Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітолага Андрэя Суздальцава пачнецца 15 кастрычніка ў Лефортаўскім судзе Масквы, паведамляе «Позірк».
На сайце суда гаворыцца, што справа распачатая паводле ч.1 і ч. 2 арт. 128.1 Крымінальнага кодэкса Расеі (паклёп). Андрэю Суздальцаву пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі, аднак мінімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – штраф.
Расейскі грамадскі дзеяч Раман Юнеман паведамляе, што Суздальцава будуць судзіць «за крытыку [Аляксандра Лукашэнкі] з прарасейскіх пазіцый».
«Андрэй Іванавіч 13 гадоў працаваў у Беларусі. Ён адзін з лепшых у РФ экспертаў па гэтай краіне. І ўжо даўно вядомы як паслядоўны крытык рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прычым выключна з прарасейскіх пазіцый: ён цалкам справядліва лічыць, што РБ толькі імітуе інтэграцыю і стварэнне саюзнай дзяржавы, бясконца зацягвае працэс, а на міжнародным узроўні беларускія ўлады праводзяць хітрую шматвектарную палітыку, атрымліваючы пры гэтым ад Расеі велізарныя льготы і зніжкі», – піша Юнеман.
Ён адзначае, што справа заведзеная паводле пазову амбасады Беларусі ў Расеі.
11 студзеня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» групу грамадзян «аб'яднаных пад агульнай назвай і кіраўніцтвам грамадзяніна Расеі Суздальцава». Адзначалася, штоАндрэй Суздальцаў вядзе «экстрэмісцкую дзейнасць як на тэрыторыі Расеі, так і Беларусі».
Арсен Рудэнка belsat.eu