Еўракамісія вырашыла адкласці ўвядзенне новай сістэмы ўезду/выезду (EES) - аўтаматызаванага рэестра для падарожнікаў. Ён павінен пачаць працаваць з 10 лістапада.
Паводле Euronews, пра рашэнне адкласці ўвядзенне EES заявіла камісарка па ўнутраных справах Ілва Юхансан пасля заканчэння сустрэчы міністраў унутраных справаў краінаў ЕЗ.
«Ясна, што гэта не пачне працаваць 10 лістапада», - сказала Юхансан журналістам, адзначыўшы, што тры краіны-чальца ЕЗ прызналіся, што яшчэ не гатовы.
Раней дыпламаты ў Брусэлі казалі, што гаворка ідзе пра Нямеччыну, Францыю і Нідэрланды.
«У нас таксама ёсць некаторыя асцярогі наконт устойлівасці сістэмы», - дадала еўракамісарка, прапанаваўшы паэтапны падыход, які дасць магчымасць укараняць EES «крок за крокам».
Галоўная мэта новай сістэмы - мадэрнізаваць праверкі на вонкавых межах ЕЗ і замяніць ручное прастаўленне штампаў у пашпартах, якое займае шмат часу, не дае дакладных звестак аб перасячэнні мяжы і не дазваляе сістэматычна выяўляць перавышэнне тэрміну знаходжання.
Плануецца, што вандроўнікі з трэціх краінаў – уладальнікі візаў, а таксама тыя, што едуць па безвізу, будуць рэгістравацца ў аўтаматызаванай ІТ-сістэме кожны раз пры перасячэнні мяжы ЕЗ. У сістэму будуць уносіцца імя, від праязнога дакументу, біяметрычныя дадзеныя, дату і месца ўезду і выезду, адмовы ва ўездзе. Дадзеныя будуць захоўвацца ў сістэме на працягу трох гадоў.
Чакаецца, што EES паспрыяе перадухіленню незаконнай міграцыі, а таксама дапаможа выяўляць перавышэнне тэрмінаў знаходжання і падробку дакументаў, а таксама зробіць памежны кантроль больш хуткім і зручным для вандроўнікаў.
Глеб Нержын belsat.eu