Берасцеец Віталь Чопік хадзіў на ўсе «палітычныя» суды ў горадзе. Зараз яго будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў.
Паводле прапагандыстаў Віталь Чопік «разам з саўдзельнікамі сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў», – цытуе прапагандыстаў «Вясна».
Сілавікі затрымалі мужчыну ў сакавіку. Вядома, што падчас затрымання яго моцна збівалі: Віталя дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця. Адзначаецца, што твар у мужчыны быў жоўтага колеру, што сведчыць пра пашкоджанне печані.
Суд над Віталём Чопікам адбудзецца 21 кастрычніка ў Берасцейскім абласным судзе. Справу прызначылі весці Яўгена Брэгана.
Віталя абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Раман Шавель belsat.eu