Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Доналд Туск падчас з’езду «Грамадзянскай кааліцыі», які адбыўся 12 кастрыніка ў Варшаве. Гэта будзе зроблена, каб звесці нелегальную міграцыю да мінімуму.
Падчас свайго выступу прэм’ер Польшчы анансаваў стратэгію «Вярнуць кантроль, гарантаваць бяспеку». Доналд Туск збіраецца прадставіць яе на пасяджэнні ўраду ў аўторак, 15 кастрычніка.
Адным з элементаў гэтай стратэгіі павінна стаць часовае прыпыненне права на прытулак. Туск заявіў, што будзе дамагацца прызнання ў Еўропе гэтага рашэння.
,,«Мы добра ведаем, як яно [права на прытулак. – Заўв. «Белсат»] выкарыстоўваецца Лукашэнкам, Пуціным, кантрабандыстамі і гандлярамі людзьмі. Як гэтае права на прытулак выкарыстоўваецца зусім насуперак сутнасці права на прытулак», – адзначыў Доналд Туск.
Польскі прэм’ер-міністр адзначыў, што Польшча «не будзе паважаць і не будзе рэалізоўваць ніякія еўрапейскія ідэі» (у гэтым выпадку Туск спасылаўся на Пакт аб міграцыі і прытулку ЕЗ), калі будзе ўпэўненасць у тым, што яны «шкодзяць нашай бяспецы».
,,«Мы знізім нелегальную міграцыю ў Польшчы да мінімуму, мы выкаранім тыя практыкі, якія дэ-факта абыходзілі польскія інтарэсы, якія парушалі бяспеку польскіх жанчын і палякаў, а таксама польскай дзяржавы. І мы выкаранім гэтыя практыкі да нуля», – сказаў Туск.
Польскі прэм’ер падкрэсліў, што «дзяржава павінна на 100 % аднавіць кантроль над тым, хто прыязджае ў Польшчу і ад’язджае».
Паводле Доналда Туска, дзяржава нясе адказнасць за тое, каб «прывезці ў Польшчу людзей, якія хочуць працаваць сумленна, сплочваць падаткі, інтэгравацца ў польскае грамадства, вучыцца ў сапраўдным універсітэце».
Найважнейшай справай у Польшчы, Еўропе і свеце Туск назваў неабходнасць даць «добры, сумленны, але ў той жа час жорсткі адказ на выклікі і страхі, якія ўзнікаюць на глебе вялікага мігранцыйнага ціску, арганізаванага палітыкамі з варожых краін».
Абноўлена. На заяву прэм’ер-міністра Польшчы адрэагаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Палітык звярнуўся да польскіх уладаў з просьбай аб дадатковых тлумачэннях у сувязі з запланаванымі зменамі ў міграцыйнай палітыцы, зрабіўшы запыт на сустрэчу з намеснікам міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацеем Душчыкам, які курыруе пытанні міграцыі ў польскім урадзе.
«Шчыра спадзяюся, што Польшча застанецца краінай, у якой беларусы, дэпартаваныя рэжымам Лукашэнкі з-за атмасферы страху і тэрору, створанай у Беларусі, а таксама найбуйнейшых рэпрэсій у гісторыі сучаснай Еўропы, змогуць разлічваць на статус уцекача і на месца, дзе яны змогуць выратаваць сваё жыццё і здароўе», – напісаў Павел Латушка ў сваім акаўнце сацыяльнай сеткі «Х».
Палітык падзякаваў Польшчы і палякам за тое, што іх краіна «стала месцам, дзе шматлікія беларусы знайшлі абарону і салідарнасць», адзначыў важнасць таго, каб «аддзяліць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа. Мы спадзяемся на салідарнасць з беларусамі».
Раман Шавель belsat.eu