навіны

У адказ на заяву Туска пра мігрантаў Брусель нагадаў Польшчы пра абавязкі перад Еўразвязам

Аніта Гіпэр. Фота: aquieuropa.com
Аніта Гіпэр. Фота: aquieuropa.com
podpis źródła zdjęcia

Прадстаўніца Еўракамісіі нагадала Польшчы, што міграцыйны пакт прыняты і ЕЗ чакае ад усіх краінаў выканання прадугледжаных у ім палажэнняў. Сярод іншага, ён прадугледжвае «падаўжэнне тэрміну рэгістрацыі заяваў аб наданні прытулку».

Нагадаем, 12 кастрычніка на з'ездзе кіроўнай у Польшчы Грамадзянскай кааліцыі прэм'ер-міністр Дональд Туск, які ўзначальвае яе, абвясціў, што 15 кастрычніка прэзентуе на паседжанні ўраду новую міграцыйную стратэгію, якая, сярод іншага, прадугледжвае «часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак».

Туск паабяцаў, што ўрад Польшчы «звядзе нелегальную міграцыю да мінімуму», і падкрэсліў, што «калі хтосьці хоча пераехаць у Польшчу для сталага пражывання, ён павінен паважаць польскія стандарты, звычаі і хацець інтэгравацца».

Рэакцыя Еўразвязу не прымусіла сябе чакаць. 14 кастрычніка прэс-сакратарка Еўракамісіі (ЕК) Аніта Гіпэр падкрэсліла, што Расея і Беларусь ужо тры гады ажыццяўляюць «вялікі ціск» на вонкавыя межы ЕЗ, пагражаючы бяспецы краінаў Аб'яднанай Еўропы. Аднак, на думку Гіпэр, пытанні аховы межаў і абавязанне даваць прытулак замежнікам «не ёсць узаемавыключальнымі».

Са словаў Гіпэр, якія цытуе Польскае прэсавае агенцтва (РАР), ЕК імкнецца падтрымліваць краіны ў іх «барацьбе з інструменталізацыяй мігрантаў з боку Расеі і Беларусі», у прыватнасці, гэта «адбываецца праз агенцтва [бяспекі вонкавых межаў] "Frontex" і супрацу з NATO ў справе гібрыдных пагрозаў».

«Міграцыйны пакт прыняты, і ЕК чакае ад усіх краінаў выканання прадугледжаных у ім палажэнняў», – заявіла прэс-сакратарка Еўракамісіі.

Дакумент, дадала Гіпэр, прадугледжвае, сярод іншага, «падаўжэнне тэрміну рэгістрацыі заяваў аб наданні прытулку». Пры гэтым яна не адказала на пытанне, ці апавясціла Варшава Еўракамісію, што не мае намеру выконваць пакт.

Паводле звестак няўрадавага Цэнтру беларускай салідарнасці, які спасылаецца на інфармацыю Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы, станам на 31 снежня 2023 года ў Польшчы жылі 118 562 грамадзянаў Беларусі з дакументамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10