навіны

«Дзякуй, што не ядравы армагедон» ці «лепшых не было»? Што значыць сёлетняя Нобэлеўская прэмія міру

Выпрабаванні ядравай бомбы ў межах аперацыі «Teapot»
Выпрабаванні ядравай бомбы ў межах аперацыі «Teapot». Штат Нэвада, ЗША. 5 траўня 1955 года. Фота: Corbis / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2024 годзе нечакана ўганаравалі вядомую толькі ў вузкіх колах японскую арганізацыю «Nihon Hidankyo». Што гэта значыць, «Белсату» растлумачылі эксперты Аліна Харысава і Аляксандр Фрыдман.

Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру ў 2024 годзе – арганізацыя «Nihon Hidankyo». Гэта нізавы рух тых, хто ацалеў пасля атамнага бамбавання Хірасімы і Нагасакі ў 1945 годзе. Ім далі прэмію за «высілкі ў дасягненні свету, свабоднага ад ядравай зброі, і за дэманстрацыю паказаннямі сведкаў таго, што ядравая зброя ніколі не мусіць быць выкарыстаная зноў».

Работніца «Nihon Hidankyo» Масака Кудо размаўляе з медыямі ў Токіа пасля таго, як стала вядома, што арганізацыя атрымала Нобэлеўскую прэмію міру. Токіа, Японія. 11 кастрычніка 2024 года. Фота: Yomiuri Shimbun / AP Images / East News
Работніца «Nihon Hidankyo» Масака Кудо размаўляе з медыямі ў Токіа пасля таго, як стала вядома, што арганізацыя атрымала Нобэлеўскую прэмію міру. Токіа, Японія. 11 кастрычніка 2024 года. Фота: Yomiuri Shimbun / AP Images / East News

Сведчанні тых, хто ацалеў у Хірасіме і Нагасакі, дапамаглі стварыць «ядравае табу»: ужо амаль 80 гадоў ядравую зброю не ўжываюць ва ўзброеных канфліктах, мяркуе Нобэлеўскі камітэт. Але свет не вольны ад ядравай зброі: ею валодаюць 8 ці 9 краінаў (Ізраіль не пацвярджае і не зняпраўджвае, што мае такую зброю), як мінімум дзве краіны – ЗША і Расея – здольныя знішчыць амаль усё жыццё на Зямлі. Яшчэ Іран рэгулярна падазраюць у распрацоўванні ядравай зброі – і рэгулярна зняпраўджваюць такія падазрэнні.


Лепшых намінантаў не было?


Паліталагіня Аліна Харысава тлумачыць «Белсату», што такі выбар лаўрэата сведчыць пра дастаткова напружаны стане свету і страх ядравай пагрозы, пра якую кажуць з усіх бакоў. І кожная краіна, якая валодае ядраваю зброяй, мадэрнізуе яе.

,,

«Пасыл быў канкрэтны: спыніцеся і паглядзіце на ахвяраў, паглядзіце, што можа стацца з гэтым светам, калі мы працягнем гэтым займацца. Мы можам папросту знішчыць нашую цывілізацыю», – кажа Харысава.


Арганізацыя, працягвае суразмоўца, не была «падсвечанай» у прагнозах – не была ў спісах фаварытаў. Напрыклад, артыкул у англамоўнай «Вікіпедыі» пра гэтую арганізацыю цяпер налічвае сціплыя 3728 знакаў тэксту, а да 11 кастрычніка быў зусім маленькі: 574 знакі.


Патэнцыйных намінантаў сёлета было шмат. Ды можна было прысудзіць прэмію міру аднаму боку – і пакрыўдзіць другі. Харысава прыводзіць такія прыклады. 


Спрэчнаю была намінацыя Арганізацыі ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (UNRWA): хоць суразмоўца цалкам падтрымлівае гуманітарную дзейнасць арганізацыі, яна пагаджаецца, што прэмія ім магла б актывізаваць новыя сутыкненні між Ізраілем і Палестынаю, новыя спрэчкі на міжнародным узроўні. Ізраіль падазрае UNRWA ў дапамозе тэрарыстам «Хамасу»: напрыклад, пад штаб-кватэрай арганізацыі ў Газе знайшлі тунэль «Хамасу», а прынамсі 19 працаўнікаў UNRWA падазравалі ва ўдзеле ў нападзе тэрарыстаў на Ізраіль.

Лагер для ўнутрана перамешчаных асобаў у школе Арганізацыі ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (UNRWA) у Дэйр-эль-Бале, сектар Газа. 9 верасня 2024 года. Фота: Eyad Baba / AFP / East News
Лагер для ўнутрана перамешчаных асобаў у школе Арганізацыі ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (UNRWA) у Дэйр-эль-Бале, сектар Газа. 9 верасня 2024 года. Фота: Eyad Baba / AFP / East News

Сама Харысава хацела бачыць лаўрэатам арганізацыю афганскіх жанчын. Калі тэрарысты «Талібану» захапілі ўладу ў Афганістане, яны абяцалі не надта ціснуць на правы жанчын, ды абяцання не стрымалі і нават забавязалі жанчын даслоўна не падаваць голасу ў публічных месцах.


На прэмію міру намінавалі таксама загінулага (або забітага) ў калоніі расейскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага. Гэта магло б раззлаваць украінцаў, адзначае Харысава.

Жанчыны скандуюць лозунгі і трымаюць плакаты з выявай 22-гадовай Магсы Аміні падчас дэманстрацыі каля офісаў ААН у горадзе Эрбіль, Ірак. 24 верасня 2022 года. (Фота: Safin Hamed / AFP / East News)
Забытыя войны і пратэсты. Што з імі сталася, пакуль свет сачыў за іншым навіны

Былі намінаваныя і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Ды, як адзначае паліталагіня, актыўным палітыкам намагаюцца не даваць прэміяў міру. На гэтым не раз спатыкаліся: Гэнры Кісінджэр, Аўн Сан Суў Чы, Ясір Арафат ці Барак Абама застаюцца як мінімум спрэчнымі «міратворцамі», а Абій Ахмэд Алі наагул развязаў новую вайну пасля атрымання прэміі міру.


Справа «Nihon Hidankyo» высакародная


Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначае ў каментары «Белсату», што гэта «не такая ўжо і нетыповая» з’ява, што Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў не адзін з фаварытаў. Але тое, чым займаецца «Nihon Hidankyo», – высокародная справа, вартая адзнакі: яны збіраюць тое, што вядома пра атамнае бамбаванне Хірасімы і Нагасакі, перадае сведчанні тых, хто выжыў, то бок робіць шмат, каб прадухіліць ядравую вайну.

,,

«Сёння, калі небяспека ядравай вайны сапраўды прысутнічае, зрабіць гэты крок – гэта вельмі сімвалічна і нават моцна», – перакананы Фрыдман.


Комплекс «Іскандэр-М», які можа быць носьбітам ядравай зброі, у Беларусі. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
Пуцін не абароніць Лукашэнку ядравай зброяй – эксперт пра планы Крамля пашырыць ядравую дактрыну навіны

Ды такі лаўрэат, працягвае суразмоўца, гэта сапраўды сенсацыя. Бальшыня назіральнікаў сыходзілася на тым, што ўзнагародзяць кагосьці звязанага з палестынскім пытаннем: называлі Іспанію ды іншыя краіны, якія нядаўна прызналі Палестыну незалежнаю дзяржаваю, называлі UNRWA, называлі генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыша… Але Гутэрыш, паводле Фрыдмана, вельмі спрэчная фігура, не кажучы ўжо пра UNRWA, дый прызнанне Палестыны незалежнаю было для адпаведных дзяржаваў у пэўным сэнсе папулісцкім крокам. 


Што да Усходняй Еўропы, то Фрыдман тлумачыць: Навальны памёр, а Нобэлеўскія прэміі міру памерлым не прынята даваць, Зяленскі яшчэ не дамогся міру ва Украіне, а з Ціханоўскай пытанне ў тым, што зусім нядаўна беларус Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, а даваць яшчэ адну ўзнагароду прадстаўніку Беларусі, можа, палічылі залішнім.

Ды беларусы, расейцы і ўкраінцы могуць паспрачацца з тым, што «Nihon Hidankyo» дасягнула сваіх мэтаў: Уладзімір Пуцін пастаянна пагражае свету ядравай вайной, а Аляксандр Лукашэнка пастаянна хваліцца пуцінскай ядравай зброяй. 


Фрыдман тлумачыць, што пытанне не столькі ў эфектыўнасці, колькі ў высокароднасці справы «Nihon Hidankyo», хай арганізацыя не надта вядомая нават на радзіме.

,,

«У час, калі небяспека ядравай вайны ўсё больш рэальная, звярнуць увагу на гэтую праблематыку, ушанаваць тых людзей, якія займаюцца гэтай праблематыкай, – гэта ў прынцыпе добрае рашэнне. Я б нават сказаў, мудрае рашэнне», – перакананы Фрыдман.


Ды гэтае рашэнне, дадае эксперт, паказвае, наколькі абмежаваныя магчымасці Нобэлеўскага камітэту: жаданне «абвастраць» адсутнічае, пра канфлікт вакол Палестыны сёлета Нобэлеўскі камітэт не выказаўся.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10