Лукашэнка лятаў да Пуціна па «ярлык» на кіраванне і чарговыя інструкцыі, а ў Беларусі тым часам распачаў перадвыбарчы час па гарадах і вёсках. Які імідж будуе сабе Лукашэнка перад чарговым самапрызначэннем на пасаду кіраўніка краіны? Ці сам збіраецца кіраваць? І наколькі Захад верыць у магчымасць перамоваў з Менскам? Пра гэта і не толькі – у чарговым выданні праграмы «ПраСвет». У студыі – Зміцер Міцкевіч.
Лукашэнка прыляцеў да Пуціна без падарунку, але атрымаў ордэн
Трохдзённы ваяж Лукашэнкі ў Маскву скончаны. З сабою дадому ён вязе важкі ордэн – найвышэйшую расейскую дзяржаўную ўзнагароду – і нібыта нейкія сакрэтныя дамоўленасці. З Пуціным у Лукашэнкі былі дзве кулуарныя размовы – перад і пасля саміту СНД. Пра што вялі гутарку два састарэлыя дыктатары і які вынік з гэтага для афіцыйнага Менску – у сюжэце Надзеі Бельскай.
Што рабіць беларусам падчас выбарчай кампаніі і галасавання. Размова з Анатолем Лябедзькам
Аляксандр Лукашэнка распачаў сваю агітацыйную кампанію перад псеўдавыбарамі. Што праўда, наўпрост заяваў пра чарговае самапрызначэнне пакуль не робіць, але паміж радкоў ягоных выступаў падчас туру па Палессі гэта чыталася. Лукашэнка пачаў чос даволі сімвалічна – з малой радзімы прэзідэнткі-электа Святланы Ціханоўскай – з мястэчка Мікашэвічы. Менавіта там на фестывалі «Дажынкі-2024», яму дзякавалі за сёлетні ўраджай, як якому паганскаму балвану.
Лукашэнка гатовы да перамоваў з Захадам? Інтэрв’ю з еўрадэпутатам
Што трэба рабіць, каб Лукашэнка вызваліў палітычных вязняў і спыніў рэпрэсіі ў краіне? Ці верыць Захад у байкі прапаганды рэжыму ў Менску пра гатовасць да дыялогу? Наколькі шклоўскі дыктатар успрымаецца незалежным ад Крамля? І ці ёсць у Еўразвязу план на выпадак прымянення тактычнай ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі? На гэтыя пытанні нашаму спецыяльнаму карэспандэнту ў Бруселі Алесю Сілічу адказаў дэпутат Еўрапейскага парламенту Міхал Кабоска.
Расейцы хочуць перамогі Украіны
Як перамагчы Украіне, ці можа распасціся Расійская Федэрацыя і якія мэсіджы Пуцін спрабуе прасунуць на Захад? Расейская апазіцыя з калегамі з іншых краінаў абмеркавала будучыню нашага рэгіёну. У сталіцы Літвы адбыўся чарговы Форум свабоднай Расеі, які як зазвычай адкрыў палітык Гары Каспараў. Якой аказалася рэзалюцыя Форуму і што яго госці прадказваюць Беларусі – у сюжэце Ірэны Кацяловіч.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» глядзіце шточацвер а 20:45 у жывым эфіры «Белсату», на YouTube-канале «Belsat News», а таксама ў нашым Facebook.