Вайна

Расейцы наступаюць на Куршчыне. Ці ўдасца ЗСУ ўтрымаць пазіцыі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец з 30-й артылерыйскай брыгады ЗСУ правярае боепрыпасы гаўбіцы 2С3 «Акацыя» ў невядомым месцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 10 кастрычніка 2024 года. Фота: Maciek Musialek / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец з 30-й артылерыйскай брыгады ЗСУ правярае боепрыпасы гаўбіцы 2С3 «Акацыя» ў невядомым месцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 10 кастрычніка 2024 года. Фота: Maciek Musialek / Anadolu Press / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 14 кастрычніка чытайце ў нашым матэрыяле.

Прарыў абароны ЗСУ на Куршчыне

На мінулым тыдні ўзнавіліся маштабныя баявыя дзеянні на поўдні Курскай вобласці РФ. 10 кастрычніка расейскія вайскоўцы перайшлі ў наступ адразу на некалькіх участках фронту ў Коранеўскім і Суджанскім раёнах, у выніку чаго ім удалося прынамсі часткова прарваць абарону праціўніка.

Так, у Коранеўскім раёне пад кантроль расейцаў перайшоў значны ўчастак тэрыторыі на ўсходзе і паўднёвым усходзе ад аднайменнага населенага пункту, у выніку чаго быў ліквідаваны выступ паміж сёламі Крамяное і Любімаўка.

Праўкраінскія крыніцы
паведамляюць, што на паўночным усходзе ад Любімаўкі ў бой уступілі артылерысты і аператары БпЛА, што пацвярджае імклівае прасоўванне расейцаў.

У суседнім Суджанскім раёне асноўныя намаганні расейцаў былі засяроджаныя на ўчастку фронту з поўначы ад раённага цэнтру, дзе ім таксама ўдалося лакальна прасунуцца.

Ужо на наступны дзень Узброеныя сілы РФ перайшлі ў наступ і на тэрыторыі Глушкоўскага раёну Харкаўскай вобласці: тут ім удалося адкінуць праціўніка каля сяла Вясёлае і выбіць з Мядзьвежага. Такім чынам, украінскія вайскоўцы былі амаль цалкам
выціснутыя з тэрыторыі раёну. Нагадаем, раней адсюль ЗСУ намагаліся прабіцца да ракі Сейм, каб у далейшым выйсці з тылу да групоўкі праціўніка.

У Коранеўскім раёне расейцы развілі поспех на поўначы ад Любімаўкі і занялі населены пункт Зялёны Шлях. Адначасова з гэтым адбыўся прарыў на поўдні ад Любімаўкі, у выніку чаго войскі РФ прарваліся да пасёлкаў Пакроўскі і Ніжні Клін і занялі іх. Такім чынам, у паўатачэнні аказаліся вайскоўцы ЗСУ ў Любімаўцы і прылеглым сяла Тоўсты Луг.

У Суджанскім раёне Узброеным сілам РФ удалося прарвацца на некалькіх участках фронту на паўднёвым усходзе ад раённага цэнтру.

Галоўнакамандуючы ЗСУ
Аляксандр Сырскі заявіў, што перад наступам у Курскай вобласці расейцы перакінулі каля 50 тысяч вайскоўцаў.

Аналітыкі праекту Deepstate
мяркуюць, што поспехі расейцаў на Куршчыне у значнай меры звязаныя з кепскім узаемадзеяннем паміж падраздзяленнямі ЗСУ, чым у чарговы раз карыстаюцца расейцы, прарываючыся на іх стыках.

У далейшым існуе высокая верагоднасць таго, што частка байцоў Збройных сілаў, у прыватнасці, у ваколіцах Любімаўкі, можа апынуцца ў поўным атачэнні.


Паступовы, але перспектыўны рух расейцаў на Данбасе

У Данецкай вобласці ініцыятыва цалкам застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць амаль па ўсёй лініі сутыкнення, хоць і з рознай інтэнсіўнасцю.

Так, на тарэцкім кірунку яны паступова прасоўваюцца на тэрыторыі аднайменнай агламерацыі. Аднак, гэты рух застаецца адносна павольным, паколькі ЗСУ пакуль удаецца ўтрымліваць флангі і пазбягаць атачэння, а цяжкія гарадскія баі ў шчыльнай забудове не спрыяюць хуткім поспехам расейцаў.

Тым часам на суседнім пакроўскім кірунку войскі РФ паступова набліжаюцца да чарговага буйнога населенага пункту, городу
Мірнаград: тут, на першы погляд, у расейцаў назіраецца пэўны спад актыўнасці, аднак звязаны ён выключна з падыходам да падрыхтаваных абарончых збудаванняў ЗСУ, якія цяпер войскі РФ месцамі намагаюцца абысці. Агулам, асноўная тактыка расейцаў па-ранейшаму заключаецца ў спробах прарыву на самых слабых участках украінцаў, і выніку чаго часцяком ім удаецца наўпрост абыходзіць добраўмацаваныя пазіцыі праціўніка. У іншых выпадках, калі гэта не ўдаецца, поспеху расейцаў спрыяе істотная перавага ў артылерыі і авіяцыі, з дапамогай якіх руйнуюцца фактычна любыя пазіцыі.

Далей на поўдзень па фронце Узброеныя сілы РФ развіваюць поспех на стыку пакроўскага і курахаўскага кірункаў. На першым ім удалося прасунуцца ад сяла Цукурына да
Новаселідаўкі (Нововселидівка), у выніку чаго з’явілася пагроза выхаду ў тыл і далейшым атачэннем вайскоўцаў ЗСУ, якія трымаюць абарону на ўчастку з усходу ў ваколіцах гораду Гарняк пасёлку Курахаўка.

Адначасова з гэтым ідзе рух расейцаў на курахаўскім кірунку, дзе яны ўжо занялі населены пункт Астраўское, і цяпер, імаверна будуць намагацца прасунуцца з поўначы ад ракі Воўча. Такімі дзеяннямі расейцы змогуць абысці падрыхтаваныя пазіцыі ЗСУ на ўсходзе і поўдні ад
Курахава, а таксама пазбегнуць цяжкіх гарадскіх баёў, у прыватнасці, у прамысловай зоне населенага пункту.

Узрастанне актыўнасці на поўдні

На паўднёвым фронце войскі РФ паступова развіваюць поспех у ваколіцах раней занятага гораду Вуглядар. Акрамя гэтага варта звярнуць увагу на заняцце расейцамі сяла Залатая Ніва, што ўскосна ўказвае на жаданне прасунуцца на захад у бок урэмаўскага кірунку (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў). Там, у сваю чаргу, УС РФ таксама маюць поспехі, у прыватнасці, пад іхны кантроль перайшоў населены пункт Леваднае.

У Цэнтральнай частцы Запарожскай вобласцяў пасля доўгага перапынку ўзнавіліся баі ў ваколіцах былога берагу Кахоўскага вадасховішча: прарасейскія крыніцы пішуць, што войскам РФ удалося прасунуцца ў сяле
Камянское (Кам’янське).

Між тым у Deepstate
пішуць, што праціўнік дзейнічаў сіламі дыверсійна-выведнай групы, якая неўзабаве была ліквідаваная. Існуе верагоднасць, што актывізацыя расейцаў на дадзеным участку фронту з'яуляецца спробай зрыву магчымай аперацыі ЗСУ ў ваколіцах гораду Энергадар.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.


Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10