навіны

Квадроберы наступаюць. Як дзеці і падлеткі ў масках напужалі дарослых прапагандыстаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі ў масках жывёлінаў. Фота: :feet:Norkis / Pinterest
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі ў масках жывёлінаў. Фота: :feet:Norkis / Pinterest
podpis źródła zdjęcia

Сёння ты надзяваеш жывёльную маску і скачаш па парку з хвастом, а заўтра будзеш пакланяцца сатане і будаваць барыкады ў Менску. Такое ўяўленне можа скласціся пасля прачытання шэрагу прапагандысцкіх артыкулаў пра новую субкультуру дзяцей і падлеткаў – квадробіку. Але ці сапраўды квадроберы настолькі небяспечныя, як пра гэта гавораць, і да чаго варта рыхтавацца бацькам?

Не паспелі ў Беларусі ў 2023 годзе даць рады з «ЧВК Редан», як сёлета медыі і сацсеткі запаланіла новая субкультура. З квадробінгам і квадроберамі мала хто сутыкаўся жыўцом, але прапаганда – як беларуская, гэтак і расейская – ужо актыўна з імі змагаецца.

Квадробіка – гэта неафіцыйны від аэробікі, у якім людзі перамяшчаюцца, імітуючы рухі жывёлы. Як мяркуецца, квадробіку яшчэ ў 2008 годзе прыдумаў японскі спрынтар, які пачаў паўтараць бег малпаў. З часам тыя, хто практыкаваў квадробінг, пачалі таксама рабіць касцюмы і маскі дый агулам паўтараць паводзіны жывёлы. У выніку найбольшую папулярнасць квадробінг, што спачатку задумваўся як від спорту, набыў сярод падлеткаў і дзяцей, зрабіўшыся свайго кшталту новай субкультурай. 

Часам з квадроберамі звязваюць і іншыя субкультуры, напрыклад, фуры ды тэрыянаў. Фуры (ад англ. furry – пухнаты) цікавяцца антрапаморфнымі жывёлінамі, ходзяць на дзвюх нагах, размаўляюць і носяць касцюмы сваіх персанажаў, малююць іх, пішуць гісторыі і ўдзельнічаюць у адмысловых фурыконах. Тэрыяны (ад грэц. θηρίον – звяры) агулам атаясамліваюць сябе з пэўнымі жывёлінамі, лічаць іх важнай часткай сваёй ідэнтычнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калаж з фота: Powder, ༄𖦹Yuko𖦹༅ / Pinterest
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калаж з фота: Powder, ༄𖦹Yuko𖦹༅ / Pinterest

Прапаганда панікуе

Новая жывёльная субкультура ўжо напужала дзяржаўную прапаганду. Напрыклад, «Мінская праўда» выпусціла пра квадробераў цэлы шэраг артыкулаў з панічнымі загалоўкамі: «Новы трэнд або патэнцыйная небяспека?», «Спорт ці дэградацыя?», «Чым небяспечная квадробіка» або «У якім выпадку бацькам квадробераў варта біць трывогу». У адным з іх аўтар Юрый Увараў наўпрост піша, што «квадробіка – адзін з першых этапаў дэградацыі»: 

«Разумныя жывёліны спрабуюць пераймаць чалавека, толькі дурныя людзі могуць прыпадабняцца да жывёлінаў. З пункту гледжання любой рэлігіі, такія паводзіны – грэх. Гэта свядомая адмова ад чалавечага аблічча, дадзенага прыродай. Нічога бяскрыўднага я тут не бачу, як і ў найноўшых песеньках шэрагу навамодных блогераў. Па сутнасці, гэта першы крок да сатанізму, добраахвотнае шаленства».

Звязаны з Міністэрствам абароны тэлеграм-канал «Невольфович» агулам заяўляе, што квадробінг навязваецца Захадам, каб знішчаць «выхаванне і маральнасць народаў». Паводле яго, «калі ўжыць, да прыкладу, юнацкі "максімалізм" і нязгоду моладзі ў палітыцы – усё гэта ў патрэбны момант ператворыцца ў масавыя пратэсты, барыкады, гвалт і г. д.»

,,

«Захад у "гульнявой форме" ставіць нашых дзяцей на калені, забірае індывідуальнасць і гістарычныя каштоўнасці, корміць, як жывёлу. Апошнім крокам можа зрабіцца суверэнітэт краіны, які "людзі-жывёліны" ў зубах прынясуць на каманду Захаду», – панікуе аўтар каналу.


Паніка ўладаў і прапаганды не абмежавалася словамі. Напрыклад, 2 кастрычніка ў сярэдняй школе № 5 Гомля адбыўся агульнашкольны бацькоўскі сход, дзе квадробінг паставілі ў адзін шэраг з гвалтам, суіцыдамі, алкагалізмам, наркаманіяй, экстрэмізмам і незаконным абаротам сродкаў плацяжу.

І гэта пры тым, што пакуль, прынамсі ў Менску, не выяўленыя факты супрацьпраўных дзеянняў з боку квадробераў. Тым не менш і там пракуратура пагражае маладзёнам адміністратыўнай і нават крымінальнай адказнасцю.

Ад калядоўнікаў да Усяслава Чарадзея

Пераапрананне ў жывёлу нельга назваць нечым новым для Беларусі. Наадварот, гэта важная частка нашай традыцыйнай культуры і гісторыі. Напрыклад, падчас калядавання людзі апраналіся ў казу, мядзведзя, бусла, ваўка ды іншых і паводзіліся адпаведным чынам. Да традыцыйных вобразаў беларускага фальклору належаць таксама ваўкалакі і розныя іншыя пярэваратні, якія маглі ператварацца ў каго заўгодна: ад ваўка і мядзведзя да змяі і птушкі. 

Паводле «Слова пра паход Ігараў», ваўкалакам быў і полацкі князь Усяслаў Чарадзей. А старажытнагрэцкі гісторык Герадот пісаў, што культ ваўка быў распаўсюджаны сярод неўраў – народу, які, на думку шэрагу гісторыкаў, насяляў Беларусь. Паводле Герадота, кожны неўр «штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча». Агулам пераапрананне ў ваўкоў і сабак, на думку даследнікаў, у старажытнасці магло быць этапам ініцыяцыі – пераходу з дзіцячага ў дарослае жыццё – індаеўрапейскіх юнакоў, продкаў большасці народаў сённяшняй Еўропы і значнай часткі народаў Усходу.

Мурал з выявай князя Усяслава Чарадзея ў Полацку, Беларусь. Фота: realt.by
Мурал з выявай князя Усяслава Чарадзея ў Полацку, Беларусь. Фота: realt.by

Спалучэнне жывёльнага і чалавечага не чужое таксама для хрысціянскай культуры. Гэтак, у праваслаўі святога Хрыстафора часта малявалі з галавой сабакі. А з савецкіх часоў традыцыяй зрабілася апрананне дзяцей на навагоднія ранішнікі ў зайчыкаў і мядзведзікаў. Падобна, што свае «квадроберы» ёсць і сярод беларускіх сілавікоў, якія толькі за 2022–2024 гады стварылі атрады спецназу з такімі назвамі, як «Беркут», «Рысь» і «Зубр».

Што думаюць бацькі?

Не бачыць небяспекі ў квадробінгу і бацька васьмігадовай беларускай дзяўчынкі, якая зацікавілася новым феноменам. На ўмовах ананімнасці ён пагадзіўся паразмаўляць з «Белсатам» пра новы інтарэс сваёй дачкі. На думку суразмоўцы, «гэта звычайнае дзіцячае захапленне».

«Дзіця не лічыць сябе катом увесь час – толькі ў вольны час, падчас гульні. Вонкава ўсё стандартна для квадробераў: хвост, маска, часам пальчаткі-лапы. Дачка сама вельмі любіць размалёўваць маскі (яны прадаюцца як гатовыя, так і белыя, "пустыя"), дадаваць на іх нейкія ўпрыгожванні, тое ж самае з хвастамі. Шмат часу ідзе менавіта на эстэтычную падрыхтоўку», – распавёў бацька.

Паводле яго, пра новую субкультуру дзяўчынка даведалася ад суседскіх дзяцей, сяброў у «Roblox» і з кароткіх відэа ў YouTube. Суразмоўца адзначыў, што ягоная дачка ўлетку актыўна гуляла ў «звярыным» выглядзе са сваімі сябрамі, хадзіла ў публічныя месцы і нават у школу (сям’я жыве ў Польшчы). Але пасля дзяўчынцы, магчыма, надакучыла «ўвесь час цягаць з сабой хвост, маску і сачыць за імі».

«На шчасце, жывем мы ў краіне, дзе дзяржава ў такія справы дзяцей не ўмешваецца – прынамсі, на гульнявых пляцоўках, ды і нават у школе настаўнікі не былі супраць. Вядома, некаторыя іншыя дзеці, бывае, смяюцца ці гавораць нешта крыўднае. З майго пункту гледжання, гэта звычайныя дзіцячыя паводзіны: заўсёды знойдуць, за што пазадзіраць іншых дзяцей на вуліцы. Ну а дачка на іх асабліва ўвагі не звяртае», – расказаў бацька.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калаж з фота: Jasp, norkis :3 / Pinterest
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калаж з фота: Jasp, norkis :3 / Pinterest

Ён падтрымлівае цікавасць сваёй дачкі: з аднаго боку, каб зрабіць ёй прыемнае, а з другога – «не прапусціць моманту, калі захапленне пяройдзе нейкую рысу». На думку суразмоўцы, квадробінг – гэта звычайная «модная штука», якая ў кожнага ў дзяцінстве была свая. Іншым бацькам суразмоўца раіць не перашкаджаць дзецям гуляць, калі гэта не пераходзіць межаў, і згадаць сябе ў дзяцінстве: «Я, напрыклад, быў рабакопам – і нічога, неяк перажыў той перыяд».

Як не перайсці мяжы

З бацькам згодная і дырэктарка Еўрапейскага інстытуту сучаснай псіхатэрапіі (Літва) Ганна Матуляк. У каментары «Белсату» яна адзначыла, што гульня з пераапрананнем, у тым ліку ў жывёлінаў, ёсць нормай для развіцця і сацыялізацыі дзяцей. Як і стварэнне субкультураў – для падлеткаў. 

Паводле Матуляк, гульня ці субкультура могуць выконваць шмат псіхалагічна важных функцыяў, у тым ліку дапамагаць асвойваць сацыяльныя ўзаемадзеянні, пашыраць сацыяльныя кантакты, «адчуць сябе смялейшым, больш дзёрзкім – "прайграць" нешта неўласцівае пакуль ягонай асобе». Сярод плюсаў культуры квадробераў Ганна адзначыла і тое, што ў век гаджэтаў яна выводзіць дзяцей з онлайну і «выступае штуршком да таго, каб яны актыўна сустракаліся».

Пры гэтым, на думку псіхатэрапеўткі, важна глядзець на тое, ці не сціраецца мяжа паміж гульнёй і рэальным жыццём. Калі гэта ўсё ж адбываецца і дзіця пачынае задавальняць свае патрэбы толькі пэўным спосабам, то гэта, наадварот, можа прывесці да праблемаў з сацыялізацыяй у шырокім соцыуме.

Сілавік змагаецца з прывідам «ЧВК Рёдан». Выява: Midjourney / Белсат

«Прасцей забараніць, чым разабрацца». Улады ўзяліся змагацца з «ЧВК Рёдан», у якога нуль байцоў

навіны

Матуляк адзначыла, што бацькам важна разумець, што гэта гульня і звяртаць увагу на тое, ці ёсць у дзіцяці іншыя сферы інтарэсаў, іншая дзейнасць, якая таксама падабаецца. Псіхатэрапеўтка параіла не забывацца на звычайны кантакт з дзецьмі, разумець іхныя патрэбы і стасункі.

Канфлікт пакаленняў, узмоцнены аўтарытарызмам

Кандыдат культуралогіі, палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ў размове з «Белсатам» патлумачыў нервовасць прапаганды з нагоды з’яўлення розных субкультураў звычайным канфліктам пакаленняў. Аднак, паводле Мажэйкі, беларуская сітуацыя ўскладняецца нязменнасцю і кансервацыяй уладаў, у якія трапляюць прадстаўнікі «досыць блізкіх» пакаленняў. Пры гэтым у дэмакратычных краінах палітыкі вымушаныя змагацца за галасы электарату, які складаецца з самых розных пакаленняў. У выніку палітычныя сілы ўлічваюць інтарэсы розных людзей, каб тыя іх падтрымалі.

«У аўтарытарыяў такой праблемы няма, і таму часцяком улада канцэнтруецца ў межах калі не аднаго пакалення, то вельмі блізкіх. І, адпаведна, іншыя пакаленні ва ўладзе не надта прадстаўленыя. Гэта вядзе да таго, што праблемы міжпакаленчай рознасці яшчэ больш уплываюць на тыя рашэнні, якія прымаюцца», – сказаў Мажэйка.

У выпадку ж квадробераў, на ягоную думку, улады Беларусі таксама паўтараюць за ўладамі Расеі, дзе прапанавалі забараніць субкультуру на дзяржаўным узроўні.

«Праблема ў тым, што [уладам. – Заўв. Belsat.eu] не хапае банальнай экспертызы. Ніхто не патлумачыў ім, што няма нічога страшнага ў квадроберах і сонца на Зямлю не ўпадзе, не стануць дзеці жывёлінамі», – адзначыў культуролаг.

У выніку, мяркуе ён, новыя пакаленні спрабуюць укласці ў старыя фарматы, «завабіць у камсамол». Але прыцягнуць дзяцей і моладзь да сябе такім чынам немагчыма, бо нават калі ва ўладу і трапляюць маладыя людзі, то «самыя олдстайлавыя – тая моладзь, якая паводзіць сябе нехарактэрна для свайго пакалення». І яны спрабуюць замяніць сабой моладзевыя ініцыятывы, якія б мусілі стварацца «моладдзю для моладзі без указкі зверху».

Якуб Хруст, Валянцін Васіленка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10