Пачынаючы з сярэдзіны верасня Украіна нанесла некалькі ўдараў па складах боепрыпасаў на тэрыторыі Расеі. Эксперты аналітычнага цэнтру Інстытуту вывучэння вайны (ISW) выказаліся з нагоды таго, як гэтыя ўдары могуць паўплываць на наступальныя аперацыі арміі РФ.
Паводле экспертаў, украінскія атакі на аб'екты на тэрыторыі Расеі могуць паўплываць на наступальныя аперацыі на ўсім тэатры ваенных дзеянняў ва Украіне, але для гэтага ў Кіева павінна быць матэрыяльная база, магчымасці і дазвол на правядзенне маштабнай кампаніі з нанясеннем удараў па аб'ектах матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і падтрымання ў РФ. Такая апошняя ацэнка аналітычнага цэнтру Інстытуту вывучэння вайны (ISW) пасля атак ЗСУ на базу захоўвання беспілотнікаў «Шагэд» у Краснадарскім краі і склад боепрыпасаў у Рэспубліцы Адыгея ў Расеі.
ISW адзначае, што расейскія войскі выкарыстоўваюць беспілотнікі «Шагэд» для нанясення ўдараў як па прыфрантавых, так і па тылавых украінскіх населеных пунктах і запускаюць каля 10 000 артылерыйскіх снарадаў на дзень, наносячы ўдары па прыфрантавых украінскіх пазіцыях.
Паводле амерыканскага аналітычнага цэнтру, хоць наступствы аднаго ўдару наўрад ці істотна паўплываюць на ваенныя дзеянні Расеі, паўторныя ўдары па складах боепрыпасаў могуць прымусіць расейскае вайсковае камандаванне прыняць пастанову пра рэарганізацыю і разгрупаванне сістэмаў падтрымання і лагістыкі ў тылавых раёнах.
На думку аналітыкаў ISW, гэта зробяць дзеля таго, каб змякчыць наступствы такіх удараў за кошт масавага выкарыстання расейскай лагістыкі для падтрымання вайны ва Украіне.
НВ belsat.eu