навіны

«Не навязваць беларускай свядомасці»? Пра што спрачаюцца з Астапенем

Рыгор Астапеня дае інтэрв’ю Насце Роўдзе
Рыгор Астапеня дае інтэрв’ю Насце Роўдзе. 13 кастрычніка 2024 года. Скрыншот: Ток | Talk / Youtube
podpis źródła zdjęcia

Рыгор Астапеня зноў распачаў дыскусію сярод беларускіх актывістаў і журналістаў. «Белсат» пераказвае, як байнэт адрэагаваў на ідэю не займацца фармаваннем беларускай свядомасці.

Палітолаг, заснавальнік Цэнтру новых ідэяў і дырэктар «Беларускай ініцыятывы» ў «Chatham House» Рыгор Астапеня даў двухгадзіннае інтэрв’ю праекту «Ток». Сярод іншага ён закрануў тэму нацыянальнага адраджэння ў Беларусі – і выклікаў хвалю крытыкі. 


Што казаў Астапеня


Журналістка Наста Роўда пытала Астапеню пра найбольш уплывовых палітыкаў у беларускай апазіцыі – ён назваў выбраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую, ейнага галоўнага дарадцу Франка Вячорку і лідара Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, чальца Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушку. Палітычных зняволеных, як Віктара Бабарыку, не называў у топе, бо яны не могуць публічна выступаць і ўступаць у палітычную камунікацыю, хоць патэнцыйна па вызваленні палітвязні-палітыкі будуць мець вялікае падтрыманне прынамсі першы час.


Затым Роўда спытала, «у чым феномен Зянона Пазняка». Астапеня адказаў, што «ў яго шмат хібаў, „агентура“ і ўсялякае такое, але ў кароткім гістарычным прамежку, канечне, ён першы нумар і адыграў велізарную ролю ў тым, як паўстала Беларусь», бо «людзі, якія развальвалі Савецкі Саюз», далі Пазняку «забраць гэтую карону». Ды пасля, кажа Астапеня, «жыццё моцна ўдарыла» па Пазняку, «што ён дагэтуль лічыць сябе прарокам».


«Я досыць скептычна стаўлюся да захаплення сабой, беларушчынай як такой, ведаеш, што мы хочам усяму свету даказаць, адрадзіць нашую Беларусь, і гэтак далей, – казаў Астапеня пра Пазняка. – Мне гэта заўжды падавалася… Ну, беларусы нармальныя. То бок не трэба рабіць з беларусамі нейкіх працэсаў, іх адраджаць, неяк перавучваць».


Роўда спытала, як Астапеня тады бачыць нацыябудаўніцтва. Ён адказаў:

,,

«Я думаю, што працэсы развіцця і ёсць нацыябудаўніцтвам. Трэба даць людзям свабоду, даць магчымасць зарабляць грошы – і ўсё будзе нармальна».


Пра гэта, паводле яго, і казаў Бабарыка, які, як раней адзначаў Астапеня, улетку 2020-га быў «першым нумарам», а рэкордная колькасць подпісаў за яго – «гэта была рэвалюцыя».


«А свядомасць як сфармуецца?» – спытала Роўда.


«Яна сама фармуецца, яна цяпер фармуецца як бы, – адказаў Астапеня. – Калі будуць створаныя адпаведныя ў мовы, калі беларуская мова можа адкрыта канкураваць з расейскай, то, адпаведна, і з’явіцца больш беларускамоўных прадуктаў. Для мяне гэта абсалютна лагічна, што будзе падтрымлівацца сваё. Таму для мяне гэта Ок. Але гэта зусім не значыць, што трэба імкнуцца там… Мы ўсё-такі, я думаю, перараслі той момант, калі думаем, што калісьці Беларусь будзе беларускамоўнай. Я думаю, ужо досыць відавочна, што не».


Неўзабаве пасля гэтага Астапеня і Роўда перайшлі да абмеркавання пратэстаў 2020 года – і Астапеня назваў памылкаю тое, што дэмакратычны рух «сеў у машыну, не разабраўшыся, як працуюць педалі», «не чыталі кніжак Леніна ці Маркса», «каб даведацца, што ў рэвалюцыйнай сітуацыі цісні на газ – займайся тэлеграфамі, мастамі і гэтак далей», бо «ў рэвалюцыйнай сітуацыі трэба ціснуць». У адрозненне ад пытання нацыянальнай свядомасці, у справе змены ўлады Астапеня заклікаў да актыўнасці замест чакання, што само зробіцца.


Што на гэта адказваюць


Яўгенія Сугак, Рыгор Астапеня, Арцём Шрайбман, Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Франак Вячорка

Ці ісці на выбары-2025 і ці «злаваць дзеда»? Вячорка завочна паспрачаўся з Астапенем

навіны

Гэткія думкі Астапені разгорнута раскрытыкаваў у Facebook журналіст радыё «Свабода» Дзмітрый Гурневіч. Ён не верыць у тое, што «свядомасць сфармуецца сама», бо яна фармуецца ў кантэксце, які ствараюць улады, медыі, эліты, абставіны ці выпадковасці, а найчасцей фармуецца дзяржавай у сферы адукацыі. Маўляў, «нашым бацькам талдычылі, што яны савецкія людзі, то многія ў гэта паверылі», і цяпер «большасць беларусаў лічыць асноўным сябрам Расею, то гэта не таму, што яны дайшлі да гэтага глыбокім аналізам, а таму, што інфармацыйны ўплыў самой Расеі і прапаганды Лукашэнкі прывялі іх да такой высновы». І Беларусь пераважна расейскамоўная не таму, што так вырашылі беларусы, а таму, што так за іх вырашылі ў Маскве.

,,

«Падыход, што „рынак усё адрэгулюе“, або што сітуацыя свабоднага выбару ўсё вырашыць, на маю думку, заганны, – напісаў Гурневіч. – Бо гэты вакуум, які ўтворыцца, імгненна запоўняць больш падрыхтаваныя цэнтры ўплыву».


Допіс сабраў чатыры дзясяткі каментароў, ад «30 гадоў пра гэта чую, і нешта нічога не змянілася» да «так дзеці думаюць пра парадак удома і ежу на стале: яны самі, гэта натуральна, а не бацькі папрацавалі».


«Усё беларускае, што ёсць, зробленае насуперак ціску, – пракаментаваў журналіст і публіцыст Севярын Квяткоўскі. – Але гэта не значыць, што ў свабодных умовах у мяне не будзе права менавіта патрабаваць ад улады таго ці іншага прасоўвання беларушчыны на карысць мяне як грамадзяніна». 


«Меркаванне Рыгора ў стылі „Канец гісторыі“ Фукуямы, – напісаў былы галоўны рэдактар Generation.by Юрый Сідун. – Здаецца, пасля 24.02.2022 наіўнасць гэтай канцэпцыі ўжо і не абмяркоўваецца. Пакуль побач існуе агрэсіўны сусед, пабудаваць роўныя канкурэнтныя ўмовы для разнастайнасці культур унутры Беларусі немагчыма. Акрамя беларусаў, ніхто не будзе форсіць беларускасць».


«Гэта дурасць. Узяць хаця б сусветны кінапракат у якасці прыкладу, – тлумачыць кінакрытык Тарас Тарналіцкі. – На ім дамінуе ЗША, таму што прадукт якасны і грошай шмат на маркетынг укладаецца. Калі б рынак усё вырашаў, мы б толькі амерыканскае кіно і глядзелі ў пракаце, а сваё там, дзе прыдзецца». 


«У прынцыпе можна і школы ўсе зачыніць, дый універсітэты, – прапанаваў палітолаг Павел Усаў. – Навошта вучыцца? Галоўнае – грошы зарабляць, а там неяк само сабой будзе».


Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак у допісе ў Facebook расказаў, што бачыць прыблізна аднолькавую сутнасць у выказваннях Астапені і пісьменніка Сашы Філіпенкі: «Думкі пра тое, што ў татальна русіфікаванай краіне беларуская Беларусь можа сфармавацца сама па сабе, і пра тое, што ў Беларусі існуюць нейкія падставы для канфедэратыўнай пабудовы». Гэта, паводле Стрыжака, фантазіі праз слабую сувязь з беларускаю рэальнасцю.


«Уявіце, каб я паўсюль казаў, што беларускае грамадства складаецца выключна з эмпатычных, салідарных беларусаў, гатовых прыйсці на дапамогу ў любы момант, – прапанаваў Стрыжак. – Я так не кажу, бо ведаю, што адсотак такіх людзей у любым грамадстве невялікі. І толькі пастаянны ўплыў на грамадства праз медыя і PR дазваляе крыху падвысіць гэты адсотак».

,,

«Адмова ад ілюзіяў – гэта балюча і непрыемна, але вельмі карысна ў планаванні дзеянняў».


Пазней ён дадаў асобным допісам: «Калі вам падаецца, што нешта працуе „само“ ці „натуральным чынам склалася“, гэта 100 % індыкатар таго, што гутарка ідзе пра зацятую і ўпартую працу чалавека. Часцей за ўсё, мноства людзей». 


Падобную думку ў каментарах выказаў доктар Андрэй Белавешкін, і дадаў: «Згодна з даследаваннямі, чым больш чалавек верыць у тое, што „ўсё само ўтвараецца“, што „свет сам усё адрэгулюе“, тым больш ён схільны да бяздзейнасці».


А журналіст Максім Маханькоў у каментарах нагадаў: «Нацыі (асабліва ў народаў, якія працяглы час былі бездзяржаўнымі, без уласнай эліты) заўсёды ствараліся паэтамі, святарамі, тэатральнымі дзеячамі, гарадскімі вар'ятамі (у добрым сэнсе гэтага слова). А таксама дзяржаўнымі чыноўнікамі, якія стандартызуюць, уніфікуюць і запакоўваюць моўна-культурную прашыўку ў шырокія народныя масы з дапамогай дзяржаўнай палітыкі і рэгуляцый».


Фатографка Ксенія Галубовіч заўважыла, што спасылацца на словы Бабарыкі 2020 года няправільна, бо пасля 2020-га, а тым больш пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне шмат хто змяніў думку.


У X (былым Twitter) карыстальнік пад нікнэймам Сіні Ўінстан, заявіў, што Астапеня «нягледзячы на беларускамоўнасць, прасоўвае ідэю дзвюх дзяржаўных моў, ягоныя праекты ў сетках публікуюць „жарцікі”, якія падкрэсліваюць другаснасць, дэкаратыўнасць беларускай мовы». На заўвагу Гурневіча, што Астапеня выхоўвае дачку па-беларуску, Сіні Ўінстан адказаў жартам: «То бок ён не дае дачцэ выхоўвацца неяк самой». 


А карыстальнік Viaskovy Chadun дапусціў: «Умоўна, сёння Беларусь за пяць хвілінаў шэсць вобласцяў у складзе РФ ува ўсіх сэнсах, імаверна, Астапеня не вельмі разумее, як так здарылася». 


***


Допісаў на падтрыманне гэтай думкі Астапені не знайшлося, ды ў каментарах на YouTube – не толькі крытыка. Шэраг карыстальнікаў дзякуе за інтэрв’ю і цікавыя адказы, у тым ліку за «слушныя адказы без ружовых акуляраў і выдавання жаданага за існае».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10