навіны

Сталі вядомыя вынікі парламенцкіх выбараў у Літве

Лідарка сацыял-дэмакратаў Вілія Блінкявічуце звяртаецца да прэсы ды аднапартыйцаў пасля завяршэння галасавання ў першым туры выбараў у Сейм
Лідарка сацыял-дэмакратаў Вілія Блінкявічуце звяртаецца да прэсы ды аднапартыйцаў пасля завяршэння галасавання ў першым туры выбараў у Сейм. Вільня, Літва.13 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У нядзелю, 13 кастрычніка, у Літве адбыліся парламенцкія выбары. Уначы падлічваліся галасоў, і ўжо цяпер можна казаць пра тое, якія палітычныя сілы трапілі ў Сейм. 

Найбольшую колькасць месцаў у парламенце атрымалі сацыял-дэмакраты, набраўшы 19,36 % галасоў. На другім месцы – кансерватары з партыі «Звяз Бацькаўшчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты», якія апярэдзілі «Нёманскі світанак», атрымаўшы 17,96 %.

«Нёманскі світанак» заняў трэцяе месца з 14,99 % галасоў. На чацвёртым месцы – Звяз дэмакратаў «У імя Літвы» на чале з Саўлюсам Сквярнялісам, ён набраў 9,24 %. Пятае месца – у Руху лібералаў з вынікам 7,7 %.

Пахвалявацца давялося Звязу сялянаў і зялёных, бо да апошняга не было вядома, ці ўдасца ім прайсці ў Сейм. У выніку яны мінулі неабходны бар’ер і трапілі ў парламент, набраўшы 7,02 % галасоў.

Паводле колькасці мандатаў сітуацыя выглядае гэтак: 18 мандатаў – у Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, у кансерватараў са Звязу Бацькаўшчыны – Літоўскіх хрысціянскіх дэмакратаў (TS-LKD) – 17, «Нёманскі світанак» мае 14 мандатаў, «У імя Літвы» – 8, Рух лібералаў – 7, Звяз сялянаў і зялёных – 6 мандатаў.

Вілія Блінкявічуце, лідарка Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, пасміхаецца і апладыруе пасля завяршэння галасавання ў першым туры выбараў у Сейм. Вільня, Літва. 13 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Вілія Блінкявічуце, лідарка Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, пасміхаецца і апладыруе пасля завяршэння галасавання ў першым туры выбараў у Сейм. Вільня, Літва. 13 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Кіроўную большасць, найбольш імаверна, будуць утвараць сацыял-дэмакраты і дэмакратычны звяз «У імя Літвы». Лідарка сацыял-дэмакратаў Вілія Блінкявічуце ў інтэрв'ю журналістам заявіла, што ўжо бачыць магчымых партнёраў для стварэння кааліцыі: акрамя дэмакратаў з партыі «У імя Літвы» на чале з Саўлюсам Сквярнялісам, гэта можа быць Звяз сялянаў і зялёных. Пры гэтым яна адзначыла, што пазіцыя партыі наконт кааперацыі з кансерватарамі застаецца нязменная: у такім хаўрусе няма неабходнасці.

Яўка на гэтых выбарах склала 52,06 %, што вышэй, чымся на выбарах 2020 года (47,16 %), але ніжэй, чымся падчас прэзідэнцкіх выбараў, што адбыліся ўлетку (59,95 %).

Паводле Галоўнай выбарчай камісіі, у асноўны дзень галасавання ў Сейм, у нядзелю, прагаласавалі 40,31 % выбарнікаў, а правам на датэрміновае галасаванне скарысталіся 11,75 %.

На выбарах маглі ўзяць удзел амаль 2,4 мільёна выбарнікаў. У Сейм Літвы выбіраюць 141 дэпутата – 71 у аднамандатных акругах і 70 паводле партыйных спісаў. У гэтых выбарах бралі ўдзел 1740 палітыкаў ад 14 партыяў і адной кааліцыі.

Раман Шавель belsat.eu 


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10