навіны

Як Лукашэнка атрымаў участак у Абхазіі пад раскошны гатэль. Расследаванне «BELPOL», «Белсату» і БРЦ

img
Аляксандр Лукашэнка і Аслан Бжанія глядзяць выступ абхазскага танцора. Піцунда, Грузія. 28 верасня 2022 года. Фота: apsnypress.info
podpis źródła zdjęcia

У амаль нікім не прызнаную Абхазію Лукашэнка лятаў не проста так: там вырашылі пытанне зямлі на некалькі мільёнаў долараў, куды з беларускага бюджэту збіраюцца таемна ўкласці некалькі сотняў мільёнаў. Расказваем, што высвелтілі «BELPOL», БРЦ і «Белсат».

Арганізацыя «BELPOL» атрымала шэраг дакументаў, і прааналізавала іх разам з «Белсатам» і «Беларускім расследвальніцкім цэнтрам». Расследавальнікі прыйшлі да высновы: «раптоўны» візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Абхазію не быў спантанным. Ён атрымаў участак на беразе Чорнага мора, дзе за кошт беларускага бюджэту збіраецца збудаваць раскошны гатэль, у абмен на нявыкананае абяцанне ўзаемавыгаднага гандлю або «напаўпрызнанне» Абхазіі.

Абхазія – аўтаномная рэспубліка ў складзе Грузіі і фактычна падкантрольная Расеі часткова прызнаная дзяржава. Пасля нападу на Грузію ў 2008 годзе Расея прызнала Абхазію незалежнай. Да Расеі далучыліся Нікарагуа, Венесуэла, Нуару і рэжым Башара Асада, які кантралюе большую частку Сірыі, а таксама такія ж часткова прызнаныя і залежныя ад Расеі Паўднёвая Асеція і Прыднястроўе. Пэўны час Абхазію прызнавалі Вануату і Тувалу, але яны сваё прызнанне адклікалі. Беларусь фармальна не прызнавала Абхазію, але два гады таму Лукашэнка лятаў туды з загадкавым візітам – хоць, як нагадвае БРЦ, раней адмаўляўся ад прызнання часткі Грузіі незалежнай дзяржавай.

Участак у Сочы, пра які гаворыцца ў расследаванні. (Скрыншот: BELPOL / Youtube)

BELPOL: лукашэнкаўцы прадалі самі сабе ўчастак у Сочы і плануюць зарабіць $526 млн

навіны

У тым візіце, адзначае «BELPOL», браў удзел спецыяльны прадстаўнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. «А дзе Шэйман, там гаворка пра грошы», - кажуць расследавальнікі. Паводле «BELPOL», адной з ключавых тэмаў візіту была выдача Лукашэнку зямлі на беразе Чорнага мора для будаўніцтва санаторна-курортнага комплексу кшталту таго, што збіраліся будаваць у Сочы.


«Беларускі расследвальніцкі цэнтр» у здабытых дакументах пабачыў актыўную падрыхтоўку да «раптоўнага» візіту Лукашэнкі ў Абхазію.


За пяць дзён да таго візіту, 23 верасня 2022 года ў Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асобаў Абхазіі ўнеслі змены: у склад удзельнікаў абхазскага ТАА «Жемчужина 2010» увайшло беларускае ТАА «Тэрмалія», атрымала 90 %. Уласнікам 10 % «Жемчужины» і ейным дырэктарам значыцца грамадзянін Абхазіі Дато Квіцынія. Нічога пра гэтага чалавека «BELPOL» не знайшоў, але адзначае, што такое ж прозвішча мае блізкі паплечнік кіраўніка Абхазіі і амбасадар Абхазіі ў Расеі Алхас Квіцынія


На наступны дзень па візіце Лукашэнкі, 29 верасня 2022 года «Жемчужина» атрымала ад «кабінету міністраў» Абхазіі ўчастак у 20 гектараў (як 28 футбольных палёў або, паводле шкалы БРЦ, чатыры Камароўскіх рынкі ў Менску) на беразе Чорнага мора, у сяле Кындыг Ачмачырскага раёну Абхазіі. А праз паўтара месяца – яшчэ два гектары прылеглай тэрыторыі.



Як расказаў БРЦ юрыст партнёрства «Абхазскія праекты» Кірыл Базілеўскі, у Ачмачырскім раёне амаль цэлы год адпачывае шмат людзей, бо месца славіцца шэра-вадароднымі крыніцамі. Проста так знайсці там «непатрэбны» ўчастак зямлі наўрад ці магчыма. БРЦ знайшоў участак паблізу – за 20 га прасілі каля 6 млн долараў. Рашэннем аддаць гэты ласы кавалак зямлі невядомай фірме не хваліліся, яно ўсплыло толькі праз месяц, калі яго зацвярджаў «парламент». 


БРЦ датэлефанаваўся да саўладальніка «Жемчужины» Дато Квіцыніі, але той сказаў, што «не ў курсе», ці ён з’яўляецца саўладальнікам, і «не памятае», як на яго была адкрытая гэтая фірма, а за рэгістрацыю яму заплацілі «капейкі». Пасля рэгістрацыі, як расказаў Квіцынія, ён аформіў генеральную даверанасць на Зорыка Чконію, які «там вырашае пытанні». Чконія – уганараваны як «Герой Абхазіі» палявы камандзір часоў грузінска-абхазскай вайны на пачатку 1990-х, а цяпер старшыня пасёлка «Кындыг», у якім і атрымала зямлю «Жемчужина». Ягоны брат Нузгар Чконія, колішні крымінальны аўтарытэт у Адэсе (што пацвердзілі ўкраінскія праваахоўнікі), таксама валодае турыстычным комплексам з тэрмальнымі крыніцамі, якімі славіцца Кындыг. 


Як лічыць БРЦ па выніках аналізу сацсетак, Дато Квіцынія – сын сястры братоў Чконіяў. А Зорык Чконія, паводле БРЦ, мае шэраг сувязяў з кіраўніком Абхазіі Асланам Жванія, які нарадзіўся за 5 км ад паселка Кындыг. 

Турыстычны комплекс на тэрмальнай крыніцы. Кындыг, Грузія. Люты 2024 года. Фота: Кындыгский горячий источник / Maps.google.com
Турыстычны комплекс на тэрмальнай крыніцы. Кындыг, Грузія. Люты 2024 года. Фота: Кындыгский горячий источник / Maps.google.com

Пабудаваць там збіраюцца, паводле «BELPOL», пяцізоркавы гатэльна-курортны комплекс на 300 нумароў з 8 асобнымі VIP-віламі, медычным спа-корпусам, трыма рэстарацыямі, крытым і адкрытым басейнамі, спартовымі пляцоўкамі, дзіцячай зонай з воднымі горкамі, двума прычаламі. 


Дакладная сума на такое будаўніцтва яшчэ не вядомая – няма праектнай дакументацыі. Але на паседжанні «парламенту» Абхазіі згадвалі чаканую суму інвестыцыяў: 15 млрд расейскіх рублёў, што на той момант складала каля 260 млн долараў – як адзначае БРЦ, гэта больш за гадавы бюджэт Абхазіі і ў 2,6 раза больш за кітайскі крэдыт на будаўніцтва заводу «Белджы».


Крыніца «BELPOL», знаёмая з сітуацыяй, кажа, што на будаўніцтва Лукашэнка загадаў «максімальна выкарыстоўваць дзяржаўныя рэсурсы», хоць Беларусь фармальна не ўдзельнічае ў праекце.


Беларуская «Тэрмалія», што ўвайшла ў склад заснавальнікаў абхазскай «Жемчужины», была заснаваная за два месяцы да візіту Лукашэнкі ў Абхазію, 22 ліпеня 2022 года. БРЦ звяртае ўвагу на назву: падобна на адсылку да тэрмальных крыніцаў. «BELPOL» адзначае, што ў фірмы ў графе «від дзейнасці» прапісаная «дзейнасць галаўных структураў» – так жа, як у «Вектар Капітал Груп» Шэймана, якая замяніла сабой падсанкцыйнае Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі ў замежных «справах Лукашэнкі».

Цырымонія адкрыцця малой архітэктурнай формы ў выглядзе бронзавага кошыка з бульбай (Фота: Tribunapracy.by)

Як у «Беларускіх латарэяў» прасілі фінансаваць бульбасховішча Лукашэнкі, самбістаў і Талая

навіны

Заснавальнікам і дырэктарам «Тэрмаліі» запісаны Аляксандр Раманоўскі – былы сілавік, які праходзіў службу ў вайсковай часцы 01549, то бок у службе бяспекі Лукашэнкі. «BELPOL» пазнаў гэтае імя: гэты ж Раманоўскі запісаны сузаснавальнікам блізкіх да Шэймана кампаніяў сеткі «Глобалкастам», якія пастаўлялі ў Расею падсанкцыйную прадукыю, але цяпер ліквідаваныя. Таксама Раманоўскі валодае катэджам у вёсцы Падліпкі пад Пухавічамі, паблізу катэджа Шэймана.


Чалавек з Абхазіі ў «Жемчужине», паводле «BELPOL», патрэбны, каб плаціць менш падаткаў: Абхазія бярэ падатак на прыбытак замежных арганізацыяў па стаўцы 20 %. Расследавальнікі атрымалі перапіску з абхазскімі ўладамі наконт падаткаў, якую вёў ад імя «Жемчужины» як сам Шэйман, так і ягоны намеснік Мікалай Селіванаў, супрацоўнік згаданай «Вектар Капітал Груп». Як лічыць «BELPOL», абхазская «Жемчужина» проста перадасць усе паўнамоцтвы беларускай «Тэрмаліі», а ўрэшце аддасць і аб’ект, калі той будзе дабудаваны, і толькі 10 % пакінуць цяперашняму дырэктару «Жемчужины».


У поле зроку Лукашэнкі і Шэймана, паводле «BELPOL», трапілі таксама сухумскі аэрапорт, куды ўжо выязджалі з Менску адпаведныя спецыялісты, і колішняе лецішча Сталіна ў пасёлку Мюсера – компекс з басейнам, саўнай і двума дамамі, які патрабуе рэстаўрацыі.

Адзін з будынкаў комплексу лецішча Сталіна ў Мюсеры, Грузія. Фота: Apsnygid.ru
Адзін з будынкаў комплексу лецішча Сталіна ў Мюсеры, Грузія. Фота: Apsnygid.ru
Belsat

Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»

навіны

За зямлю на беразе Чорнага мора, лічыць «BELPOL», лукашэнкаўцы паабяцалі кіраўнікам Абхазіі… ўзаемавыгадны гандаль. Для рэалізацыі гэтага ў студзені 2023 года ў Менску нават стварылі ТАА «Гандлёвы дом Абхазія», пра што Шэйман рапартаваў Лукашэнку ў дакуменце, што здабылі расследавальнікі. У тым «гандлёвым доме» 50 % належаць грамадзяніну Расеі Лашу Ардзінбу, пра якога нічога не знайшлося, але прозвішча якога супадае з прозвішчам «міністра замежных справаў Абхазіі»; 30 % Юліі Андрэевай – сястры сужыхаркі Шэймана; 20 % – былому старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Віктару Калядзе.


Беларусь прапаноўвала Абхазіі мясамалочную прадукцыю, кандытарскія вырабы, сельскагаспадарчую тэхніку і іншае, а з абхазскага цікавіцца віном, цытрусавымі, мінеральнымі водамі і іншым. Праўда, абхазскіх тавараў у Беларусі не знайшлі дагэтуль, бо беларуская мытня не прызнае Абхазію як дзяржаву, а тавары «непацверджанага паходжання» абкладваюць мытным тарыфам Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Шэйман у лістах, якія здабылі расследавальнікі, просіць ўнесці Абхазію ў адпаведныя рэестры.


На тое, каб распачаць будаўніцтва гатэлю, абхазскія «дэпутаты» далі інвестару тры гады – калі не пачаць, участак адбяруць. Але, як патлумачылі БРЦ у кампаніі «Абхазскія праекты», гэты праект можа лічыцца распачатым, калі весці хаця б намінальную дзейнасць: паставіць будаўнічую будку і кавырнуць што-небудзь экскаватарам. Аддаваць участак Лукашэнка не збіраецца: паводле дакументаў, якія здабыў «BELPOL», падатак на зямлю спраўна плацяць. А калі з гатэлем не атрымаецца, дык БРЦ нагадвае: можна зрабіць, як робіць «Dana Holdings» у Беларусі: атрымаць дарагі ўчастак пад неймаверны праект, а потым збудаваць там банальныя «панелькі».


Belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10