Нарвежскі Нобэлеўскі камітэт у Осла 11 кастрычніца абвясціў лаўрэата прэміі міру за 2024 год: узнагароду атрымала японская арганізацыя «Nihon Hidankyo», што змагаецца супраць ядравай зброі.
«Nihon Hidankyo» заснавалі асобы, якія перажылі ядравыя ўдары па Хірасіме і Нагасакі ў 1945 годзе. Арганізацыя выступае за забарону ядравай зброі па ўсім свеце.
Як зазначаецца ў прэс-рэлізе Нобэлеўскага камітэту, «Nihon Hidankyo» атрымлівае прэмію міру «за намаганні ў стварэнні свету без ядравай зброі і за дэманстрацыю праз паказанні сведкаў таго, што ядравая зброя ніколі не павінна выкарыстоўвацца зноў».
Паводле камітэту, арганізацыя зрабіла вялізарны ўнёсак «ва ўстанаўленне ядравага табу», якое цяпер пад пагрозаю.
«Ядравыя дзяржавы мадэрнізуюць і абнаўляюць свае арсеналы; новыя краіны, імаверна, рыхтуюцца атрымаць ядравую зброю; гучаць пагрозы выкарыстаць ядраваю зброю ў вайне, што трывае. У гэты момант гісторыі чалавецтва варта нагадаць сабе, што такое ядравая зброя: самая разбуральная зброя, якую калі-кольвек бачыў свет», – адзначаюць у заяве.
Агулам спіс прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію міру сёлета месціў 286 пазіцыяў, з іх 197 фізічных асобаў і 89 арганізацыяў.
Паводле букмекераў, лідарам сярод іх быў расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, які сёлета памёр у расейскай вязніцы. Таксама сярод фаварытаў — Ільхам Тахці, уйгурскі актывіст, асуджаны да пажыццёвага зняволення ў Кітаі.
Нагадаем, што ў 2022 годзе Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў беларускі праваабаронца і палітычны вязень Алесь Бяляцкі.
Глеб Нержын belsat.eu