У многіх мясцінах Беларусі цяпер грыбны сезон. Журналіст «Белсату» з’ездзіў у лес на самай мяжы Беларусі і Польшчы, каб разабрацца, якія грыбы растуць у лесе проста цяпер, на якія варта звярнуць увагу, а якія лепш прамінуць.
Грыбоў у лесе стае: калі пахадзіць, дык можна сабраць некалькі кошыкаў. Цікава, што цяпер можна як упаляваць баравікі, так і апенек нарэзаць. А пакуль мы распавядзём пра малавядомыя грыбы, што растуць у беларускіх лясах.
Канадскі залацісты баравік
Смачная навінка беларускіх лясоў. Гэты грыб прыйшоў у Беларусь з Амерыкі некалькі гадоў таму і пачаў актыўна пашырацца па ўсёй краіне. Boletus slender, як выходзіць з назвы, мае доўгую і часта тонкую ножку. Яна можа дасягаць 24 сантыметраў у вышыню і мае баразнаватую паверхню. Цёмна-карычневая шапачка выглядае як прымацаваная да грыба іншага віду. У параўнанні з ножкай яна невялікая, краі аздобленыя гэткім жабо.
Дзясяткі беларусаў ужо знайшлі і пакаштавалі новы для Беларусі від. І вось іхныя ўражанні.
,,«Смажыў уперамешку з польскімі і чырвонагаловікамі, у смаку няма нічога ярка адрознага ад астатніх грыбоў. Я сказаў бы, што смачныя як чырвонагаловікі. Прынамсі, не горшыя», – кажа адзін з грыбнікоў.
Яшчэ адна беларуска адзначае, што ў захапленні ад залацістых баравікоў.
– Збіралі іх спецыяльна, каб ацаніць смак. Памылі, парэзалі – і на патэльню. На смак як баравік, але не раскісае, кавалачак да кавалачка, моцныя, хрумсткія, саладкавыя. Пры смажанні цямнеюць, робяцца карычневыя. Нам вельмі спадабалася, – дзеліцца ўражаннямі нашая суразмоўца.
Другі грыбнік адзначае перавагі новага насельніка беларускае прыроды.
– Яны кучна растуць, хутка імі кошык напаўняеш. І што важна, малы адсотак чарвівых.
Пры ўсіх плюсах залатога баравіка ён лічыцца інвазійным відам. Гэта значыць, ён будзе актыўна выцясняць мясцовыя падбярозавікі і чырвонагаловікі. Найбольш часта гэты грыб сустракаецца ў ЗША і Канадзе. У Еўропе яго заўважалі ў Літве, Латвіі і Польшчы. У Беларусі залаты баравік упершыню знайшлі ў 2018 годзе ў Маларыцкім раёне, дзе цяпер яго збіраюць кошыкамі. Гэты від мае самыя каштоўныя ўласцівасці сярод усіх шапачкавых грыбоў.

Сіняк
Многіх грыбнікоў палохае гэты грыб: толькі зрэжаш яго – шапка і ножка пакрываюцца сінім колерам. Таму людзі кідаюць яго далей ад граху. А дарма! Да 2005 года сіняк (Gyroporus cyanescens) быў у Чырвонай кнізе, хаця ў Белавежскай пушчы яго збіралі кошыкамі. Самае цікавае, што сіняк не сустрэць у Расеі, ён расце ў Беларусі і Польшчы. І на смак лепшы, чым нават баравік. Падчас варэння ён робіцца белага колеру, смачны ў любым выглядзе, асабліва прыгожа выглядае ў слоіку з іншымі марынаванымі грыбамі. Часцей за ўсё расце на пяску, але сустрэць можна практычна ў любым лесе Беларусі.

Казляк або рашэтнік
Гэты грыб людзі часцяком кідаюць у лесе, бо думаюць, што неядомы. А гэта памылковая думка. Рашэтнік – гэта трубчасты грыб з маслякоў. Галоўная яго перавага – звычайна расце вялікімі калоніямі, за паўгадзіны можна набраць кошыкі! Сам рашэтнік не мае яркага смаку, але калі яго змяшаць з іншымі грыбамі, ён выдатна прыдаецца да смажання.

Радоўка жоўта-чырвоная
Большасць грыбнікоў не бярэ гэтага грыба, лічыць яго паганкай. Ён, як правіла, расце на пнях, вялікімі калоніямі, любіць хваёвыя лясы. Мае саладкаваты смак, выдатны для смажання і салянкі.
Вожычнік
Існуе шмат відаў гэтых грыбоў, і многія спецыяльна шукаюць іх у лесе. Смак, аднак, ён мае надта спецыфічны. Таму, на нашую думку, лепш пашукаць іншых грыбоў.

Парасонікі
Раней гэты грыб людзі абыходзілі бокам, але цяпер пачалі актыўна іх збіраць. Вядома больш як 40 відаў гэтых грыбоў. Але некаторыя з іх атрутныя. Праўда, у Беларусі атрутных парасонікаў пакуль не фіксавалі, але бярыце парасонік пярэсты, ён з сямейства шампіньёнавых. Гатуюць гэты грыб вельмі незвычайна, з парасоніка выходзяць файныя грыбныя адбіўныя. Абкачайце грыб у муцэ або яйку і кіньце на пяць хвілін на патэльню.

Свінуха, свінушка, капытнік
У сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады гэтыя грыбы збіралі і елі, але цяпер спецыялісты не рэкамендуюць гэтага рабіць. Вядома, калі вы адзін раз паясце свінушак, з вамі нічога не здарыцца – мы самі бачылі, як людзі іх елі. Але гэтыя грыбы вельмі інтэнсіўна назапашваюць радыяцыю і шкодныя рэчывы. І хоць у лесе іх вельмі шмат, лепш ужо вярнуцца дадому з пустым кошыкам.
Жоўцевы грыб або фальшывы баравік
Баравік лёгка зблытаць з фальшывым баравіком (жоўцевым), бо яны моцна падобныя. Жоўцевыя непрыдатныя да яды праз моцны горкі смак, які пры тэрмічным апрацоўванні толькі ўзмацняецца. Ён не атрутны, але як трапіць у страву, дык безнадзейна яе сапсуе. Фальшывы баравік мае ружовую шапачку і дастаткова яго лізнуць, каб зразумець – гэты грыб лепш пакінуць у лесе.

Фальшывыя лісічкі
Часцей за ўсё пад лісічкі маскуюцца неатрутныя, але ўмоўна ядомыя гаварушкі аранжавыя (або фальшывыя лісічкі). У выпадку недастатковага тэрмічнага апрацоўвання імі можна атруціцца. Фальшывая лісічка звычайна мае ярчэйшую або святлейшую афарбоўку: медна-чырвоную, ярка-аранжавую, жаўтлява-белую, вохрыста-бэжавую, чырвона-карычневую. Сярэдзінка шапачкі можа адрознівацца колерам ад краёў. На шапачцы фальшывай лісічкі могуць быць плямы разнастайнай формы. У гэтую пару года іх у лесе незвычайна шмат.
Шукайце пільна – і ўдалага ціхага палявання!
AC belsat.eu