Жыхарку Глыбокага Людмілу Барэйку асудзілі завочна ў траўні 2024-га, а днямі завочна амніставалі. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак.
У сакавіку 2024 года Следчы камітэт распачаў спецвядзенне супраць жыхаркі Глыбокага Людмілы Барэйкі. 8 траўня яе прызналі вінаватай паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп») і прызначылі два гады зняволення завочна.
24 траўня 2024 года жанчыну залучылі ў пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай» дзейнасці.
9 кастрычніка 2024 года пастановаю Віцебскага абласнога суда Людмілу Барэйку амніставалі ў звязку з гэтак званым Днём народнага адзінства, зняўшы з яе судзімасць. «Віцебская вясна» назвала гэта беспрэцэдэнтным выпадкам.
Людміла Барэйка ўвесну 2020 года дала інтэрв’ю Сяргею Ціханоўскаму, у якім параўнала Аляксандра Лукашэнку з Тараканішчам з казкі Карнея Чукоўскага. Пазней лозунг «Стоп таракан!» лёг у аснову палітычнай кампаніі Сяргея Ціханоўскага.
У траўні 2020 года жанчыну засудзілі за гэтае інтэрв’ю паводле ч. 1 арт. 23.34, бо яна быццам бы праводзіла «пікетаванне шляхам публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў і асабістага стаўлення да дзейных уладаў у рэжыме онлайн». Людміле прызначылі штраф 270 рублёў. Баючыся далейшага крымінальнага пераследу, жанчына пакінула Беларусь.
Раман Шавель belsat.eu