навіны

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч адправілі на «содні»: рэпрэсіі 11 кастрычніка

Таццяна Караткевіч
Таццяна Караткевіч. Фота: Наша Ніва
podpis źródła zdjęcia

У пятніцу, 11 кастрычніка, у Беларусі стала на 5 палітвязняў больш, а таксама папоўніліся «экстрэмісцкія» спісы: матэрыялаў, фармаванняў і асобаў. Акрамя таго, стала вядома пра некалькі палітычна матываваных затрыманняў і судоў. Падрабязней – у нашым аглядзе.

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі пяцёх чалавек: Сяргея Юнчыца, Алену Ляснеўскую, Алу Дзясяцік, Таццяну Васільеву, Уладзіміра Лазарэвіча.


У Менску распачаўся суд над 28-гадовай супрацоўніцай EPAM Марынай Леановіч, якую затрымалі па вяртанні з Грузіі, куды дзяўчына з’ехала пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Пра затрыманне Марыны стала вядома год таму, у кастрычніку 2023 года. Чаму яна вярнулася на радзіму – невядома.

Марына Леановіч. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Марына Леановіч. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Ініцыятыву «Актыўным быць файна». Фота: Актыўнымі Быць Файна / Facebook

Ініцыятыву «Актыўным быць файна» абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»

навіны

Дзяўчыну абвінавачваюць паводле двух артыкулаў — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і «фінансаванне або іншая фінансавая падтрымка вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК).


Мінчанку затрымалі пасля таго, як яна не прайшла праверку пры працаўладкаванні на дзяржаўную працу. На «пакаяльным відэа» жанчыну прымусілі расказаць, што раней яна ўдзельнічала ў дзейнасці «Моладзі БНФ», а ў 2020 годзе нібыта прымала ўдзел у пратэстах, заклікала ў Telegram-чаце перакрываць дарогі, абражала сілавікоў.


Папоўніўся спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У прыватнасці, «экстрэмісцкім» быў прызнаны Telegram-канал «За Союзное Государство Беларуси и России», які «падтрымлівае інтэграцыю Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай Дзяржавы».


У судзе Салігорскага раёну пачалі судзіць Жану Аўрамчык, якую абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Імаверна, гаворка ідзе пра жыхарку Салігорска, якая працавала ў адной з мясцовых гандлёвых сетак. У лютым 2019 года ў Салігорскай бальніцы ў яе памёр муж — 57-гадовы Леанід Аўрамчык. Жанчына была ўпэўненая ў нядбайстве лекараў, таму спрабавала вызначыць ступень іх вінаватасці ў смерці мужа праз дзяржаўныя ўстановы. Ці дасягнула яна нейкіх вынікаў — невядома.


Усяго на гэтым тыдні ў беларускіх судах разглядаюць пяць справаў за «абразу» Лукашэнкі і тры — за «абразы» іншых прадстаўнікоў улады.


Ініцыятыва «Актыўным быць файна» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 8 кастрычніка. У рашэнні ведамства пазначана імя чалавека, які нібыта мае дачыненне да ініцыятывы — Юлія Міцкевіч.


У «Спіс экстрэмістаў» дадалі 34 чалавекі — цяпер у ім 4523 прозвішчы. Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзянку Расеі Дар'ю Давыдзенка-Тарасік, тэсціроўшчыцу Надзею Каранкевіч, ілюстратарку Наталлю Левую.

Аляксей Клюшнічэнка. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Аляксей Клюшнічэнка. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Суд над актывістам і сябрам руху «За Свабоду» Аляксеем Клюшнічэнкам распачнецца 29 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе. Яму інкрымінуюць арт. 130 КК («Распальванне варожасці»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў»), арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Беларусі») і ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»).


За каментары затрыманы жыхар Менску, маляр-тынкоўшчык. Ён нібыта абражаў Лукашэнку, міліцыянтаў і прадстаўнікоў рэжыму. У сацыяльных сетках затрыманы падпісаны як Андрэй Марыеў.


Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 содняў. Фармальнай прычынай стала тое, што ў яе сацсетках знайшлі нейкае «забароненае» фота з 2020 года.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10