказваліся ў вельмі складаных сітуацыях, у тым ліку пад пагрозаю атачэння на асобных участках фронту. Украінцы сутыкнуліся са снарадным голадам, пастаяннай перавагай агрэсара ў жывой сіле і тэхніцы. Цягам году Расея захапіла Мар’інку, Аўдзееўку, Вуглядар, увайшла ў Тарэцк і наблізілася да Пакроўску. Аднак гэта не прывяло да карэннага пералому ў вайне. Абвалу ўкраінскага фронту не здарылася, прарвацца на аператыўную прастору ў арміі РФ не атрымалася.
Прасоўванне расейскага войска мае характар павольнага выціскання ЗСУ і дасягаецца цаною вялізарных стратаў. Пакінуўшы тыя ці іншыя пазіцыі, украінцы проста займаюць новую лінію абароны, якую расейцы потым зноў доўга і ўпарта штурмуюць.
Паводле ацэнак The New York Times, Расея штодня губляе ва Украіне амаль 1,2 тыс. вайскоўцаў забітымі і параненымі, а колькасць пашкоджанай расейскай бранятэхнікі прыкладна ўтрая перавышае ўкраінскія страты. Крыніцы Politico сцвярджаюць, што верасень 2024 году ўвогуле стаў самым крывавым для Расеі за ўсю вайну. «Расея абменьвае целы на тэрыторыю Украіны, і канца гэтаму не бачна», – канстатуе выданне.
Ва ўмовах, калі ніхто не можа знайсці выхаду з пазіцыйнага тупіку, і Расея, і Украіна вымушаны рабіць стаўку на знясіленне праціўніка. Формула «абмен целаў на тэрыторыю» па-свойму актуальная для абодвух бакоў. Стратэгія Украіны заключаецца ў тым, каб, павольна саступаючы частку тэрыторыі, наносіць ворагу максімальныя страты. Кіеў разлічвае на тое, што бясконца плаціць такую высокую цану за нязначныя тэрытарыяльная здабыткі Расея не зможа і аднойчы будзе вымушана спыніцца. Масква ў сваю чаргу разлічвае, што рэсурсаў у РФ дастаткова, а рэгулярныя лакальныя поспехі ў выніку прынясуць ёй «перамогу па ачках».
Глеб Нержын belsat.eu