Пра магчымасць пачатку трэцяй сусветнай вайны кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Доналд Трамп заявіў падчас мітынгу са сваімі прыхільнікамі ў Каліфорніі.
Паводле меркавання Доналда Трампа, трэцяя сусветная вайна можа пачацца цягам бліжэйшых трох-чатырох месяцаў. Трамп адзначыў, нібыта 86 % амерыканцаў лічаць, што Злучаныя Штаты рухаюцца па няправільным шляху.
,,«Хіба гэта вам ні пра што не кажа? Гэта кажа, што ў нас ёсць праблема. Я насамрэч хвалююся за наступныя тры месяцы, сапраўды хвалююся. Я хвалююся за наступныя тры з паловай-чатыры месяцы. З-за гэтага мы апынемся ў сусветнай вайне з тымі людзьмі, якія ў нас ёсць», – сказаў палітык.
У правядзенні такой палітыкі ён абвінаваціў цяперашні амерыканскі ўрад.
Пасля гэтага Трамп зноў паабяцаў, што пасля абрання прэзідэнтам зможа скончыць вайну ва Украіне, а таксама «спыніць хаос на Блізкім Усходзе».
Гэта ўжо не першы раз, калі Трамп пужае пачаткам трэцяй сусветнай вайны. Так, пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім напрыканцы верасня ён напісаў у сацыяльнай сетцы Truth Social, што ў выпадку ягонай паразы на выбарах вайна Расеі супраць Украіны можа перарасці ў трэцюю сусветную, а ягоная апанентка Камала Гэрыс не дасць рады дасягнуць міру.
Нагадаем, што Доналд Трамп неаднаразова хваліўся, што зможа спыніць вайну ва Украіне. Для гэтага ён будзе ціснуць на ўкраінскае кіраўніцтва пагрозамі спынення ваеннай дапамогі, а на Расею – пагрозамі павялічыць дапамогу Украіне і ўзмацніць санкцыі супраць РФ. Акрамя таго, Трамп дапускае, што Украіна будзе вымушаная саступіць частку акупаваных тэрыторыяў Расеі, калі яна хоча спыніць вайну.
Раман Шавель belsat.eu