Літоўскія памежнікі супольна з крымінальнай выведкай і атрадам спецыяльнага прызначэння 10 і 11 кастрычніка правялі аперацыі ў сувязі з нядаўнімі выпадкамі кантрабанды беларускіх цыгарэтаў з дапамогай метэазондаў.
У пошуках кантрабандыстаў памежнікі зладзілі засады, выкарыстоўвалі таксама верталёты са спецыяльным абсталяваннем. У выніку аперацыяў у чатырох раёнах Літвы былі затрыманыя сем чалавек, якіх падазраюць у датычнасці да кантрабанды. Шасцёра з іх – грамадзяне Літвы, адзін – замежнік.
У іх канфіскавалі больш за 20 тысяч пачак беларускіх цыгарэтаў, імаверна, дастаўленых у Літву з дапамогай метэазондаў, а таксама некалькі аўтамабіляў ды іншыя доказы датычнасці да супрацьзаконнай дзейнасці.
Літоўская памежная служба не выключае, што затрыманых можа быць больш, бо падобныя аперацыі будуць адбывацца і надалей.
Ад пачатку 2024 года ў Літве былі зафіксаваныя больш за 600 метэазондаў з цыгарэтамі, што ляцелі з боку Беларусі. Перахапілі 70 з іх.
Раніцай 11 кастрычніка беларускія памежнікі непадалёк мяжы з Літвой, каля мястэчка Воранава, затрымалі мужчыну. У ягоным аўтамабілі знайшлі газавы балон, аэрастатычны шар і GPS-трэкер. Падчас ператрусу ў жылым памяшканні затрыманага знайшлі дэталі беспілотніка самалётнага тыпу і два акумулятары да яго. Ідзе разбіранне.
Марыя Міхалевіч belsat.eu